epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Атрута

Жыццё — вялікі цуд,

жыццё — вялізны боль,

І як тут разабраць,

чаго ў ім будзе болей?

Напэўна, ўсё-ткі ёсць

ад некага кантроль —

Спачатку сонца больш,

а потым — болю.

 

Жыццё — духоўны ўзлёт,

жыццё — падзенне ў грэх.

Тут бездані,

Вышыні,

Далі,

Шыры.

Падзенне і узлёт...

Што ніз для нас?

Што — верх?

Арыентыры, дызарыентыры?

 

Жыццё — маленькі век,

жыццё — вялікі міг,

З якіх сузор’е свеціцца

Над светам.

Жыццё — не для злачынстваў,

жыццё — не для інтрыг —

І ўсё ж яно атручваецца гэтым.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.