epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Аскабалкі

Зноў з-пад пяра радок упарты

Расце, як парастак з зямлі,

Каб зразумець, чаго мы варты

І кім мы пры жыцці былі.

 

Мяркуе, разважае слова,

Хвалюецца — а дзе ж адказ:

Сэнсоўна мы ці выпадкова

Прыйшлі ў жыццё, ішлі праз час?

 

Ці дабрыні садзілі дрэвы,

Ці жах тварылі за сабой?

Ці жалі нечыя пасевы,

Ці ўсё ж займаліся сяўбой?

 

Ці мо тапіліся ў гарэлцы,

Ці зорнасць лашчыла нам зрок?

Ці мы святло трымалі ў сэрцы,

Ці ў ім туляўся чорны змрок?

 

Няма чаго рабіць і лекам,

Калі — ні сэрца, ні душы.

Прасцей лічыцца чалавекам?

Ці быць ім? Паспрабуй, рашы!

 

*

Сыночка прыціскае маці,

А ён увесь гарыць, як жар.

Нясе, як перынку, па хаце,

А ў сэрцы боль, бяды цяжар.

 

І не прысядзе на хвілінку,

Да ранку з ім — сюды-туды:

— Пакінь, хвароба, майго сынку,

Пазбаў нас, Божа, ад бяды.

 

І гэтак не адну ўжо ночку

Люляе, не спускае з рук.

Гатова ўсё аддаць сыночку —

Душу, здароўе, сэрца стук.

 

Нічога не шкада Таццяне,

Але зрабіў чамусьці Бог —

Пакуль дзіця на ногі стане,

Ушчэнт саб’ецца маці з ног.

 

Падзей, гадоў імклівых стужку

Яна адкручвае назад.

Тады Ірыначку-дачушку

Круціў, душыў хваробы чад.

 

Сама выходжвала Ірынку

(Ці многа ў вёсках дактароў?)

І вырвала сваю крывінку

З абдымкаў смерці, з кіпцюроў.

 

І вось праз некалькі гадочкаў

Ляжыць сынок, як нежывы.

Не адкрывае нават вочкаў,

Не паднімае галавы.

 

— Таццянка, скуль у цябе сілы?

Дай падмяню, душа ўжо вон,—

Падняўся муж яе, Даніла.

Ён і не спаў. Які тут сон?

 

Ён бачыў, колькі ёй далося

Ў бясконцым ланцугу начэй.

Мужчына ж у сабе ўсё носіць,

А ці ж ад гэтага лягчэй?

 

— Дай мне сынка, майго «асілка»,

Сама ж хоць вокам прыдрамні.

Яна ўзмалілася: — Данілка!

Маўчы! Спадае жар — крані!

 

Ён чуе маё сэрца! Чуе!

Таму й крапіцца наш сынок.—

Маўчыць Даніла, не сярдуе,

Спрабуе праглынуць камок.

 

— Ты сам, Даніла, спі.

— Не спіцца,

Ці ж камень я? Ці ж лёгка мне? —

— Табе ж, Данілка, калаціцца

Ўвесь дзень на трактары-ражне.

 

Глянь, на каго ты стаў падобны?

А ён жартуе: — На цябе...—

А сам, як дзьмухавец той,— дробны,

Як свечкі цень пры варажбе.

 

Надыдзе ноч — і ўсё спачатку,

Хоць валяцца абодва з ног...

Бацькі жыццё свайму дзіцятку

Аддаць гатовы — бачыць Бог.

 

*

Жыццё — сустрэчы, расставанні,

Ляціць кудысьці хуткі час

Праз спадзяванні, намаганні,

Мяняе нашы лёсы, нас.

 

Таццяна ў працы зноў, як пчолка,

Перажыла з Данілам жах,

Перахварэў іх сын Міколка,

Расце дачка як на дражджах.

 

З пялёнкаў вылезлі — падлеткі!

Нявеста хутка і жаніх!

