epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Апошнi дзень зiмы

Апошнi дзень зiмы,

А не здаецца люты —

У снег, у сумятню

Апрануты, абуты.

 

А заўтра — сакавiк,

Малодшы месяц-хлопча.

Ён белых чаравiк

Не зносiць i не стопча.

 

Зiмы — курам на смех,

А маразы трымае.

I зноў кладзецца снег,

Каб даляжаць да мая.

 

Апошнi дзень зiмы —

Няхай бы пацяплела...

Вясну чакаем мы —

Яна ж iдзе нясмела.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.