epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Аптымізм

Жыццю не абмінуць варожасць смерці

І гэта —

Многіх прыжыццёвы страх.

І ўсё ж

У бессмяротнасць душаў верце,

Душа — ў святую вечнасць,

Цела — ў прах.

 

Душа —

Наш скрыты код пасляжыццёвы,

У ім —

Наш генетычны шыфр-сакрэт.

Ён, гэты код,

У нейкім часе новым

Больш дасканалы з’явіцца на свет.

 

Мы вернемся

У новы свет калісьці,

Як з выраю вясною жураўлі.

Мы вернемся —

І зробім шмат карысці

Жыццю,

Дзяржаве,

Людзям і зямлі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.