epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Атрута

Ён чуў яе гарачае дыханне:

— Я зноў з табой!

— І я чакаў спаткання!

Ён піў і піў яе крынічкі-губы,

Казалі ночы:

— Любая!

— Мой любы!

Зямлі не стала раптам пад нагамі,

Яны плылі над лесам, над лугамі:

— Адзіная мая!

— Жаданы! Мілы!

Да зорак неслі іх кахання крылы.

І толькі сэрца — сэрца адчувае:

— Мая галубка! Кветка веснавая!

— Мой родны! Без цябе жыцця не трэба!

Быў свет малы ім, стала цесным неба.

 

*

Міхась не спаў, варочаўся да рання:

— Дык вось якое першае каханне!

Дык вось чаму паэт складае вершы

Больш пра каханне й пацалунак першы!

Дамоў прыйшоўшы, не заснула й Галя,

За хваляй набягала ў сэрца хваля

Пачуццяў незвычайных, успамінаў,

Нібыта ў сэрца хто агню падкінуў.

Агонь той губіць нас і ажыўляе,

Дае надзею і ў адчай шпурляе.

Агонь той — нашы крылы, нашы путы,

Ён — святкаванні нашы і пакуты.

Агонь кахання неслі й нашы продкі,

Ён горкі, і пякучы, і салодкі.

Ён дорыць шчасце, але й слёз не мала,

Ды толькі без яго жыцця б не стала.

Міхась і Галя мелі сэрцаў згоду,

Агонь кахання нёс ім асалоду,

Яны на крылах патаемнай мэты,

Як матылькі, ў агонь ляцелі гэты.

 

*

Гуло вяселле, як раёк пчаліны,

І цешылася з Міхася, з Галіны.

Радня глядзела і бацькі ўлюбёна:

— Якая пара! Богам блаславёна!

Вяселле — гэта свята! Дзякуй Богу!

У вёсках загароджваюць дарогу,

Як маладыя едуць з сельсавета,

Ім хлеб і соль. Ці ж дрэнная прыкмета?

Тады ўжо свату трэба не скупіцца,

Прасіць дазволу ехаць, адкупіцца,

Тут пару пляшак выставіць — не меней,

Ды і цукерак даць з кішэні жменяй.

А вось і вёска, дзе стаяць ля хаты

Сярод гасцей дзве мамы і два таты.

І зноў хлеб-соль, зноў чаркі, хваляванні,

Бацькоўскія парады-віншаванні.

Бацькі завуць у хату ўсіх з надворку.

Кульнулі — прыкусілі! «Горка! Горка!»

А бабы ля дзвярэй стаяць да ночы,

Спяваюць пра нялёгкі лёс жаночы:

А куды ж ты, Галечка,

Зазбіралася

З хаты сваёй мамачкі,

Свайго татачкі?

Будзеш ты ўставаць

Раней за сонейка,

Будзеш мужу служкаю

Паслухмянаю...

У маладзіцы замакрэлі вочы —

Бывай, мой бесклапотны лёс дзявочы!

— Хай на вяселлі плача,— кажуць людзі,—

Затое усё жыццё вясёлай будзе...

Гуло вяселле без канца, без краю,

Гасцей прасілі ўсіх да караваю.

Хто колькі даў? Хто што паклаў? Цікава!

Дарэнне йшло і весела, і жвава.

А як яда не лезла ўжо за шчокі,

Тады распачыналі танцы-скокі.

А хлопцам колькі гонару і шчасця,

Як маладую здолеюць украсці.

Ад смеху можна лопнуць, надарвацца,

Бо Міхасю прыйшлося таргавацца.

І малады ўжо «злодзеяў» тых просіць:

— Ну колькі, хлопцы? Тры бутэлькі хопіць?

— Ты што, Міхась, так жонку слаба цэніш?

З бутэлькамі трымя й ката не жэніш!

Бяры вышэй! Бо пойдзе жонка ўпрочкі

І не захоча нават першай ночкі!

Хоць гэта жарт, ды хопіць зубаскаліць,

Таму Міхась хутчэй Галіну хваліць:

— За любую сваю, за маладую —

Гарэлка што — жыцця не пашкадую!

Зноў жарты, танцы, скокі, выкаблукі —

Адзін перад адным, задраўшы рукі,—

Ажно дрыжыць, здаецца, скача хата.

