epub

Сяргей Давідовіч

Ай ды я!

— Схадзі ты у краму, купі хоць чаго там,—

Я жонцы кажу,— З ложку злазь.

Бо я — то каса, то сякера — пад потам,

То пыл заядае, то гразь.

 

Ты ж дома без працы сядзіш, як царыца,

Няўжо нагадаць «тваю маць?»

Пара ўжо пра мужа і паклапаціцца,

Купі мне (па горле я пстрыкнуў) вадзіцы,

Каб горла мог прапаласкаць.

 

Яна — без замінкі, за грошы й за дзверы,

Пайшла палавіна мая.

Што ж, жонка мае зразумела намеры,

Я — закусь на стол, ай ды я!

 

Калі ж мая жонка вярнулася з крамы

Й дастала пакупкі свае,

Застыў я прад ёй, як баран каля брамы,

Не зводжу свой погляд з яе.

 

Яна мне: — Як ты і прасіў, я купіла,

(Мой клопат цяпер ацані)

Каб змыў ты і гразь, і пот з пылам — вось мыла,

І гэта купіла — вазьмі.

 

Схапіў я мензурку: — А гэта што? — Лекі!

Купіла для горла вады.

Я з крамы ішла і забегла ў аптэку,

Каб рот паласкаў, каб да скону ты веку

Не ведаў ад горла бяды.

 

Успомніў я «маць» маёй жонкі-царыцы —

Эх, цяжка жывецца мужам!

На чорта мне, дурню, дало ажаніцца,

Хадзіў бы у краму лепш сам.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.