epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бабіна лета

Прыдумаць лепшае прыродзе ці магчыма?

Увосень лета! Здорава! Удала!

І неба яснымі, блакітнымі вачыма

На лета бабіна ўлюбёна паглядала.

 

І мроіў лес — не зносіць ён, не скіне

Ніколі залаты убор дзівосны.

Кружылася ў паветры павуцінне,

Імкнулася ў сонечныя кросны.

 

Кароткі дзень ласкава дыхаў, поўніў

Надзеяй далягляды, паднябессе.

І толькі жураўліны плач напомніў,

Што гэта восень — халадоў прадвесце.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.