epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Асіна

На нашай дрывотні, ля хаты,

Асіна цішком завялася.

Я ў мамы пытаўся, у таты:

— Адкуль яна тут узялася?

 

Няўжо пасадзілі? Навошта?

— Ды не! — мне бацькі адказалі.

Яна тут — з малога узросту,

А ссекчы яе шкадавалі...

 

Ніхто ей расці не пярэчыў.

I жыў гэты «госць» выпадковы,

Магчыма, таму, што для печы

Асіна — халодныя дровы.

 

Магчыма, таму, што ў гаворках,

У прымаўках трапных, кароткіх,

Асіна названая горкай —

I лёс быў бацькоў — не салодкі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.