epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Апошні шанс

Я хутка, хутка вас пакіну,

Бяздомнікі, мой лёс, мой боль.

І я ад гэтай думкі стыну,

Яна мне, як на рану соль.

 

Я вас уратаваў не мала,

Туліў, карміў, рабіў, што мог,

Усім дзяліўся, бачыць Бог,

І ўсё-такі вас менш не стала.

 

Душа з душой — ці ж не багацце?

Быў кут багаты вамі мой.

Бывала, не ступіць у хаце

Ад вас, у маразы, зімой.

 

Вы шчырасцю — вышэйшай пробы,

Вы ўсе, але ў жыцці-віры,

Усё здаралася — хваробы

І лекі, і ветдактары.

 

Ў неўладкаванай кругаверці,

Ў якой і дзень жыцця — аванс,

Нярэдка, між жыццём і смерцю,

Для вас я быў апошні шанс.

 

Бяздомнікі — як дзірка ў мосце,

Праблема ваша — нічыя.

Дай Бог, каб вам спаткаўся хтосьці

Пасля мяне, такі, як я.

 

Я побач з вамі быў шчаслівы

І вось мінае гэты час.

І як жа без мяне жахліва

Ўявіць на гэтым свеце вас.

 

Страшней, чым ёсць, вас абяздоліць

Магчыма толькі ў страшным сне...

Наколькі памяць вам дазволіць,

Вы будзеце чакаць мяне.

 

Чакаць, шукаючы закýты,

Чакаць — чаму мяне няма?

Вас будзе грызці голад люты,

Дажджы ліць, свірапець зіма.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.