epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Акрыленасць

О крылы надзеі, душэўнага ўзлёту!

Як лёгка мне з вамі заўжды

Тварыць, працаваць —

аж да сёмага поту,

Адкінуўшы гмахі-гады.

 

Вы здольныя ўзняць

да вышынь у імгненне

Задумкі, пачуцці мае,

Як быццам бы маці-Зямлі прыцягненне

Увогуле не існуе.

 

І сэрца пульсуе —

то ў шчасці,

то ў пекле,

То ў промнях,

то ў прыцемку лёс.

О крылы душы!

Толькі б вас не абсеклі,

Не зрынулі ў бездань з нябёс!

 

*

Вядома здаўна...

Ды, магчыма, нямногім:

Хоць маем з народзін мы ўсе

І сэрца,

І розум,

І рукі,

І ногі,

І хоць нас трымаюць зямныя дарогі —

Акрыленасць ў неба нясе.

 

Як птушак натхняе

празрыстае ранне,

У час, калі сонца ўстае,

Нас крыліць

маленства,

юнацтва,

каханне

І Вера — бо як без яе!

А потым сталеем...

прыкладваем сілы,

Каб здзейсніць няздзейсненасць мар.

Ды штосьці слабеюць,

стамляюцца крылы

Пад ціскам няветлівых хмар.

 

І час, як маланка...

І дні, як імгненні...

І сцяты напружаны рот.

То ўзлёт,

то падзенне,

то ўзлёт,

то падзенне,

То... не атрымаўся узлёт.

 

І сэрца падранкам

скрываўленым б’ецца —

І дзе паратунак знайсці?

Згубіўшаму крылы адно застаецца —

Ісці.

Не зламацца.

Ісці.

 

*

Між зла і дабра —

нібы між бегарамі,

Плынь кожнага лёсу цячэ.

Адныя — не чуюць зямлі пад нагамі,

Другія — наўзлётку яшчэ.

 

Камусьці акрыліцца не дапаможа

Ні ўзрост, ні каханне, ні Бог...

Народжаны поўзаць —

не поўзаць не можа,

Быльнёг —

ён і ў жыце быльнёг.

 

Ану іх, паўзучых!

Узлёт ім нямілы,

Бязкрылым не трэба разбег.

Ды толькі аб іх і абламваюць крылы

Узнёсласць і талент спрадвек.

 

Ратуй нас, Духоўнасць!

Будзь музай паэтам,

Натхненне нясі мастакам!

Узнось сваіх творцаў

над часам,

над светам,

Як спадчыну новым вякам!

 

Мацуй нас, надломленых,

Вера святая!

Не дай абяскрыліцца нам.

У сэрцы-падранкі няхай завітае

Святога Пісання бальзам.

 

Наперадзе свету —

«Спярва было Слова!»

А Слова святое —

сам Бог!

А Слова —

душа,

і славеснасць,

і мова,—

«Свяцільнік для шляху, для ног»1.

 

*

Мінула маленства...

Юнацтва мінула...

Каханне...

каханне было.

Душа непаўторнасць палёту адчула,

А ў сэрцы не гасла святло.

 

Нас крыліць

маленства,

юнацтва,

каханне —

Згаджаюся з гэтым і не,

Бо й сёння,—

ля самай мяжы развітання,

Мой век акрыляе мяне.

 

Зямля, што дала мне жыццё —

акрыляе,

І шчырасць маіх землякоў.

І памяць, што ў сэрцы насіць дазваляе

Нязгаслыя лікі бацькоў.

 

Душу уздымае шчаслівай хвілінай

Натхненне —

паветра для крыл,

І повязь з маёй Беларуссю адзінай,

Якой я свой лёс прысвяціў.

 

+++1 Псалом 118:105

 

Ёсць чорныя плямы

будзёння-штодзёння,

Ці варта пра іх гаварыць?

Я Богу удзячны

за кожнае «сёння»,

За дух, за магчымасць тварыць.

 

Удзячны жыццю за духоўныя сілы,

Што след пакідаюць за мной.

Душа маладая!

А значыцца крылы

Прыемна адчуць за спіной!

 

*

Акрыліцца кожнае

сэрца гатова —

Патрэбен духоўны штуршок.

Акрыліць усмешка,

сяброўскае слова,

Сінь вод,

белапеннасць аблок.

 

Галоўнае —

кожную з’яву заўважыць:

Буслоў,

матылькоў,

сенажаць,

Усход —

не пакрыўдзіць,

Вясну —

не зняважыць,

Зямліцы —

пашану аддаць.

І добры душэўны настрой —

тыя ж крылы —

Ляці, чалавек —

вольны птах!

Высокія мары,

духоўныя сілы,

Любоў да жыцця —

кожны ўзмах.

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.