epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Асветленасць песні застольнай

Душа не застылае штосьці,

Не багна, дзе сонечнасць гіне.

Яна — то вясна маладосці,

То востраў пякельны — пустыня.

 

То цемры закýтак страшэнны,

Дзе мары знікаюць агульна,

То ў квецені сад белапенны,

Дзе сэрцу прыемна і ўтульна.

 

Душа і сусвету бязмежнасць,

Ў ёй марам і цесна, і вольна.

Ў ёй гімна ўрачыстага вечнасць

Й асветленасць песні застольнай.

 

Яна, хоць гарыць, не згарае,

А ладзіць з Аідам сустрэчу.

Душа, кажуць, не памірае,

Навошта ж яе я нявечу?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.