epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ажуры-амуры

Міхась тры дні як ажаніўся і цяпер, пасля вяселля, ішоў па сваёй вёсцы, адчуваючы сябе героем гэтага часу. На якую хату ні зірне — яе гаспадары два дні, а хто яшчэ і дзве ночы не вылазілі з-за вясельнага стала. Міхасю здавалася, што нават платы ўдзячна пазіраюць на яго, не кажучы пра вокны вясковых хат.

Раптам з-за аднаго «ўдзячнага» плота насустрач Міхасю выйшаў Антось Барсук, які быў разы ў два старэйшы за маладажонца.

— Адкуль і куды прамінэ? — спытаўся Барсук.

— А-а, дзядзька Антось! Вітаю вас... Ды вось хадзіў да свайго сябра Лявона — нейкі сумны ён быў на вяселлі, думаў, не дагадзілі чым... перапрасіць хацеў...

— Кожнаму не дагодзіш, браток, хоць са скуры выскачы,— зазначыў Барсук.

— Ды не! Дзякуй Богу, Лявон усім задаволены! — адказаў Міхась суседу і сваім адказам адначасова яшчэ раз супакоіў сябе.— У Лявона асабістыя перажыванні на любоўным фронце.

Барсук наблізіўся да Міхася:

— Дарэчы, пра любоўныя франты... Што б я хацеў табе пажадаць, браток Міхась!..

Міхась схамянуўся:

— Дык вы ж нам з Анюткай на вяселлі шмат чаго добрага нажадалі. Дзякуй вам!

— Не тое, браток! Не ўсё дазваляецца казаць прылюдна, тым больш на вяселлі... Я чалавек вопытны, абабіты сямейнасцю, можна сказаць, не адзін цэбар заціркі з’еў з жонкай... Я бабскімі выкрунтасамі хрышчаны-перахрышчаны...

Барсук азірнуўся па баках і сцішыў голас:

— Вось табе здаецца, што твая жонка — анёл з неба ці салодзенькая сунічка. Ад бабскіх сунічак пад старасць у роце — як кот апаражніўся.— І Барсук так кісла скрывіўся, што і Міхась адчуў, як зводзіць сківіцы.

— Я ж Анютку кахаю! — горача запэўніў Міхась.

— Кахай сабе, кахай, толькі вушамі не махай! — усміхнуўся дарадца.— Я чалавек вопытны, мая кроў супраць жаночай каверзы даўно выпрацавала мужчынскую антыкаверзу... Гэта табе не жарт!

— Мы ж з Анюткай душа ў душу! — успыхнуў Міхась.

— У цябе душа дзе? Тут? — І Барсук парнуў пальцам у Міхасёвы грудзі.

— Мусіць, тут,— няўпэўнена адказаў Міхась.

— І ў мяне тут, у грудзях! — пацвердзіў Барсук.— А ў баб душа бегае па ўсім целе, і куды яна заскочыць заўтра — сам чорт не ведае... А магчыма, толькі ён і ведае. Зразумеў?

— Шчыра кажучы, не,— пачырванеў Міхась.— Можа, я пайду, дзядзька Антось...

— Ідзі, але памятай, што я тут казаў,— перасцярог Барсук.— І яшчэ памятай галоўнае: калі жонка налягае на жаночую бялізну, ну, купляе розныя там нацельныя ажуры-амуры, значыцца, ёй ёсць каму іх паказаць, ёсць перад кім «душу» раскрыць. О, браток! Жонка з мужам ляжа і ў падранай кашулі... але толькі з мужам. Зразумеў?

— Ну, я пайду, дзядзька Антось.— І Міхась з падпсаваным настроем падаўся дахаты. Платы здаваліся шэрымі і абыякавымі, а вокны пазіралі на Міхася злыднямі.

Гэтым часам у Міхасёвай хаце Анюціны сяброўкі — шаферкі нядаўняй маладой — смакавалі разам з Анютай мінулае вяселле.

— Вой! Як гэта цудоўна! — ледзь не захлыналася паветрам адна.

— А ты, Анютка, у вясельным уборы, пад вяночкам, як царыца! — захаплялася другая.

— А цалавацца за сталом як!

