epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ангельскі прэзент

Гаўрыла Басяк быў яшчэ не стары мужчына, але штосьці сталася з памяццю — пачала даваць збоі. Жонка папросіць зрабіць адно, а ён робіць іншае ці зусім нічога не робіць. Што ўжо казаць пра кілішкавую блытаніну? Выпіць — вып’е, а дзе, колькі і з кім — не памятае...

Таму цяпер, едучы з вёскі ў Мінск, Гаўрыла, як пацеры, мармытаў сабе пад нос: «Боты... боты... боты...» Ён ехаў у сталіцу, каб зрабіць сабе абноўку — купіць гумавыя боты, бо тыя, што на нагах, зусім дашматаліся аб каменне ды карэнне вясковага дабрабыту. Навучаны горкім вопытам і жончынай звягай, Гаўрыла не выпускаў з зубоў патрэбнае яму слова: «боты... боты... боты...»

Той горкі вопыт ён набыў летась, калі таксама прыязджаў у Мінск купіць ватоўку, але, убачыўшы ў краме «Крышталь» поўны асартымент рознакаліберна-шматкаляровых пляшак, забыўся пра ватоўку і... як вярнуўся з пустымі рукамі дамоў — не памятае.

Цяпер, навучаны і аблаяны, ён цвёрда вырашыў на непатрэбныя крамы і іншыя гарадскія спакусы не глядзець. А для замацавання сваёй рашучасці паўтараў толькі адно, ужо добра і нам вядомае, слова.

Але ў Мінску ён сутыкнуўся з непрадбачанай складанасцю: час змяніўся, людзі пачалі жыць больш заможна і, відаць, перасталі вырабляць «нееўрапейскі абутак». Іншага абутку — самых розных фасонаў і колераў — хоць заваліся, а вось вясковых «усюдыходаў» нідзе не было.

Ён туляўся ад крамы да крамы, дарываючы рэшткі старых ботаў, і аўтаматычна паўтараў: «боты... боты... боты...»

Раптам бачыць натоўп людзей ля нейкай шыкоўнай будыніны. Падышоў бліжэй і пачаў вычытваць уверсе назву... Чытаў, чытаў, ледзь язык не вывіхнуў, нарэшце прабэкаў: «Супермаркет “Харвюст”».

— Хух! — выдыхнуў Гаўрыла.— Добра, што не «Крышталь»!

Натоўп чакаў адкрыцця гэтага «Харвюста», нервова хваляваўся. Гаўрыла зірнуў на свае боты, з якіх павылазілі разам з анучамі чорныя пальцы, і таксама адчуў нервовыя дрыжыкі па ўсім целе. «А раптам у гэтым будынку ёсць тое, што я шукаю!» — апаліла душу думка.

Нарэшце дзверы адчыніліся, і натоўп рынуўся ўсярэдзіну супермаркета, пругкай хваляй падхапіўшы Гаўрылу. У яго ажно галава закруцілася і пацямнела ў вачах. Хваля чалавечых целаў сціскала з усіх бакоў, штурхала ў плечы, не давала дыхнуць. Хтосьці балюча наступіў вострым абцасам на голыя Гаўрылавы пальцы, якія рызыкнулі занадта далёка вытыркнуцца з таго, што некалі называлася ботамі.

«Каб хоць не паваліцца! — зноў апякла думка.— Затопчуць і змесяць у цеста!»

Толькі ён так падумаў, як нечыя дужыя рукі схапілі яго за ватоўку і тузанулі з гэтай звар’яцелай плыні. Яшчэ імгненне, і перапалоханы Басяк апынуўся сярод нейкіх маладых брытагаловых хлопцаў, аслеплены моцнымі ліхтарамі. Гаўрыла прыклаў даланю да вачэй, нічога не разумеючы, і пачуў:

— Віншуем вас, містэр! Вы аказалі нам гонар быць мільённым пакупніком сумеснага беларуска-англійскага супершопа!..

Ля Гаўрылы стаяў высокі мардаты мужчына ў цёмных акулярах.

— Я дырэктар «Харвюста», Вільсан,— на ломанай мове адрэкамендаваўся ён,— і ад імя англійскага бізнесу ўрачыста ўручу вам любы, нават самы дарагі прэзент, які толькі ёсць у нашым шопе! Выбірайце і называйце! — І дырэктар шырокім жэстам паказаў на ўсе залы.

