epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Апанент

Штосьці мяне

Змучаў ушчэнт

Мой суразмоўца,

Мой апанент.

Ён не лагодзіць,

Не патрафляе

Многія думкі

Перапраўляе.

Многія словы

Ганьбіць і бэсціць —

Штосьці дадасць,

А штосьці закрэсліць.

Слушных маіх

Меркаванняў абойму

Перамяркуе

Нанова, па-свойму.

Ён і уздыме,

Ён і прытоміць

Ён маё «я»

І мацуе, і ломіць.

Ломяць так крыгі

Запруды на рэчках —

Кажа, што ісціна

Родзіцца ў спрэчках.

 

*

 

Штосьці жыццё

Пацякло маё вяла?..

Бо апанента

Раптоўна не стала.

Што ні «змарожу» я,

Нават бяздумна —

Ўсё мне спрыяльна,

Ўсё мне разумна.

Нават калі

Распачну ахінею,

Прымаю яе,

Як суперідэю.

Пэўна, я страціў

Штосьці святое

Што са мной робіцца?

Штосьці не тое.

Трэба хутчэй мне

Брацца за розум

Трэба вярнуць апанента —

Мой розум.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.