epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Апошні баль

Ты памылілася,

Вясна,

Пастукаўшы ў маё

Акно

Даўно ўжо выпіта

Да дна

Юнацтва хмельнае

Віно.

 

Салодкі успамін

Жыве

Вясёлых маладых

Забаў,

Як адкружыў

У галаве

Напой настою

Летніх траў.

 

О колькі блытаных

Слядоў

У неразгаданым

Жыцці.

Сум горкі восеньскіх

Гадоў —

Гарчэй напою

Не знайсці.

 

І ўсё-ткі п’ю ўзахлёб

Яго —

Да д’ябла сціпласць

І мараль!

Тут фініш і жыцця

Майго,

Тут і жыцця

Апошні баль

 

Я п’ю ўзахлёб

Гаркоту год,

Мне не падняцца

На крыло.

І малаўцешны

Падсалод —

Маё надзейнае

«Было».

 

Я адыходжу

Ад акна,

Спыняе час адвечны

Бег.

О, восень,

Лета

І вясна,

Бывайце!

Бачу першы снег.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.