epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Апошняе слова

Слова — гэта й нападак, яно й абарона,

Ў слове бруд і крынічнік жывы.

У паэтаў гучыць гэта слова натхнёна,

Ёсць апошняе слова, паводле закона —

На яго маю ўсе я правы.

 

Час жыцця выплывае, нібыта з туману,

З даўніны й не зусім даўніны.

Не, апраўдвацца я перад часам не стану

І тым больш з-за заслоны маны.

 

Пачакайце выносіць прысуд мне паспешна,

Я і сам шмат адкрыю чаго.

Неаднолькавы я, я, на жаль, не бязгрэшны,

Ёсць і цені ад лёсу майго.

 

Але й сонечнасць ёсць і яе значна болей,

Праўда, тае яна пакрысе,

Бо і дробязных крыўд не забудуць ніколі,

Справы ж добрыя помняць не ўсе.

 

Я пішу, як даў Бог, і наколькі, я здольны,

Для душы неспакойнай, для вас.

Я ў паэзіі вольны і я паднявольны —

Узаемная повязь між нас.

 

Па жыцці я пранёс светлых мараў пачуцці,

Клічу ў сведкі сваю маладосць.

Не засведчыць ніхто, што я здрадзіў камусьці,

А «засведчыць» — ён здраднік і ёсць.

 

Час жыцця, ён у кожным узросце бясцэнны,

Быццам крылаў нябачных узмах.

Час мой першы, складаны мой, пасляваенны,

Ён і сёння ўва мне будзіць жах.

 

Мы ў зямлянцы жылі, дзе ні сонца, ні неба,

Ўсё спаліла вайна — ледзь не нас.

Я, галодны, не ўкраў ні скарыначкі хлеба

Ні ў каго, у той жудасны час.

 

Сёння хлеб ёсць — і шчодра адрэзана луста,

Ёсць патрэбнасць — прашу да стала.

Ўсё мазолем нажыў — «ўсё», не дужа і густа,

Але Богу й за гэта хвала.

 

Калі ласка, заходзьце, убачыце самі

Кут мой родны, і я увесь тут...

Што хацеў, я сказаў, цяпер слова за вамі,

Я гатовы пачуць ваш прысуд.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.