epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Асобая падзяка

Па ўсіх, якія ёсць,

Няпісаных законах,

Жыцця і смерці,

Смерці і жыцця,

Я да жыцця

Звяртаюся з паклонам,

Да смерці — не,

З ёй незнаёмы я.

 

Паклон табе, жыццё,

За ўсе твае праявы,

З іх многія —

Іх лепш бы не было.

Але ж наш свет —

І жорсткі, і ласкавы,

Такі ж, як мы усе —

Дабро і зло.

 

Вякамі шмат чаго

І бачана, і чута,

Заўсёды прадставаў

Прад намі час —

Ў адной руцэ бальзам,

Ў другой руцэ атрута,

Час, ён і лечыць,

І знішчае нас.

 

І ўсё-такі мы жыць

Не можам паза часам,

Ён — гільяціна

Нашага жыцця.

Віруе свет вакол,

А з лёсам мы сам-насам,

Аж да Харону,

Аж да адплыцця.

 

І ўсё ж за ўсё, чым жыў —

Тварыў,

Смяяўся,

Плакаў,

За ўсё, што праляцела,

Нібы сон,

Табе, Гасподзь, асобая падзяка,

Табе, маё жыццё,

Зямны паклон.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.