Гавораць жа: — Малыя дзеткі —

Малое й горачка ад іх.

 

Ды не супыніш часу кола,

Шпурляе нас гадоў рака.

Пайшоў у армію Мікола,

У Мінск — паехала дачка.

 

Цяпер ад іх і вестка — свята,

А ў сэрцы сум усё часцей...

Без дзетак сірацеюць хаты,

Бацькі марнеюць без дзяцей.

 

*

Нясуць Даніла і Таццяна

Па лёсе клопаты свае,

Ўстаюць заўжды да сонца, рана,

Кладуцца спаць — як Бог дае.

 

З узростам — адусюль падпёрла,

Спраўляйся падстаўляць плячо.

Бо ў гаспадарцы спраў — па горла —

Кароўка, курачкі, свінчо.

 

Дый бульбе трэба пакланіцца,

Пашану выказаць касе.

А гаспадар, што спраў баіцца,

Як тут смяюцца,— лапу ссе.

 

Таму Таццяна і Даніла

І жартавалі між сабой:

— Давай праз «не магу», праз сілу,

Хоць недаспім, а хвост трубой!

 

Не шкадавалі часу й поту,

Каб мець кароўку, парсюкоў,

Бо дзеці кожную суботу

«Успаміналі» пра бацькоў.

 

*

Ірына з мужам без кватэры

Жывуць у Мінску, дзе дасць Бог.

Яны свой лёс, як дурань дзверы,

Нясуць, збіваючыся з ног.

 

Аднак у мужа яе, Вені,

Пад шапкай не зусім таўкач:

— Ірына, стань ты на калені

Перад бацькамі і паплач.

 

Хай раскашэляцца, скупечы.

— Ды што ты, Веня? Не змагу!

Ці ж не намулілі мы плечы

Ад бульбы, сала, тварагу?

 

Тады ты, Венечка, харошы,

Як мех завяжаш кілбасой.

— Дурная! Нам патрэбны грошы!

У слёзы кінься, будзь лісой.

 

Ці валасы даўжэй у бабы,

Ці розум — хай засведчыць час...

Эх ты, жыццё, гады-ухабы!

Ці здолеў хто аб’ехаць вас?

 

*

Даніла добры меў характар,

Але, на жаль, жыццё — не мёд.

Растрос яго здароўе трактар,

Абрыдла траскатня, смурод.

 

І сёння ледзь «дапоўз» да хаты,

Аж змогся ўвесь, пасалавеў.

І хоць галодны быў, мурзаты,

Пайшоў ад гною чысціць хлеў.

 

Затым шчапаў і зносіў дровы,

Насіў ваду, падлатаў плот.

А як загаласілі совы,

Тады прысеў і выцер пот:

 

— У вёсцы ўсё сваё. Не трэба

Ні крамаў, чэргаў тут няма.

Напэўна, думаюць, што з неба

Нам валіцца ўсё задарма.

 

— Данілка, стыне ўжо вячэра,

Пара ад працы й адпачыць.

— Стаміла, хай яе халера,—

Сказаў Даніла, ўстаючы.

 

— Адкуль яна бярэцца, Таня?

Не помню, калі ўволю спаў.

А заўтра пакасіць бы зрання,

Яшчэ й касу не падкляпаў.

 

Цішком вячэралі, не шпарка,

Хрумсцелі смачна агуркі,

Таццяна моўчкі ела скварку,

Даніла сёрбаў буракі.

 

— Кладзі, Данілачка, смятану...—

Даніла ціскануў плячом,

Зірнуўшы пільна на Таццяну:

— Што ты як мыш пад дзеркачом?

 

Я ж бачу — гутарку ты маеш,

Яна вісіць на языку.

— Данілка, што ты тут параіш? —

Ён сціснуў лыжку ў кулаку.

 

— Ну, расчыняй з сакрэтам скрынку,

Пракладвай сцежку па расе.

— Я пра дачушку, пра Ірынку...

