epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Апошняе жаданне

памяці Настаровіча Ваціка

 

Аб чым мы марым

у жыцці сваім?

Аб розным —

і прылюдна, і без сведак.

Мы хочам без пакут

прайсці па ім —

І ўсё-ткі ёсць

жаданне напаследак.

_______

 

Ён быў прыгожы,

Дужы,

Малады,

Быў гаспадар —

руплівы працавіты.

Час не спыняўся,

і жыцця гады

Няўмольна выпрацоўвалі ліміты.

 

Але не ад гадоў

Ён занямог,

Зрабіўся ад хваробы

ў гіблым стане.

І як ён не змагаўся з ёй,

А злёг,

І ведаў, што ніколі

ўжо не ўстане.

 

Як цяжка пакідаць

свой родны кут

Пад плач, нагамі ўперад

з роднай хаты.

Усё жыццё прайшло

з сям’ёю тут —

І радасці, і смуткі,

будні й святы.

 

Ён вечарам

«пераступіў мяжу»,

Але яшчэ паспеў

памарыць зрання:

«Няхай бы толькі

не было дажджу,

Каб больш людзей

прыйшло на пахаванне...»



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.