epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ашуканства

Месяц разжыўся

На хмарку-папаху —

Заганарыўся

I адхіліўся

Ад Млечнага Шляху.

 

Там, на Парнасе,

На свет-відавоку,

Ён у папасе

He плех лысабокі.

 

Што за аблічча!

Hi плех, і ні рогі.

Грэшна не збіцца

З Млечнай дарогі

 

Зоркі з хлапчыны

Вочак не зводзяць.

Зоркі-дзяўчынкі

З ім карагодзяць.

 

Ён незвычайны,

Ён кучаравы!

Кружаць адчайна

Танцы-забавы.

 

Вецер на танцы

Дзьмухнуў з размаху,

Зняў з ашуканца

Хмарку-папаху.

 

Зорачкі ў ночы

Крыўду адчулі:

Ён жа нам вочы

Плехам намуліў.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.