Ёй трэба нашы грошы... Усе!

 

Даніла прыпыніў вячэру:

— Чатыры тысячы? Куды?

— Каператыў дае кватэру

Праз год які, праз два гады.

 

У той жа дзень табе скажы я,

Ты ж мог дачцэ не патураць.

Ну хопіць ім вуглы чужыя

За свае грошы выціраць.

 

Даніла моцна сціснуў скроні

І іх чамусьці цёр і цёр:

— Дачка расла як на далоні,

А мне трындзіць парламенцёр!

 

— Які парламенцёр, Даніла? —

Даніла ўскочыў, як з агню.

— Няхай мяне глыне магіла,

Калі я вораг дзіцяню.

 

Я надарву старыя кішкі,

А штось да смерці зараблю.

Здымай хоць заўтра грошы з кніжкі...

Пайду гадзіну-дзве пасплю.

 

*

Міколу больш пашанцавала,

Хоць быў ён ціхі, як цялё.

Ён жыў у Мінску дзе папала,

Ды даў завод яму жыллё.

 

Бацькоў наведваў рэгулярна.

Туды — імчыць паражняком.

Адтуль — не траціў часу марна —

З грашыма, з салам, з малаком.

 

І жонка з ім — яго Марыся,

Любіла ў вёсцы пагасціць.

Мікола жонкай ганарыўся —

Прыгожая, аж зіхаціць.

 

Хоць ты яе ад сэрца капай

І пі, як кажуць, «нашчака».

Данілу называла «папой»,

Таццяну «мамой», як дачка.

 

— Ой, мамачка, у вас дастатак,

А мы ж аблізваем руку.

Ой, яек нам яшчэ дзесятак!

Ой, і кліночак тваражку!

 

Ой, папа, ў Мінску цяжка стала,

Няхай вас жах такі міне.

Вы ж нам яшчэ кавалак сала!

А паляндвіца ўся ці не?

 

А што рабіла свежаніна?

Збірала ўсіх адной сям’ёй.

Тут з дзецьмі Веня і Ірына,

Мікола з лялькаю сваёй.

 

Парсюк пішчыць, аж вянуць вушы,

Глытаюць слінкі едакі.

Абсмаляць, абскрабуць — і з тушы

Нож кроіць цёплыя кускі.

 

Тут пачынаўся «цырк на дроце» —

Пакуль яшчэ не селі піць,

Пакуль ад слінкаў цесна ў роце,

Дык трэба лепшае ўхапіць.

 

— Нашто ты цягнеш каркавіну?

Яе й сабака не сажве.

— Вазьмі лапаткі палавіну!

— А дзе язык?

— У галаве.

 

— Гэты кусок, як плеўка, тонкі,

Кладзі назад яго хутчэй.

— Схапі вунь той шматок пячонкі!

— А тут што, акрамя храшчэй?

 

— Ты глянь, што у руках у Іркі —

Са скабкаў цэлы патранташ.

— Што ты, асёл, трымаеш ныркі?

— Хто болей хапянуў? Разваж!

 

Даніла выцер сенам рукі

І, каб базар гэты разняць,

Сказаў: — Ну, досыць, дзеці, ўнукі!

Кладзіце ў сумкі — як падняць.

 

*

— Што ты разлёгся, як завала?

Паразумнееш ты калі? —

Марыся мужа пілавала.

— Едзь да бацькоў, прасі, малі.

 

Нахабства найвышэйшай меры —

Сынкоў абскокваюць зяцькі.

Сястра твая жыве ў кватэры,

А хто ёй грошы даў? Бацькі!

 

— А што, калі адмовіць тата?

Ёсць, скажа, пара медзякоў.

— Ну не мазгі ў цябе, а вата,

Яны здалі ўжо двух бычкоў.

 

І зарабляюць жа патроху,

Прыбытак і ад малака.

Глядзі, а то зяцьку-прайдоху

Зноў сунуць грошы спадцішка.