І раптам рогат — абступілі свата.

Пакуль ён тут з усімі тоўкся ў зале,

На ім ручнік ціхутка развязалі.

Які то сорам — бо ручнік для свата

Аднолькава, што зброя для салдата.

Гуло вяселле весела і шпарка,

Куды ні ткніся — чарка, чарка, чарка,

Але бывае з горкасцю пахмелле,

Хай крые Бог... Тры дні гуло вяселле.

 

*

Ёсць прыказка: прымачы хлеб — сабачы.

Міхась не прызнаваў той хлеб прымачы,

Каб зваць ката на «вы» ў бацькоў Галіны,

Ды цешчы ногі мыць, ды слухаць кпіны.

Але і ў Галі гонар быў жаночы —

Перад свякрухай не апусціць вочы,

Паўслоўца, дзе і трэба, не саступіць,

На пальчыках ні перад кім не ступіць.

Што ж — маладыя свае думкі мелі,

І грошы ёсць — дарылі ж на вяселлі,

Ды дзякуй Богу — сваякоў багата —

Як цеста ў дзежцы, вырастала хата.

Ледзь ачунялі ад вяселля трохі,

А тут, як кажуць, зноў лезь у панчохі.

Ўваходзіны! — імчыцца вестка птахам.

Дай Бог вам ладу пад уласным дахам!

 

*

Хоць пад вянцом слязу пусціла Галя,

Ідзе жыццё затое як па сале.

І з Міхасём усё талкова, гладка,

І гаспадарка ў іх свая, і хатка.

І сам Міхась не кідаў час на вецер,

Вяселле змоўкла — Галя ўжо ў дэкрэце.

Сябры жартуюць: — Хутка ўзяў на мушку!

Але каго — сыночка ці дачушку?

Даў Бог «на мушку» трапіла дзяўчынка,

Як мама, сінявокая Ірынка.

Бацькі заўсёды сэрцамі адчуюць,

Што дзеці родняць іх, сям’ю мацуюць.

Міхась рад вельмі дзіцяню малому,

Ён з працы ані ўбок — бягом дадому,

Дачку люляе, пяючы прыгожа,

Сваё паробіць, жонцы дапаможа.

Ў калгасе ён ці дома гаспадарыць,

А пра сыночка патаемна марыць.

Расла пра сына думка і дужэла,

І хутка зноў Галіна пацяжэла.

— Ну, хто цяпер? — пыталіся ў Міхася.

Ён у адказ: — Цяпер? Сыночак Вася!

У гонар бацькі дам імя такое,

Сынок мне будзе праваю рукою! —

Як кажуць, не маніся, а маліся...

Зноў ад знаёмых жарты пачаліся:

— Глядзі, каб зноў не падкачала Галька! —

А ім Міхась: — Ёсць нянька — будзе лялька!

І ўсё ж было ў душы сумненне-шпілька.

Было — сплыло. Радзіўся сын Васілька!

Жыццё другім зрабілася адразу,

Расце сынок — усё як па заказу!

Сябры віншуюць: — Стаў, Міхась, замочку,

Каб шчасцейка было твайму сыночку!

Адзін віншуе, пяты і дзесяты —

Бяжыць Міхась «пад градусам» дахаты.

Прыскоча, сына тузае, рагоча,

Ды сп’яну на пасцель — рабіць не хоча.

А калі што і зробіць — як калека,

Цяп-ляп. Як падмянілі чалавека.

Ўстрывожылася не на жарты Галя:

— Міхась, не пі! — Ён толькі зубы скаліць:

— Я ж за... я ж па...— і запляліся словы.—

Я ж толькі каб Васілька быў здаровы.—

Паплача Галя ў хустачку ў куточку:

— І што за дурань выдумаў замочку?

Якія ад яе ў жыцці пакуты,

Ад гэтай самай чортавай атруты!

 

*

Ірынцы — два, а Васільку — гадочак.

He падлічыць трывог, бяссонных ночак,

А ноччу муж — не надта ўжо падмога.

Жанчына й да грудзей бярэ малога,

За ноч разы са тры пасцель мяняе,

А то зусім вачэй не закрывае —

Кране за лоб, паслухае дыханне

І б’ецца, б’ецца над малым да рання.

Жаночы лёс ідзе па слізкай сцежцы,

Не скардзіцца, калі душа на месцы.

