epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Апошні шанец дзеда Гвідона

Каляднай ночы чакалі — і дзяўчаты, і хлопцы, і малыя, і старыя. Адны трапятліва верылі ў шчаслівае прароцтва варажбы, іншых прываблівала перадсвяточная агульнавясковая акрыленасць, калі ўсіх захапляе чаканне чагосьці таямнічага і незвычайнага, трэцім карцела паштукавацца ды падурэць.

Напачатку дзяўчаты збіраліся асобна і гуртам ладзілі свае загадкі-адгадкі, як правіла, у нечай хаце. Былі і лірычныя адзіноткі, у асноўным замужнія жанчыны, якія ўпотай шукалі ў варажбе паляпшэння свайго лёсу. Хлапечая ж варажба вызначалася сваёй гаманлівасцю ды рухавасцю і адбывалася заўсёды на вуліцах-надворках, нават у вялікі мароз. Затым дзяўчаты і хлопцы аб’ядноўваліся і шумнай табалой пераштурхоўваліся ад хаты да хаты, жартуючы ды спяваючы.

Чамусьці з году ў год атрымлівалася так, што калядныя ночы былі ясныя, зорныя, марозныя. І гэты год не стаў выключэннем — ноч выдалася казачна-святочная, з пералівістасцю месячных іскрынак на снезе, з вясёлым пераміргваннем яснавокіх зорак на небе, з гучным рыпеннем снегу пад нагамі.

Гэтым разам дзяўчаты вырашылі варажыць у хаце бабы Аўдоцці. Хатка то была старэнькая-трухлявенькая, вось-вось рассыплецца, затое яе гаспадыня значылася самай знакамітай варажбіткай. Лічылася, што яе словы, яе пацеры-замовы, яе прадказанні ды прароцтвы напладзілі шмат шчаслівых шлюбаў. Вось чаму дзявочая піскаўня і штурханіна з вялікай цяжкасцю ўшчамілася-ўладкавалася ў Аўдоццінай хатцы.

Перш-наперш дзяўчаты селі ў кружок на падлозе і кожная паклала перад сабой спечаную загадзя дома аладку. Пах ад тых аладак быў такі, што можна было захлынуцца слінкамі. Калі ўсе ўладкаваліся на падлозе і ўсталявалася цішыня, баба Аўдоцця адчыніла дзверы і гукнула свайго сабаку:

— Жу-улік!

Жулік у гэтай варажбе выконваў адказную ролю — чыю першую аладку схопіць, тую дзяўчыну першай у вёсцы схопяць замуж. Вось чаму дзяўчаты напружана, не міргаючы і не дыхаючы, уперыліся вачыма ў адчыненыя дзверы.

Жулік, не падазраючы, што вырашае нечы лёс, заскочыў з марозу ў духмяную хату і, без разбору, не жуючы, праглынуў першай аладку Марылі.

— Даражэнькі! Залаценькі! — ледзь не цалавала Жуліка Марыля.

— Пацалуй яго ў адно месца! — зазлавала Зося, якая сядзела побач.

— У цябе ж,— нагадала Марылі другая сяброўка,— сабака летась таксама з’еў аладку першай. Ну і што? Схапілі цябе замуж? Хваробу!

Жулік тым часам спраўна хапаў з падлогі астатнія аладкі, не звяртаючы ўвагі на шыканне незадаволеных.

— У-у, псіна! Еш, задушыся!

— Ціха, дзяўчаткі! Супакойцеся! — кіравала далей баба Аўдоцця.— Наперадзе ўся ноч, пашанцуе і астатнім!

Гэта абяцанне супакоіла дзяўчат, і варажба працягвалася.

Баба Аўдоцця паставіла пасярод хаты вялікую місу з вадой, вакол якой селі варажбіткі. Кожная растоплівала воск і хуценька вылівала яго ў халодную ваду. Воск у вадзе адразу прымаў нечаканую форму, часцяком даволі экзатычную, і цвярдзеў. Кожнай такой форме баба Аўдоцця знаходзіла сваё «навуковае» тлумачэнне.

Вось дрыготкай рукою перакуліла ў ваду свой расплаўлены воск Акуліна, і на вадзе пачала пагойдвацца нейкая загагуліна. Старая ўзяла яе ў сваю зморшчаную руку і ўважліва разгледзела выцвілымі вачыма.