— А што пасля вяселля?! — ажно згаралі ад цікавасці ўсе разам.

Стан дзявочай душы, якая «даспела» і падышла да жаноцкасці, здольныя ацаніць толькі самі дзяўчаты ці маладыя жанчыны, таму войкання і захаплення, піскаўні і бурлення пачуццяў, калі ўсе разам выказваюцца і адна адну не слухаюць, мужчынам не зразумець.

Сярод гэтага тлуму і траскатні хтосьці з сябровак кажа:

— Чытала нядаўна я адзін сексчасопіс, дзе чорным па белым надрукавана, што жаночая бялізна здольная ператварыць самага замухрышку ў эратычнага асілка...

— Як гэта? — здзівілася Анюта.

— А вельмі проста! — тлумачыць сяброўка.— Розныя карункі ды разрэзы дзе трэба на бялізне ператвараюць нават страхалюдзіну ў таямніцу жаночай чароўнасці.

— А як гэта? — зноў перапытала Анюта.— Дзіўна!

— Нічога дзіўнага! — казала далей начытаная сяброўка.— Думаеш, чаму Віталік ажаніўся з Аленай? Такі прыгожы з той брыдоцінай! Штосьці яна яму прыадкрыла, штосьці выставіла, ды яшчэ ў прыцемках, ды яшчэ ў ажурным аздабленні, ён і клюнуў. Там карункі, тут аздоба — вось і замужам худоба... Ён і самлеў... А ты кажаш... Бялізна — гэта палова жанчыны!

Анюта ўсміхнулася:

— У нас з Міхаськам і так, дзякуй Богу, усё добра! Пры чым тут разрэзы ды карункі? Сапраўднаму каханню гэта не патрэбна.

— Не скажы! — не вытрымала другая сяброўка.— Каханне, кажуць, у мужчын, як дым на ветры, хутка развейваецца. Хто ж не прагне таямніцы ў каханні, нейкай разынкі? Кот і той адно і тое доўга не есць. Вось і мужа каб трымаць на кручку, патрэбны розныя прынады.

— І без прынадаў мы шчаслівыя! — адказала Анюта.

— Шчаслівыя колькі? — ускочыла сяброўка.— Шчаслівыя тры дні! А далей што? Нават агонь згасае, калі яго своечасова не падтрымліваць!

Анюта паціснула плячыма:

— Што, па-вашаму, я павінна рабіць?

— Не адпускай яго з кручка! Зачароўвай жаночай недагаворанасцю! Заморвай яго сексуальнай смагай! — горача загаманілі сяброўкі.

— Пра што вы? — не пераставала здзіўляцца Анюта.

— А ўсё пра тое самае! — не сунімаліся былыя шаферкі.— У краму завезлі імпартную жаночую бялізну, здаецца, з Францыі. А французы да сексу — першыя ў Еўропе! Пакуль не расхапалі — купі на кожную ноч новае. Няхай твой Міхась млее ў пасцелі...

Тут адчыніліся дзверы і ў хату ўвайшоў Міхась з ужо падпсаваным настроем. Дзяўчаты, як спужаныя стрынаткі, ускочылі, хуценька развіталіся і з вясёлым гоманам падаліся да сваіх дзявочых клопатаў.

Міхась прысеў на лаву, падпёр рукой галаву. У вушах гудзеў дзядзька Антось са сваімі парадамі.

— Што здарылася? — пацікавілася Анюта.— Як там Лявон, не трымае ніякай крыўды?

— Усё добра,— абагульняючы, адказаў Міхась.

Анюта пасунулася да мужа, паклала руку яму на плячо:

— Слухай, Міхаська, ты не супраць, калі я падскочу ў краму?

— А чаго? — здзівіўся Міхась.— У нас жа пасля вяселля кладоўка ломіцца...

Анюта пачырванела, сумелася:

— Ведаеш, Міхаська, там прывезлі жаночую бялізну... французскую. Кажуць, апошні піск. Я ж хачу выглядаць прывабнай... жаночае цела тады таямніца...

— Што?! — ускочыў Міхась, але знайшоў сілы стрымаць сябе.

І ўсё ж першая кропля паслявясельнага дзёгцю трапіла ў святочны настрой мядовага месяца.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.