epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ай ды мы!

А стагоддзі пройдуць хутка,

Год трохтысячны міне.

І не застанецца й чутка

Ні пра вас, ні пра мяне.

 

Ну і хрэн на гэта сала!

Быць альбо не быць бядзе —

Дзе ўжо наша не прапала

Й пасля нас не прападзе.

 

Дык не надзімайце шчокі,

Гэй, хто ёсць, гайда да нас,

Вып’ем не за той далёкі,

А за наш, нягоршы час.

 

Век у памяці кароткі,

Але мы кульнём келіх,

Памянём аджыўшых продкаў

І уславім працу іх.

 

Й намі зроблена не мала,

Й мы не марнавалі час.

Дзе ўжо наша не прапала!

Так! Наступны тост за нас!

 

П’ём да дна, вагацца годзе,

Ці ж баяцца нам зімы!

Тупнем так, каб праз стагоддзі

Напісалі: — Ай ды мы!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.