 

*

Даніла здаў. Ад стомы, болю

Дамоў даклыпаў нібы цень.

Убачыў каля хаты Колю:

— Што ты, сынок, у будні дзень?

 

— Ды так... У хаце пагаворым.

— А я, Міколка, ледзь цягну,

Зрабіўся і старым, і хворым,

Хоць ты жывым лезь у труну.

 

Ды маладыя нам не вераць.

— Ну што ты, тата? Веру я...

— Таццяна, стаў хутчэй вячэраць,

Хто ж корміць байкай салаўя?

 

Таццяна стол накрыла жвава,

Што мела, лепшае дала.

— Ну, сын, якая твая справа?

Бліжэй, Міколка, да стала.

 

Ды што там на самой хоць справе?

Кажы, не баламуць булён.

Мікола ёрзь ды ёрзь на лаве:

— Тут, тата, справа... на мільён.

 

— Зноў грошы,— выціснуў Даніла,—

А каб яны сатлелі ўраз.

Мікола, як наеўся мыла,

Вачыма лыпаў увесь час.

 

— Якую ж будзем мець абноўку? —

Даніла запытаў мякчэй.—

Адкінь убок, сынок, прадмоўку,

Ты праміком кажы, шыбчэй!

 

— Машыну хочуць яны — вось што!

Таццяна сыну падмагла.

— Зноў доўгі твой язык! Во, пошта!

Дзе дзецца мне ад памяла?

 

Даніла сеў бліжэй да сына,

А той нібыта ў лаву ўрос.

— Машына?.. Кажаш, сын, машына!

Што ж, падатром суседзям нос!

 

*

Дажыў да пенсіі Даніла —

Узрост не надта ўжо які,

Але тады, калі ёсць сіла,

Тапор не валіцца з рукі.

 

Пусцей зрабілася ў кладоўцы,

Ды баль быў з вечара да дня.

Гулялі ўсе аднавяскоўцы,

І дзеці, ды і ўся радня.

 

Хто як хацеў у чарцы мокнуў,

У дзень такі глынуць не грэх.

І песні выляталі з вокнаў,

І жарты чуліся, і смех.

 

Дык свята гэта ці не свята?

Ці сум — бадай яго ваўкі?

Няхай не ўсё, а большасць зжата,

Куды ні кінь — ва ўсе бакі.

 

*

Даніла сам пачаў размову:

— Не хочуць дзеці памагаць,

Хоць плач, хоць скач — прадам карову,

Няма ўжо сіл касу цягаць.

 

Ў Таццяны сківіца адвісла,

Ці ж будзе ёй мужык маніць?..

— Рот зачыні, самому кісла:

А што рабіць? А што чыніць?

 

— Данілка, пашкадуй Красулю!

— А нас шкадуюць «матылькі»?

Яны ж апошнюю кашулю

Здзяруць з нас хутка, лайдакі.

 

Ім, бачыш, парсюка ўжо мала.

Быў малады — хаваў і тры.

Іх толькі малако і сала

Ля нас трымае да пары.

 

— Данілачка, перахрысціся!

— Разуй, Таццяна, зрок хутчэй.

Як сто чарцей, адна Марыся,

Ліса — а воўк глядзіць з вачэй.

 

А ёй Мікола ліжа пяткі,

Замест анучы ў ногі лёг.

Дзе розум, гонар? Як цялятка.

Што ж я не бачу? Мой ты Бог!

 

То ім машыну, то — кватэру.

Адным — дыван, другім — аж два.

І цягнуць грошы, як паперу,

Давай — хоць не расці трава!

 

— Данілачка, ці ж то прапала?

— А дзе падзяка? «Папа, ой...»

Я не кажу пра яйкі, сала,

Пра бульбу з маслам, кілбасой.

 

Я ж дзеля іх трымаў кароўку,

Быў рады гнуць спіну — і гну.

А хто з іх раз узяў рыдлёўку?

А хто скасіў хоць травіну?

