epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бабка Хатабка

НОВЫ ЧЛЕН СЯМ’І
ЭКСКУРСІЯ
СЮПРЫЗЫ БАБКІ ХАТАБКІ
ПАДАРУНКІ
ТАЕМНЫЯ ДУМКІ
«ПАЗАШТАТНЫ СУПРАЦОЎНІК МІЛІЦЫІ»
ВОСТРАЯ КАНКУРЭНЦЫЯ
ЗАЛОЖНІК
«ДРЭННЫ ДОМ»
ВЯРТАННЕ Ў ДЗЯЦІНСТВА
РАСКРЫТАЯ ТАЙНА
СТАРАЯ-НОВАЯ ЖОНКА
АТЭСТАЦЫЯ
ПАЛЁТ НАД МІНСКАМ
РАПТОЎНАЯ ХВАРОБА
СУСТРЭЧА ПРАЗ ТЫСЯЧАГОДДЗІ
ПРАЦА НА ПАЎСТАЎКІ
ВЫКЛІК ДА ПРЭМ’ЕР-МІНІСТРА... І ПОЎНЫ КРАХ


(Аповесць-казка для дарослых)

 

Іван Паўлавіч Цвік, старшыня калгаса «Ветлы шлях», вылез з УАЗіка і нетаропка падаўся па полі, на якім замест пасаджанай бульбы панавала нейкае паедзенае жукамі сцябло.

Цвік шумна ўздыхаў і ўголас разважаў:

— Жыта ў гэтым годзе нікудышнае, буракі загадалі доўга жыць, а бульба ўвогуле абыходзіць пятае праз дзесятае... О-хо-хо... Відаць, не старшынстваваць мне на гэтай зямлі. Нават матухна-прырода супраць мяне натурылася — то сушыць, то мочыць...

Раптам Іван Паўлавіч аб нешта спатыкнуўся. Думаў, аб камень, але, азірнуўшыся, убачыў у баразне бутэльку.

— П’юць, чэрці, дзе папала! — плюнуў ён і сабраўся ісці далей, але прыцягнула яго ўвагу тое, што бутэлька была закаркаваная. Іван Паўлавіч зацікавіўся і падняў яе, абцёр і пачаў разглядваць. Але шкло было матавае і не дазваляла ўбачыць, што ж там усярэдзіне пасудзіны. Іван Паўлавіч патрос знаходку ля вуха, але ў бутэльцы нічога не забоўталася.

— Прыйдзецца браць на нюх! — хмыкнуў Цвік і з цяжкасцю выцягнуў корак. Панюхаў — ніякага паху. Пастукаў рыльца аб далонь — ні кроплі:

— Чакай, пакінуць табе алкашы!

Раптоўна з рыльца бутэлькі закурэў чорны дым, пасудзіна заварушылася, закраталася ў руках, як жывая, і выслізнула з пальцаў на зямлю ля аслупянелага старшыні. Паступова густы дым набыў абрысы чалавека і ператварыўся ў згорбленую, высахлую старушэнцыю, дзівосна, па-даўнейшаму апранутую!

Іван Паўлавіч ад нечаканасці — як стаяў, так і бахнуў адным месцам на зямлю. Ён хапаў паветра разяўленым ротам і толькі лыпаў вачыма. Іван Паўлавіч, хоць быў атэістам, пачаў старанна хрысціцца.

— Свят! Свят! Згінь, нячыстая!

— Дарэмна хрысцішся, галубок! Я не нячыстая сіла і твой крыж мяне не кране.

— А вы хто, бабка? Сон? Міраж? Здань?

Старая засмяялася:

— Ты, галубок, не памыліўся, назваўшы мяне бабкай. Я — бабка. Але не звычайная бабка, а бабка Хатабка. Чуў пра такую? Хі-хі-хі...

Іван Паўлавіч яшчэ больш разгубіўся:

— Якая Хатабка?.. Ёсць, такі стары дзед Хатабыч, ды і той у дзіцячай казцы... Не-е, гэта ўсё ж сон! — і Цвік пачаў біць далонямі па сваім твары.

Старая чарговы раз самазадаволена захіхікала, падклыпала да Івана Паўлавіча і ўзяла яго за руку:

— Уставай, галубок! Нельга майму збавіцелю сядзець на сырой зямлі перад той, якая абавязана сама стаяць на каленях перад чалавекам, што вызваліў мяне з тысяча-тысяча і тысячагадовага палону. Гэта я з гэтага часу буду выконваць усе твае пажаданні, высокапаважаны мой уладар!

Іван Паўлавіч, абапіраючыся на руку старой, падняўся з зямлі і няўпэўнена спытаўся:

— Дык што атрымліваецца, стары Хатабыч — гэта казка ці што?

