epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Апошняя старонка

Сцвярджаюць, быццам рвецца там,

Дзе тонка,

Сушыць пустым не варта галаву.

Перада мной апошняя старонка,

Яе я дапішу,

А не парву.

 

І на апошняй, тоненькай паперцы,

У словах ёсць мінор

І ёсць мажор.

Да іх адкрыта прыхінаю сэрца,

Апошні раз

У мой апошні твор.

 

А быў жа колісь

Верш мой самы першы,

Яго ў сабе пранёс я праз гады,

Не здрадзіў я яму —

За ўсе ён вершы

Бліжэй мне — блазнюкова малады.

 

Я шчыра так пісаць ужо не здольны,

Ў палоне матэр’яльных перамен.

Ці ж можам параўнаць мы

Вецер вольны

З паветрам спёртым між кватэрных сцен.

 

Стаяў я колісь

Прад вялікім светам

З адкрытаю душой, амаль дзіця.

Між першым тым

Й апошнім вершам гэтым —

І проза, і паэзія жыцця.

 

Развагі,

Пошук,

Ісціна святая,

Прад чым я спасаваў,

Што перамог,

Усё, што меў,

Што за душою маю —

Уклаў у творы шчыра, бачыць Бог.

 

Не ведаю, ці шмат ад іх карысці,

Шматлікіх твораў, што пакіну я...

Усё, на жаль, канчаецца калісьці,

Як і старонка гэтая мая.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.