epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Амаль рэквіем

О бедныя вы,

будучыні дзеці!

Вас зрабаваў

Тэхнічна-жорсткі час...

Але ж былі яшчэ

на гэтым свеце

Жывыя казкі,

зніклыя да вас.

 

Жывыя казкі —

матылькі-вясёлкі

Былі, як краскі

у блакіце дзён.

Ўзляталі з пальцаў

Божыя кароўкі,

Хрушчоў паважных

чуўся барытон.

 

Стракозы

У паветры рух спынялі,

Затым знікалі

ў адзін міг з вачэй

А летам, як загадкава спявалі

Цыкады ў цемры

сцішаных начэй.

 

Яны падпарадкоўваліся музе,

Што ім дала Прырода

Альбо Бог.

А як з запалам

конікі на лузе,

Бы акрабаты,

Пстрыкалі з-пад ног.

 

А колькі птушак...

Спеваў іх не чутна,

Усіх перамалоў

бяздушны век.

І сонца пазірае

вокам мутным,

Як ён усё знішчае,

Чалавек.

 

Вы, ўросшыя ў экраны інтэрнэта,

Ужо не дзеці,

а рабы яго.

Знямелай пусткай

робіцца планета —

Яно і чалавецтва —

хто каго?

 

Пустым

Й не свята месца не бывае,

Нясвятасць

Дапінае ў кожны кут.

Прырода гіне,

ўсё з яе знікае,

А жорсткасць і бяздушша —

Тут як тут.

2017 г.


2017

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.