epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Аўтапартрэт

Ён пець ад шчасця быў гатовы,

(Сябе ў сабе перамагаў)

Хаваў узрост свой блазнюковы

Хлапчук пятнаццацігадовы,

Як парку коней запрагаў.

 

Ён ледзь у сваё шчасце верыў,

Свой гонар цешыў спадцішка —

Калгас «узнёс», калгас даверыў,

Крок — і мужчына з юнака.

 

І толькі іскры ад каменняў,

Калі падковы білі ў іх.

Ён пралятаў, як гром вясенні,

Калі дзяўчаты ў захапленні

Глядзелі ўслед, ўздыхалі ўслых.

 

Ён мог насустрач дню імчацца,

Назад — вёз дровы, гной згружаў.

А тое, што цяжкая праца

Змардоўвала — не заўважаў...

 

О, залатое блазнюкоўства,

Юнацтва, як дзівосны сон!

І тое шчырае сяброўства

Штодзённа — два кані і ён.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.