epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Алегорыі

Каханыя сварацца позна ці рана,

Ды іх асвятляе кахання маяк.

І мы пасварыліся з ёй нечакана,

А вось памірыцца не можам ніяк.

 

Гармонія сэрцаў не мае цаны.

Я ёй прапаную разоў можа пяць:

— Давай закапáем сякеру вайны!

Ды словы адскокваюць, як ад сцяны.

Яна мне: — А чым будзеш дровы шчапаць?

 

Тады прапаную другое ёй шчыра,

Абняўшы яе, з цеплынёй гавару:

— А можа закурым з табой люльку міру?

Яна мне: — Ты ж ведаеш, я не куру.

 

Я ўзяўся за сэрца: — Каханнем я хворы!

— Кладзіся ў бальніцу.— Мне раіць яна...

Як лёгка жылося б нам без алегорый,

Яны паміж мною і ёй, як сцяна.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.