epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Баба з воза...

Прыемна у цяні спякотным днём,

Дарога ў лесе вузкая, як сцежка.

Мужык кіруе лейцамі канём,

За ім на возе баба, як капешка.

 

Конь прыхуднелы і, відаць, знямог,

А тут яшчэ карчы, калдобы, сучча.

Магчыма б весялей ён клыпаць мог,

Каб з мужыком не гэта баба-куча.

 

І бедны конік, аж узмок увесь,

Мужык сабе кіруе — нуль увагі.

Пад бабай той калёсы скрып ды трэсь,

Гатовыя даць дуба, бедалагі.

 

Дарога... Лес... Карчы... Спякотны дзень...

Мужык з цыгаркай... Баба, нібы скула...

На шчасце, трапіў пад калёсы пень,

І бабу з воза, быццам ветрам здзьмула.

 

Мужык сабе кіруе — ўвагі нуль,

Што раптам стала пуста за плячамі.

А конік — сілы у яго адкуль,

Перабірае весела нагамі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.