epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Аргумент

Я на думцы сябе лаўлю,

Што палоніць мяне міжволі —

Не люблю я зіму, не люблю,

Чым далей па жыцці, тым болей,

 

Я не сын дакучальных прастуд,

Не любімец хваробаў кволы.

Захапляе й мяне белы цуд,

Дзе бярозы, як крылы анёлаў,

 

Дзе ад сонца звініць далягляд,

Дзе нібыта каралы галіны,

Дзе кружыць белы вальс снегапад,

Нібы ў небе страсаюць пярыны.

 

Чалавеку зімой шмат забаў —

Санкі, горкі, канькі альбо лыжы...

Вунь, бяздомны сабака прыпаў,

Закалелыя лапы ліжа.

 

А наперадзе ноч, мароз,

І няма болей сіл сабачых.

Ён не бачыць анёлаў-бяроз,

Бо й наступнага ранку не ўбачыць.

 

На дварэ маразоў кіпцюры,

За акном завірухі веюць.

Мы ў цяпле, мы — прыроды цары,

А яны без віны калеюць.

 

Колькі кожнай зімою дарма

Загібее бяздомных душаў,

Колькі іх забярэ зіма —

І сабак, і катоў, і птушак...

 

Аргумент — як сцяна. І таму

У штыкі халады сустракаю.

Быў бы рады любіць зіму,

Ды, як Бога, вясну чакаю.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.