epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Апошні яблычак

Спаўна

Адлéцеў час зялёны,

Кастрычнік з намі развітаўся.

На голай яблыньцы —

Без кроны

Апошні яблычак застаўся.

 

Вятры адзенне з дрэў злупілі,

Нібы з ахвяр сваіх злачынцы.

А яблычак —

З апошняй сілы

Вісіць на тоненькай галінцы.

 

Разгойдвае яго прадзім’е,

Зямлі магніціць прыцягненне,

Здаецца,

Што сарвецца, грымне

Упарты яблык праз імгненне.

 

Дзьме безгаловіца разгульна,

Прэч праганяе восень спешна.

І лістападу ўжо няўтульна,

Дыханне адчувае снежня.

 

А яблычак?..

Як птах бяскрылы,

Ў паветры стылым мітусіцца.

Якою моцай напаіла

Яго карміцелька-зямліца?

 

Гібее ў прадзімовым спеве

Мой сад ў бязлітасці адвечнай.

Вось так вось

На сямейным дрэве —

Апошні я, недаўгавечны.

 

Майго жыцця прадзім’е стыне,

І думкі колюць, як ільдзінкі.

Імгненне,

Дзень

Ці год абрыне

Мяне з аслабленай галінкі?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.