Гаўрыла сціснуўся ў камяк, ён ад хвалявання амаль нічога не зразумеў. Зубы яго ляскацелі, і з рота адно вылятала абрыдлае яму самому слова: «боты... боты... боты...»

— Што ён кажа? Перакладзіце! — звярнуўся да некага мардаты.

А тут яшчэ да Гаўрылы падскочылі нейкія дзве паненкі і, перабіваючы адна адну, пачалі тыкаць мікрафонамі пад нос Гаўрылу. Адна штосьці лапатала па-замежнаму, упэўненая, што яе тут зразумее кожны, а другая больш выразна:

— Вы, містэр, у прамым эфіры! На вас цяпер глядзіць уся Еўропа, таму раскажыце пра сябе, чаму гэтак экзатычна апранутыя, ці часта наведваеце такія дарагія шопы і які бізнес маеце самі?

Чым больш чуў Гаўрыла, тым больш не разумеў нічога. Да яго, як праз туман, даляцелі словы:

— Назавіце спачатку сваё імя!..

Гэтыя словы Гаўрыла зразумеў і, выкінуўшы з рота слова «боты», адказаў:

— Басяк! Басяк я! І бацька мой быў Басяком, і дзед таксама...

— Што самае дарагое для сябе вы хацелі б атрымаць ад нашага супершопа, містэр Басяк? — зноў спытаўся мардаты дырэктар і дадаў: — Любое адзенне! Любая відэааўдыёапаратура, нават кампутар! Паўтараю: любы прэзент!

Гаўрыла яшчэ больш разгубіўся, не разумеючы, чаго ад яго дамагаюцца.

— Ды не трэба мне вашага брэзенту — мне б гумавыя боты...

Дырэктар зноў звярнуўся да сваіх памочнікаў:

— Перакладзіце, што ён хоча.

Гаўрыла заўважыў англійскую някемлівасць, падняў высока нагу і пакратаў у паветры пальцамі:

— Вось... Бачыце?.. Мне б гумавыя боты...

Дырэктар уважліва паглядзеў на чорныя Гаўрылавы пальцы і ветліва адказаў:

— У Англіі ўсё ест! Будуць вам боты, містэр Басяк! — махнуў некаму рукой і падаўся прэч.

Адразу ж патухлі пражэктары, усе пачалі збірацца, і хутка Гаўрыла застаўся адзін. Пастаяў, патаптаўся на адным месцы і абурыўся:

— Наабяцаць наабяцалі, а ні брызенту, ні ботаў! Абдурылі!

Гаўрыла рушыў да выхаду, але да яго падбегла дзяўчына і торкнула ў рукі вялікі каляровы карабец:

— Гэта вам!

Узрадаваны Гаўрыла ўзяў падарунак і, шчаслівы, накіраваўся да аўтобуснай станцыі, прыглядваючы закутак, дзе можна было б пераабуцца.

Вяртаўся дамоў ён у добрым настроі і ў новых ботах, не падазраючы, што вёска гудзе, як раззлаваны пчаліны рой.

Аднавяскоўцы, і ў іх ліку Басякова жонка, бачылі ў прамым тэлеэфіры Гаўрылавы прыгоды і абураліся:

— Папрасіў боты! Дурань! Яму даюць чаго толькі душа жадае, а ён — боты! Адным словам — Басяк!

Ды што аднавяскоўцы ў параўнанні з жонкай?! Тая, зірнуўшы на абноўку на мужавых нагах, яшчэ больш усхадзілася:

— Ці ж гэта гумавыя? Нейкія скамечаныя ды пухірыстыя — ніякага выгляду! Гумавыя ж блішчаць, зіхцяць, а гэта што? Можа, абноскі нечыя?

Але знайшоўся ў вёсцы знаток, які патлумачыў:

— Боты — з кракадзілавай скуры! Па ангельскіх стрытах ды авеню ім зносу не было б, а тут наш гной хутка дасць ім рады...

Пасля такой «экспертызы» Гаўрылава жонка зусім залютавала:

— Вяртайся назад! Знайдзі таго мардатага і аддай яму гэту кракадзілавую ласку! Выпрасі лепш замежнай тканіны мне на сукенку!

І Гаўрыла пайшоў, але не ў той знакаміты шоп, а за хату — пакурыць і перачакаць жончыну звягу, бо добра памятаў казку пра залатую рыбку...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.