epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Акіян

Акіян то ўздымаецца ўвесь на дыбы,

То атуліцца безабароннай самотай.

То над ім сінь нябёсаў, то хмараў клубы —

Акіян мне здаецца жывою істотай.

 

Ну й бываюць шалёныя ночы і дні,

Налятаюць грымотныя шквалы-навалы.

Ах, як хвалям балюча з разгону грудзьмі

Біцца, біцца і біцца аб вострыя скалы.

 

Акіяну належыць магутнасці трон,

Але ўсё-такі блякнуць яго ўсе экстрымы —

Як бы не распінаўся пагрозліва ён,

Не заглушыць ніколі ён боль Хірасімы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.