Любы цяжар цягнуць жанчына рада,

Была б у хаце згода і парада.

А Галіна душа адчула хібу,

Забілася, як матылёк аб шыбу.

Яе Міхась ад хаты адвярнуўся,

Піў кожны дзень, як кажуць, уцягнуўся.

Заліў мазгі «чарнілам» і сівухай,

Гулялі кулакі, як быў пад мухай.

Улезлі ў хату лаянка, пагрозы,

А быў такі пакладзісты цвярозы.

Ды жонка што? Баяцца дзеці таты,

У хату ён — шукаюць вугал пяты,

Крычаць у сне, зусім замкнёны сталі.

І стыла, камянела сэрца ў Галі.

 

*

Напэўна, менш іголачак на елцы,

Чым светлых душ, што згінулі ў гарэлцы.

Ды, пэўна, й рэчак меней ёсць на свеце,

Чым вашых горкіх слёз, жанчыны, дзеці.

Гарэлка ў хаце — як па сэрцу тарка,

З яе расце сіроцтва, бойкі, сварка.

Атрута, бруд, а сіл няма адкінуць,

І п’юць яе, і гінуць, гінуць, гінуць.

— Міхаська, родны! — моліць Галя мужа.—

Ты глянь, якая паміж намі сцюжа,

Ты ж нас усіх у багну цягнеш гэтак,

Мяне не любіш — пашкадуй хоць дзетак.

— Зноў завялася! Толькі гэта й чую!

Я што — не зарабляю? He працую?

Я што — святы? — Міхась аж кіпяціцца.—

Вас не трымаю — можаце каціцца!

— Ты што, Міхаська, стаў гарачы нейкі?

Цябе ж гарэлка цягне ад сямейкі!

Апамятайся, любы, азірніся,

На дзетак глянь.

Міхась зароў: — Заткніся!

І перастань сачыць за кожным крокам,

Бо хутка запалю «ліхтар» пад вокам.

Прыціснула дзяцей да сэрца маці,

І пацямнела на душы і ў хаце.

 

*

Прыйшла бяда. Няма чаму дзівіцца,

He можа без канца вяроўка віцца,

He можа сябраваць каса з травою,

Як не сябруе і агонь з вадою...

Канчаўся дзень, у вокнах стала шэра,

Астыла, адубела ўжо вячэра.

З трывогай Галя ў вокны паглядае,

Чакае мужа, дзетак укладае.

Муж, дзеці, хата — а жыццё не міла.

Ступіла да люстэрка і застыла.

Прыцягвае люстэрка і пужае:

— Ці ж гэта я? Жанчына ў ім чужая.

Куды падзеўся светлы твар дзявочы?

Ад едкіх слёз павыцвіталі вочы,

Маршчыны пераносіцу пасеклі...

Дзе ж гэта я? Ці замужам, ці ў пекле? —

І слёзы густа ўсыпалі падлогу:

— Чым гэта я не дагадзіла Богу?

Я ж да сям’і, да гаспадаркі прагну.

І раптам нехта моцна ў дзверы мягнуў.

Міхась стаяў, хістаўся ля парога:

— Заходзьце, хлопцы! Вось мая бярлога!

А гэта жонка — хатняя пасада.

Што лупы дзьмеш? Гаспадару не рада?

— Цішэй, Міхаська, дзеці ўжо паснулі,

А ты штовечар робіш п’янкі-гулі.

— Цябе не запытаўся! Во страшыдла!

Ты ж мне як рэдзька горкая абрыдла!

Ля печы Галя порацца, таўчэцца,

Закуску робіць — а куды ж ёй дзецца.

А сэрца разрываецца ў адчаі.

У вір бы галавой ад гэтай зграі.

Нe бачыла б нічога на тым свеце,

Ды толькі вось адно — трымаюць дзеці.

Паставіла на стол яду, што мела,

І ля сваіх крывінак ціха села...

 

*

Імчыцца час за чаркай, як маланка,

Таму ўсю ноч раўла гулянка-п’янка,

Нібыта ў лесе звар’яцела бура.

Сядзела Галя ля дзяцей панура.

У сэрцы лёд, сціскае скроні спёка,

Нe варухнецца — думкамі далёка.

Няўжо далёка? А здаецца, ўчора

Пачуцці крылы неслі іх да зорак.

