epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Апошні дзень

Як уявіць жыцця апошні дзень,

Бязлітасны, перадсмяротны цень?

Каб папярэдзіў Бог ціхутка нас,

Што б чалавек зрабіў у гэты час?

Адчуў, напэўна, кожны б сэрца мукі,

Адны б чакалі, апусціўшы рукі,

Свайго, такога хуткага канца,

А хтосьці — да святога да Айца

Пабег, каб замаліць свае грахі —

Авось у рай патрапяць патрахі!

А нехта паспяшыць усмерць напіцца —

Ад пекла пітуну не адкруціцца.

Прыкіне хтось: —

Памру, хоць круць, хоць верць,

Пятлю на шыю й апярэдзіць смерць.

У дзень такі —

ва ўсіх сцязя свая...

А што б, цікава, адчыбучыў я?

Нашто мне рай?

Напіўся б я найперш,

А потым напісаў апошні верш

Пра тое, як грашыў у маладосці —

А раптам прачытае яго хтосьці,

Ды і ухваліць: — Паміраў, не ныў,

І усміхнецца — Не дарэмна жыў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.