epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Апошні каласок

Дзед сядзеў разважаў:

я амаль што дажаў сваё поле,

Поле лёсу свайго,

даўжынёй, шырынёй у жыццё,

На якім арытміяй падзей

прарасла мая доля,

Ўсё я бачыў на ім —

каласы і быльнёг, і асцё...

________

 

Хоць прыемна яму

бачыць поле прыбраным і зжатым,

Азірнуцца няпроста

без лёгкага суму туды,

Дзе на полі жыцця,

ён у сіле нястомнай —

Араты,

Сейбіт будучыні,

Сейбіт мэтаў і спраў —

Малады.

 

Азірнуцца няпроста...

І ўсё ж, без агляду былога,

Немагчыма было б

без памылак наперад ісці.

Недарэмна ж сцвярджаюць,

што мала спадзеву на Бога,

Калі сам не руплівы —

пусці-павалюся ў жыцці.

 

А ў далёкім былым —

ўсё было, край праблем непачаты,

І салодка,

І горка,

І весела,

Й сумна было.

Так спрадвеку вядзецца —

жыццё — не адны толькі святы,

І начам саступае, што ні раз,

нават сонца святло.

 

*

А ў вайну назаўсёды

ледзь не знікла святло пад няволяй,

І стагнала зямля

у жахлівыя тыя часы,

І счарнела ад гора

Радзімы і ўласнае поле,

І знішчаліся лёсы,

нібыта ў агні каласы.

 

Дзед, не толькі вайну,

а й сябе на вайне той успомніў,

Як на ворага — грудзі у грудзі хадзіў,

лік згубіўшы баям,

Як паранены быў,

і ў палоне ужо апрытомнеў,

Як пасля перамогі вярнуўся

у свой родны бедлам.

 

Тут для ўладаў ён стаў

і чужы, й нежаданы,

Стаў ён пасынкам між,

як і сам, гераічных сыноў,

Быў асуджаны ён і,

як здраднік Радзімы, сасланы,

Хаця поле Радзімы

прыняло і ягоную кроў.

 

А вярнуўшыся зноў,

жыў сумленна, ды з плямай ў анкеце,

Хтосьці верыў яму,

хтосьці хмыкаў услед спадцішка.

Ганарыцца працягвалі ім

толькі жонка і дзеці,

Мацавалі нязломленасць

Франтавіка.

 

*

Улягліся нарэшце ў той час

рэпрэсіўныя хвалі.

Дзед успомніў,

як горкая радасць душу апякла —

Апраўдалі яго,

Рэабілітавалі,

Хоць за ім не было

Ні злачынства,

Ні здрады,

Ні зла.

 

Атрымаў ад дзяржавы

Ў бочку дзёгцю

сваю лыжку мёду,

Справядліва,

Хаця са спазненнем, на жаль.

Адшукалі ў архівах затым

і яго ўзнагароды —

«Ордэн Славы» спачатку,

А з ім — «За адвагу» медаль...

 

Вось, здавалася б, цуд,

можна жыць

бесклапотна штодзённа,

Але радасць яго

заручоная з болем усё ж.

Хтось віншуе яго,

нехта зыркае ўслед падазрона,

Падазронасць, яна

раніць сэрца балюча, як нож.

 

Дзед упэўнены быў,

што з абранай дарогі не зверне —

І нястомна, і мужна,

ён вёў з непатрэбшчынай бой.

Ён на полі жыцця

сеяў вечнага, добрага зерне,

Ён жыццём даказаў,

што ён чысты прад Богам,

людзьмі і сабой.

 

*

Дзед усё разумеў,

што яго вельмі хутка не стане,

І таму ён хацеў

поле сжатае пасля сябе

Для нашчадкаў пакінуць

у найлепшым, дагледжаным стане,

Каб яно й праз гады

і другім несла плён пры сяўбе.

 

Давялося не мала

на ім карчаваць непатрэбы,

Кожнай справай сваёю

хацеў дасягнуць аднаго —

Каб для год ураджайных

душы жыватворная глеба

Жыццяўздыму спрыяла

і рухала ўперад яго.

 

Сэрца дзеда адчула

прыцішаны звон памінальны,

Ён наперад зрабіў

свой апошні няўпэўнены крок,

Ён па маці-зямлі

ледзь адолеў свой крок развітальны,

Быццам з поля жыцця

свой апошні падняў каласок.

2018


2018

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.