epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Аўтатост

Адзін я.

Сам сабе тастую —

Хоць вый, хоць енчы, хоць брашы.

Вось так агонь у халастую

Гарыць, а побач ні душы.

 

Як слабнуць з часам дрэў карэнні,

Іх адпраўляючы на звод,

Так падгінаюцца калені

Жыццёвых спрацаваных год.

 

Такое параўнанне — ўцеха,

Бо ўсіх не абмінае Бог.

Я, тост мой і ад тосту рэха,

Раздушым пляшку тут на трох.

 

Мой сёння аўтатост кароткі,

Як крок астатняга жыцця:

— Ну што? Ці не пара да продкаў?

Кульні. Глыні.

Да адплыцця!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.