 

Каб пальцам ляснулі аб палец,

Каб памаглі гады ў рады...

Што ў іх за сэрцы? Як закалец!

Ці проста сумкі для яды.

 

Ты ў шафу зазірні, Таццяна,

Мыш мае багацей нару.

Ці позна прыйдзе смерць, ці рана —

А што адзенеш, як памру?

 

— Ты што, Данілка? Кроў аж стыне.

Хай лёс адцягне свой удар.—

Слязу пусціла гаспадыня,

Прыціх самотна гаспадар.

 

*

— Глядзі, Мікола, схопім дулю,

Калі прахлопаем вушмі.

Бацькі ўжо прадалі Красулю,

Зтаргуйся з імі, як з людзьмі.

 

Запраў і падрыхтуй машыну,

І паімчым у выхадны.

Ты толькі не бяры Ірыну,

Хутчэй дамовімся адны...

 

Прыпёрліся, а тут сястрыца

І Веня з ёю думкі грэў.

Даніла стаў худы, як спіца:

— А я во, дзеткі, прыхварэў.

 

Зрабі, Таццяна, што паесці.

— Раблю, Данілачка, раблю.

Марыся не сядзіць на месцы:

— Ой, папа, я зусім не сплю.

 

— Няўжо, Марыська, кашаль гэны?

Ён пройдзе праз каторы час!

— Ой, папа, папа, гэта ж цэны

Раздзелі і разулі нас.

 

Ускочыў Веня: — Вас разулі?

Ды вам не страшны чорт, панам!

Во! Во вам! Фіга ад Красулі.

А грошы больш патрэбны нам!

 

Таццяну раптам, як ніколі,

Ажно падкінула само:

— Ані Ірыне, ані Колю

Мы з бацькам грошы не дамо!

 

Ці ж гэта грошы? Слёзы, крошкі!

— Памром — уб’е хоць хто калок.

Даніла злез маўкліва з ложка

І выняў з шафы вузялок:

 

— Памром, абмые нехта ногі

І нам, Таццяначка, з табой...

Ты пакармі дзяцей з дарогі

І, калі ёсць што — дай з сабой.

 

*

— Ты, можа, хуценька збярыся,

Падскочым, глянем — як бацькі.

— Куды?! — Ўсхадзілася Марыся.—

Ад’елі там за дзве шчакі.

 

Мікола выціснуў з мучэннем:

— Не трэба быць такой благой...

Ў адказ Марыся: — Ірка з Венем

Туды даўно ані нагой.

 

Ты бачыў, грошы як давалі

Нам за Красулю? Смехаццё!

Яны ж мне нервы сапсавалі,

Каб ім гібець усё жыццё!

 

Такія спрэчкі-перапалкі

Ламалі ўсё паміж людзьмі

І пакідалі аскабалкі,

Бо сэрцы не гараць з-пад палкі,

Яны згасаюць — дзьмі не дзьмі.

 

Як у ваду глядзеў Даніла:

— Няўжо ж сябе я сам урок?

Старое сэрца не маніла,

Яно таксама мае зрок...

 

Не спіць начамі і Таццяна,

Душа счарнела, як турма:

— Чаму ж так сад цвіце буяна,

Кіпіць, а завязі няма?

 

Клубок складанейшы на свеце —

Горш блытаніны не знайсці:

Браты, радня, бацькі і дзеці

Грызуцца, лаюцца ў жыцці.

 

Адны — хоць з іх рабі нарогі,

Але ў другіх — на сэрцы кроў.

Такі наш лёс. Няўжо дарогі

Не выведуць нас з гушчароў?

 

Туляецца жыцця разора,

Як заяц, блытае сляды.

Мы не такія, як учора,

А што праз год? А праз гады?

 

Нас і псуюць такія змены,

З’ядаюць, як кашулю пот.

Гады паміж людзьмі — як сцены,

А Бог хацеў — наадварот.

1991


1991

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.