epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Антыхітрыкі

— Нам сваты патэлефанавалі,

Заўтра ў госці едуць — ў рот ім кол.

Жонка мужу мовіла ў запале,—

Трэба ж рыхтавацца, ладзіць стол.

 

— Ты, Мальвіна, зазірні ў панчоху,

Зладзім стол, ці ж гэта першы раз,

Пятага-дзясятага патроху,

У кублé не пуста, ёсць запас.

 

— Ну, Мікола, табе госці — й чэрці!

У Мальвіны, аж гарыць язык.

Іх не ўкорміш, любяць так пажэрці,

Ад запасаў застанецца пшык.

 

Раптам кажа: — Развяду бяду я

Адным пальцам, толькі ты маўчы.

І Мальвіна хітры план будуе,

Як уратаваць свае харчы.

 

— Трэба нам размову распавесці

За сталом пра ўсякую брыду,

Каб яны у нас не толькі есці,

Не хацелі й думаць пра яду.

 

І пакуль, раскрыўшы два хлябалы,

Будуць думаць, што тут да чаго,

Ты вяндліну, каўбасу і сала

Падграбай да берага свайго.

 

*

За сталом Мальвініна ідэя

Стаць павінна ў горле, нібы кол.

— Чула за шпалерамі мышэй я,

Пэўна, сёння лазілі й на стол.

 

А яшчэ — ў нас прусакоў не мала,

Іх калом не адагнаць ад хат.

Я і з сала сёння іх зганяла,

На вяндліне падушыла шмат.

 

— Гэта што! — у адказ сваты Мальвіне,—

Што мы, свацця чулі — гэта шок:

Ад такой вось, як у вас вяндліны,

Будзе цэльны заварот кішок.

 

Ад такой вось, як у вас, каўбаскі,

Варта з’есці кусьмячок такі,

Страўнік будзе раздзіраць на часткі.

Боль нясцерпны — каб яе ваўкі!

 

А калі яшчэ паесці сала

Ды з капустай, як у вас вось тут,

Ох і будзе з’еўшаму не мала —

Адкідон, хана, кранты, капут...

 

І пры тым гасцей не хвалявала

Сказанае імі — і яны

Елі каўбасу, вяндліну, сала,

Бульбу і капусту, і бліны.

 

А гаспадары, як з’елі мыла,

Не раскрылі на харчы раты,

Толькі б кішкі ім не закруціла,

Толькі б не кранулі іх кранты.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.