epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Алкалогіка

Што гэта, за жыцця прыярытэт?

Што трэба для таго, каб жыць у шчасці?

Мне доўга і па-свойму раскрываў жыцця сакрэт

Адзін аматар за каўнер закласці.

 

«Наш свет ажно кішыць ад дзівакоў,

I ўсе даюць сваім дзівацтвам волю —

Вунь, бабы аж шалеюць без тартоў... і мужыкоў,

А я дык не магу без алкаголю.

 

Ці ўзяць, напрыклад, спевака таго ж,

Ён згодзен сам у мікрафон залезці,

Каб даць канцэрт — у Афрыку загоніць пешшу вош,

А мне б кульнуць — я згодзен і не есці.

 

А вунь вучоны — што з ім гаварыць?

Ён будзе век над мікраскопам кіснуць,

Каб свет здзівіць пустым — хоць інфузорыю адкрыць,

Яму — сваё. А мне — хутчэй хлабыснуць.

 

Сказаць па-праўдзе, піць пачаў даўно,

І стаж мой надалей мяне натхняе.

Хто любіць вернісажы, хто тэатры, хто кіно,

А мне ўсё гэта пляшка замяняе.

 

А ўзяць цябе — і ён пачухаў плеш,

Парнуў мне ў грудзі, высмаркаўся зычна

Малюеш, штосьці пішаш і не п’еш. Ці ж ты жывеш?

А я вось п’ю. Нябожчык — не. Лагічна?»


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.