epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Аналогія

Лясы прыціхлі і палі,

Нібыта перад навальніцай.

А-а, вунь і хмары напаўзлі,

Пускаюць джалы-бліскавіцы.

 

Знянацку вецер схалануў

Траву, кусты, загойдаў голле,

І дождж наўскоса паласнуў

Па пацямнелым наваколлі.

 

І загуло, і зараўло,

І безгалоўе застагнала,

І хмары чорнае крыло

Глынула сонца, жах нагнала.

 

Калі ж прайшла вады сцяна

І зацвілі вясёлкі-стужкі,

Закрасавалася вясна,

Зашчабяталі звонка птушкі.

 

Зіхцела сонца на расе,

Было і весела, і шумна,

Раскрылі вочкі краскі ўсе,

А я стаяў і думаў сумна:

 

Над светам іншы гром чуваць,

Ствараем і маланкі-джалы,

І страшныя лёсапавалы,

Каб, перажыўшы ўсё — спяваць.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.