epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Аслы і прайдзісветы

Круціўся я, як той ваўчок,

Каля гатэлю, на пляцоўцы,

Авось хто трапіць на кручок,

Бо жонка — у камандзіроўцы.

 

А я ж мужык — агонь і кроў!

Вы ж самі бачыце — цукерка!

Я б і за лепшага зышоў,

Каб не глядзеўся у люстэрка.

 

О, гэты дзіўны прамінаж!

Я не дарэмна тут маячыў,

Бо клюнула з разгону аж,

Такая краля — век не бачыў.

 

— Я тут, у вас упершыню, —

Яна салодзенька прапела.

Я абамлеў — ці ж гэта сню!

І кроў дурная закіпела.

 

Мяне яна — хваць пад руку,

І паплылі мы з ёй паволі.

Хто з нас тады быў на кручку,

Мне не даведацца ніколі.

 

Ад шчасця быў я ледзь жывы,

Яна ж была — сакрэт сакрэтам.

Спытаўся я:

— Напэўна, вы

Спыніліся ў гатэлі гэтым.

 

І адказала мне мамзэль,

Я й сёння тыя словы чую:

— Ды ну яго — гатэль-бардэль!

Мо я у вас пераначую?

 

Я ўсё прыкінуў — сяк і так —

Ў ад’ездзе жонка —

Я — на волі...

А што? Пакуль я «халасцяк»

Ў бурду жыцця падсыплю солі.

 

І ўсыпаў я — усю за раз,

Успомню — дрыжыкі па целе.

Было і без гатэлю ў нас,

Мудрэй нат, як у тым гатэлі.

 

Ай, што было!

Ой, як было!

Мінула ночка, як імгненне,

Як сон...

Ды раніцай прыйшло

Гаркотнае працверазенне.

 

Я, па пасцелі, мац — няма

Яе, мамзэлі той пад бокам

Я й па пакоях, шусь — дарма

Аббегаў іх шалёным скокам.

 

Я — у шуфляду — тут, у ёй,

Учора шчэ ляжалі грошы.

Я — у другую — Божа мой!

Зноў жах, ды гэты — самы горшы.

 

Прапалі жончыны брылы

І залатыя пабразгодкі.

Што ж, пэўна, для таго й аслы,

Каб прайдзісветам жыць салодка.

 

Вось я і заварыў бурду,

Перасаліў, аж сэрца шчыпіць.

А жонка вернецца — тады

Яшчэ падсыпіць,

Ой падсыпіць!

 

Я — у міліцыю. І што ж?

Тут — аблапошаных навалам.

Мяне, на сто такіх памнож,

Аказваецца — будзе мала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.