— Гэта, мая ты сакаліца, ясны сокал на тройцы гарачых коней скача да цябе! — тлумачыць баба Аўдоцця.

Хтосьці з дзяўчат падкусвае бабіна тлумачэнне:

— Лепш на «Мерседэсе» ехаў бы той сокал! Дзе сена набрацца на тры кані?

Баба Аўдоцця не звяртае ўвагі на едкую заўвагу і працягвае, узяўшы з вады наступную загагуліну застылага воску:

— А гэта мудрагелістасць, красачка-Парасачка, паказвае на вялікае багацце праз увесь твой лёс...

Зноў нейкая дасціпніца ўторквае язык:

— Ну, Параска, нарэшце ты скінеш спадніцу, якую носіш тры гады не здымаючы...

Параска пускае колкасць міма вушэй і напружана пытаецца ў старой:

— Адно толькі багацце? А што там яшчэ?

Аўдоцця крутнула застылы воск ля вачэй і лагодзіць цікаўніцы:

— Чаму ж адно багацце? Не адно! На самым што ні ёсць перадзе — ён!

— А хто ён?! Які ён?! — яшчэ больш запальваецца дзяўчына.

Сяброўкі рагочуць, перабіваюць адна адну:

— Калі ўжо багаты, значыцца, стары і пархаты!

Аўдоцця зноў круціць каля падслепаватых вачэй воск:

— Не скажу дакладна, колькі яму гадоў, бо вочы ўжо не тыя, але постаць мае ўпэўненую...

— Каб толькі не стары,— уздыхнула Параска.

Дзяўчаты зноў засакаталі:

— А хоць бы і стары, галоўнае, што багаты! Стары хутка памрэ, а багацце застанецца... Во-ой, якая пераборлівая! Ды ты і за казла выскачыла б, каб узяў!..

Баба Аўдоцця з дакорам паглядзела на пад’ялдычніц:

— Вось што я вам скажу, дачушкі! Трэба штосьці загадаць у душы і моцна гэтага захацець. Вось я, напрыклад, у маладосці...

Тут мы пакінем на нейкі час дзявочыя хваляванні-спадзяванні і зірнем, а што ж робяць дзецюкі пад зорным калядным небам, што яны сабе наваражылі!

Трэба адзначыць, што гэтыя шалянцы, у адрозненне ад хатніх варажбітак, паспелі крыху «пагрэцца» і цяпер былі нападпітку, за што не варта іх дакараць, бо мароз патрэскваў ля самага носа.

Пакуль дзяўчаты слухалі там Аўдоцціны байкі, хлопцы тут, выскаляючыся ды падкусваючы адзін аднаго, паспелі і платы паабдымаць на абедзве растапыраныя рукі, падлічваючы штыкеціны, і ахапкі пашчапаных дроў прынесці да хат сваіх абранніц, зноў жа падлічваючы потым паленцы ў спадзеве на шчаслівую цотнасць, і напісаць на снезе пад вокнамі тых самых хат нейкія, адным ім вядомыя, запаветныя слоўцы, з надзеяй пазіраючы на неба — каб хоць да раніцы не пайшоў снег і не зацерушыў тыя запаветныя напісы. Чаго толькі не пераваражылі, не пераштукавалі хлопцы, а з імі дзед Гвідон, муж бабы Аўдоцці, якога яна выперла з хаты, каб не замінаў дзявочай варажбе.

Аўдоццінага мужа па-сапраўднаму звалі Гаўрылам, але ён, мацюкаючыся, чамусьці хрысціў налева і направа князя Гвідона, за што вяскоўцы здавён перайменавалі яго на Гвідона і ўжо пачалі забывацца, што ён — Гаўрыла. Трэба сказаць, што і сама Аўдоцця прызвычаіла вуха да новага мужавага імя і называла яго толькі Гвідонам.

Дык вось мужчынская ватага падышла да самага галоўнага і цікавага ў варажбе — перакідвання абутку праз страху хаты. Гэта варажба вымагае нямала спрытнасці і сілы, бо перакінуць праз хату бот ці валёнак цёпла апранутаму даволі складана. Затое потым, перакінуўшы, усе гуртам бягуць на другі бок хаты і глядзяць, куды павернуты насок абутку. На чыю хату паказвае насок — там і твая абранніца жыве. Прытым разам з гуртам скача на адной назе і той, чый бот ці валёнак вырашае яго лёс. Самыя гарачыя ды нецярплівыя пруць з босай нагой наперадзе ўсіх, не звяртаючы ўвагі на мароз і снег. Ды і адставаць нельга, бо пакуль прыскачаш на адной назе, сябры могуць крутнуць насок абутку ў бок якой-небудзь страхалюдзіны ці ўвогуле старой бабы.