Яшчэ й не нажыліся ў новай хатцы,

У іх узросце — толькі мілавацца...

— Мая галубка!

— Любы мой! Адзіны!

Скавалі іх любоў гады-ільдзіны.

— Жаданы! Мілы!

— Кветка веснавая!

Застыла Галя, нібы нежывая.

Яе вадзіла памяці дарога,

Як маці водзіць за руку малога.

Яе круціла думкаў завіруха:

— Якая ж укусіла цябе муха?

Ты ж так любіў, Міхась, дзяцей і жонку,

Цяпер грызеш нас, нібы воўк галёнку...

Міхась устаў, як бы пачуў папрокі:

— Ты што — набрала нематы за шчокі?

Ты што — сябрам паказваеш распусту?

Ці сябрукі паненцы не па густу?

— Табе сябры? — Ажно затрэсла Галю.—

Да родных дзетак ты не маеш жалю.

Ты ж цягнешся дамоў заліўшы вочы,

Танцуй вакол цябе тут сярод ночы.

Сябры? — He можа Галя супыніцца.—

Сяброўства ваша — толькі каб напіцца,

Адпіць мазгі — усе вашы патугі.

Ты глянь, хто за сталом з табой! П’янюгі!

Міхась ударыў моцна і знянацку:

— Трымай! Я хутка супыню гарачку!

А гэта — за сяброў! — І зноў ударыў.—

Ну як, сябры, кулак мой пагутарыў? —

На жонку глянуў і скрывіўся кісла.

А Галя над Ірынкаю абвісла,

Крывавая зачырванела пляма,

Загаласілі дзеці: — Мама! Мама!

У Галі ў галаве гуло і выла,

Але на ногі ўстаць — знайшлася сіла.

He, толькі не ляжаць, не гнуць калені,

Ці ж перад ёю людзі? — Злыдні! Цені!

А розум у такіх, вядома, ззаду...

— Ну што, Міхаська, паказаў уладу?

Над кім ты сілай цешышся? Над бабай.

Заблытаўся, звязаўся з жукам, з жабай.

— Ты што, Міхась, у доме для пацехі? —

Сябры цкуюць.— Дабаў ёй на арэхі!

Заткні ёй грызла! Распачла тут спрэчку...

Міхась раўнуў штосілы: — Марш за печку!

Для мух распачынай там тары-бары! —

І зноў кулак размазаў кроў на твары.

Як сноп, упала Галя на падлогу —

Hі гуку. Прыйдзе хто на дапамогу?

Міхась звярэў. Цяпер нагам даў волю.

А Галя ўжо не адчувала болю,

Яна не чула, як крычалі дзеткі,

Не бачыла, як збеглі злыдні-сведкі.

He бачыў і Міхась, што іх не стала,

Ён біў і біў — здавалася, ўсё мала,

Ён біў і біў, ажно спіна ўспацела,

Як ашалеў, качаў нагамі цела.

— Ну, хлопцы як? Ці многа, ці не многа?

Крутнуўся да стала, а там — нікога.

Зірнуў вачамі дзікімі пад ногі —

Ляжала Галя тварам да падлогі.

А дзеці дзе — Ірынка, Васілёчак?

Чаму яны забіліся ў куточак?

Чаму так ціха? Дол гэта ці хата?

У скронях біла нешта, як гармата.

Напруг мазгі, нібы рашаў задачку:

— Ну хопіць, Галя, Ну спароў гарачку!

Ну чалавек п’яны — дурны, вядома...

Але ляжала Галя нерухома.

Сцярог глыбокі адпачынак цела,

І, пэўна, ў рай душа яе ляцела.

Адмеран быў для Галі век кароткі,

І стала ў Бога больш на дзве сіроткі...

Ляжала Галя, нібы ліст апалы,

Як быццам спала, рукі распластала.

Жаночы лёс з ёй абышоўся крута.

І дасталася ёй бяда-атрута.

Ляжала Галя ціха, халадзела...

...А як жа трапятала гэта цела,

Палала як ля цела Міхасёва,

Яно было на ўсё, на ўсё гатова.

У ім цякла любоў без перапынку,

Яно насіла, берагло Ірынку,

Яно было калыскай Васілёчку,

Яно сустрэла мужна й гэту ночку..

1987


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.