epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адзіноцтва

Адзіноцтва — не востраў бязлюдны,

У нейкай бамбукавай будцы,

Дзе нікога — гады, дзе да скону не будзе

Душы чалавечай ніводнай.

Адзіноцтва — ў натоўпе, хоць у ім

Ні дыхнуць, ні крануцца,

Адзіноцтва — дзе локаць да локця,

А локаць суседні халодны.

 

Калі вочы у вочы,

А ад поглядаў толькі вачніцы,

А ад вуснаў — не словы, не ўсмешкі,

А колкасць калючага дроту.

Вось чаму будзе востраў бязлюдны,

А не шчыльнасць натоўпная сніцца.

І маё адзіноцтва абрала б

Той востраў бязлюдны ў ахвоту.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.