epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Арытмія

Арытмія адзнакаў за ўчынкі —

удача, няўдача...

Хай удачаў была б перавага —

ці хоць бы пароўну... Дык не!

Лёс заўжды за спіной у мяне —

то смяецца, то плача,

Лепш бы загадзя плакаў у вочы —

і так папярэджваў мяне.

 

Кожны крок — намаганне,

хоць, здаецца, распраўлены крылы,

Кожны дзень — перашкоды глухія,

яны перад мэтай — сцяной.

Не заўжды адбываецца тое,

на што накіроўваеш сілы,

І, як вынік, насустрач няўдача,

а ўдача — наўцёкі, спіной.

 

Азірнуўся вакол — ці не тое

жыццё сваё трачу?

Ўзяў, расчысціў крыніцу натхнення —

з яе наталяўся і піў.

Я напружыў свой лёс,

перастаў спадзявацца на ўдачу,

Я адолеў абставіны,

я перашкоды за грудзі схапіў.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.