epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Анёласць і адмоўнасць

Дарога пачынаецца з сцяжынкі,

З вытока кволага — рачная плынь.

А вось на дрэвах тонкія галінкі,

Ўсе ад ствала імкнуцца да вяршынь.

 

Усё ў прыродзе геніяльна-проста,

Удасканальваецца з веку ў век.

Усё без дырэктываў і без ГОСТаў,

Якімі абрастае чалавек.

 

А чалавек і сапраўды загадка.

Крок першы — ад парогу, ад дзвярэй.

Ён напачатку, як ручай-дзіцятка,

Затым жа —

плынь жыцця шырэй, шырэй.

 

А чалавек — нястрымана-практычны,

Дабро і бруд —

усё ў раку жыцця.

І вось ужо выток жыцця крынічны,

Як і рака, нягодны для піцця.

 

Усё удасканальваецца ў свеце,

Ды ў нечым памыляецца і час —

Ад веку ў век, сама анёласць — дзеці,

Чаму ж так шмат адмоўнага ў нас?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.