Сёння кідалі абутак праз страху Гвідонавай хаты. Хатка, як нам ужо вядома, была старэнькая і нізенькая, таму перакідвалася праз яе лёгка. Тлум і рогат нёсся вакол хаты за нечым ботам ці валёнкам. Весела было і, нягледзячы на мароз, горача.

Калі ўсе адкідаліся і высветлілі, хто дзе жыве і каго што чакае, дзед Гвідон сцягнуў з нагі свой валёнак:

— А хіба ж я горшы за астатніх? Апошні шанец! — і кідзель свой валёнак праз страху! Крутнуўся дзедаў абутак некалькі разоў у паветры і бахнуўся каля коміна — не хапіла ў дзеда моцы кінуць далей.

— Ну, дзед! — зарагаталі ўсе.— Не хадзіць табе да другой, бо валёнак роўненька лёг на тваёй жа страсе!

— Гэта яшчэ нічога не значыць! — запярэчыў дзед Гвідон.— Я не бачу адсюль, куды насок пазірае!

— Ды ў тваю хату ён і пазірае! — не сунімаліся хлопцы.— Проста на тваю Аўдоццю паказвае!

Але жарты жартамі, а дзед стаяў з босай нагой на траскучым марозе. У хату ісці забаронена, бо сапсуеш моладзі ўсю варажбу, але і тут таксама доўга не выстаяць.

— Цягніце драбіну, вунь яна! — закамандаваў дзед Гвідон.

Хуценька падцягнулі драбіну, і стары палез на страху, адагнаўшы хлопцаў, якія хацелі дапамагчы зняць ад коміна валёнак.

— Вам, басякам, няма даверу! — напусціўся на іх Гвідон.— Вы там, наверсе, крутняце насок майго валёнка ў бок няведама каго, а ён, можа, паказвае на маладуху! Я вас ведаю! — І дзед пачаў караскацца па снезе да коміна.

— Шукай, шукай сваю маладуху! — далятала да дзеда знізу.— Толькі не скаціся адтуль, бо і да старой не дапаўзеш!

Але дзед Гвідон рашуча поўз па страсе ўсё вышэй і вышэй. Нарэшце ён дапяў да свайго валёнка, схапіў яго здранцвелымі пальцамі і пераможна выпрастаўся на ўвесь рост:

— Ну, што я казаў, басякі! Куды, думаеце, глядзеў мой разумны валёнак? Га?

Раптам струхлелая гонта трэснула пад дзедавымі нагамі, і Гвідон «салдацікам» паляцеў уніз.

У гэты час баба Аўдоцця павучала маладых варажбітак:

— Трэба, дачушкі, штосьці загадаць у душы і моцна гэтага пажадаць. Вось я, напрыклад, у маладосці села гэтак перад міскай з вадой, растапіла воск і кульнула яго ў ваду, пры гэтым пажадала сабе прыгажуна несусветнага. І што вы думаеце? Мой Гвідон да мяне як з неба зваліўся...

Тут штосьці прабіла спарахнелую столь і плюхнулася ў місу з вадой, на якой пагойдваліся васковыя загагуліны. Вада пырснула на сцены, на кут з куццёй, у твар варажбіткам, якія ледзь не самлелі ад жаху. У місцы з вадой сядзеў дзед Гвідон з адным валёнкам на назе, а другі сціскаў у руцэ пасінелымі пальцамі.

Баба Аўдоцця, быццам нічога не здарылася, спакойна працягвала:

— Дык вось, мае даражэнькія, варта толькі чаго моцна захацець, і яно як з неба зваліцца...

Дзед Гвідон шпурнуў у сцяну валёнак:

— Падмануў, гад залатаны! Наском паказваў у іншы бок, а мяне шуганула сюды, да старой. Праваліўся мой апошні шанец!

А праз дзірку ў страсе ў хату зазіралі і весела падміргвалі яснавокія калядныя зоркі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.