— А-а, Гасан Абдурахман ібн Хатаб! Ён мой старэйшы брат — сталейшы за мяне ўсяго на тры тысячы гадоў. Павінна табе дакласці, галубок, што ён даволі адсталы джын. Нахапаўся ўсякіх там «о свет очей моих...», «о достойный из достойных...», «о прекрасный и мудрый отрок...». Цьфу! У мой час гэтак не сюсюкалі. Ды і чарадзейнічаў ён дзедаўскім спосабам — вырываў з барады валасінкі. А валасінкі, сам ведаеш, рана ці позна скончацца. Ды і змоклая барада не лепей мачалкі. Не, галубок, я чарую больш сучасна: шчоўкну пальцамі і ў думках загадаю неабходнае. Думкам ні дождж, ні снег не перашкода.

Іван Паўлавіч вырашыў выказаць сваю дасведчанасць:

— Наколькі я памятаю з казкі, у Хатабыча быў брат Амар Юсуф, а пра сястру не было ні слова. Адкуль жа вы ўзяліся?

Бабка Хатабка ўскіпела:

— Не смей сумнявацца ў маіх словах і сцвярджаць, быццам тое было казка! Я і мае браты — не выдумка! — потым спахапілася, пакорна склала перад сабой рукі і ціхмяна сказала:

— Прабач мне, мой уладар, за тое, што не стрымалася, але мне балюча чуць, быццам я і мае браты не існуем.

Іван Паўлавіч супакоіў старую:

— Нічога страшнага не адбылося. У нас і не такія рэзкасці і нястрыманасці можна пачуць. Гэта вы мне прабачце за недавер, але ж надта ўсё гэта неверагодна і больш падобна на казку ці сон... А па-другому як вы маглі апынуцца тут, на калгасным полі? Дзе тыя Абдурахманы ды Гасаны, а дзе мы! У нас тут усё больш Іваны ды Дзям’яны... У мяне ад усяго гэтага галава не тое, што ідзе кругам, а ўвогуле адкручваецца.

Старая перапытала:

— Адкуль я ўзялася? Пра мяне мала хто ведае толькі таму, што мае браты, якіх зняволіў у гэткія ж бутэлькі Сулейман ібн Дауд, баючыся наслаць і на мяне гнеў Сулеймана, не згадвалі ніколі маё імя. Але знайшоўся нехта, хто данёс на мяне Сулейману, пасля чаго ён пасадзіў мяне ў гэту мярзоціну, закаркаваў і шпурнуў яе не ў ваду, як маіх братоў, а каб разлучыць нас канчаткова, кідануў яе ў паветра — куды вочы глядзяць. Павінна табе дакласці, галубок, што палёт быў даволі доўгім, а падзенне балючым. І вось, пасля тысячагоддзяў зняволення, дзе, дарэчы, я і састарэла, ты падараваў мне доўгачаканую свабоду. За гэта прасі ўсё, чаго толькі пажадаеш, але спачатку назаві сваё імя, мой вызваліцель, каб я магла ўхваляць цябе і тваіх шаноўных бацькоў.

— Мяне завуць Іванам Паўлавічам, ды і тое не ўсе,— сціпла адказаў Цвік.

— Па-нашаму, значыць, Іван ібн Павел,— заключыла Хатабка і спыталася: — А чаму не ўсе завуць цябе Іванам Паўлавічам?

— Ды так... Начальства, распякаючы, часцяком называе Іванам-балванам, а нехта наўздагон кідае крыўднае: «іржавы цвік»... Але я звыкся з гэтым і не звяртаю ўвагі — на кожны рот замок не павесіш.

— Дык не быць гэтаму болей! — зноў ускіпела Хатабка — З гэтага часу ты будзеш самым высокашаноўным з усіх людзей!

— Ну... гэта вы загнулі,— не стрымаўся Цвік, але ўспомніў, што словы старой нельга падвяргаць сумненню, і хуценька дадаў: — Веру! Веру!.. Хацеў бы верыць, але ж мой калгас самы адстаючы ў раёне. У мяне хлеб не родзіць, бульба не ўзыходзіць, каровы малака даюць менш, чым козы. Вертыкаль мне такую высокашаноўнасць пакажа, што не буду ведаць, куды ўцякаць. Вось так, бабуля.

— Ты, галубок, расталкуй мне больш даходліва сваё гора, а я ўсё выпраўлю. Ды не забывайся, з якой даўніны я тут апынулася — словы «калгас», «вертыкаль», «распякаць» мне незнаёмыя.

Цвік крыху пакумекаў і прапанаваў:

— У мяне тут машына... Можа, я вас падвязу куды вам трэба — дарогай і пагаворым. Згода?

— З гэтага часу я падпарадкоўваюся тваёй волі, мой збавіцель.

— Тады — калі ласка! — і Іван Паўлавіч адчыніў дзверцы УАЗа.— А куды вас даставіць, бабуля?

Хатабка не зразумела пытання:

— Як куды? Мяне вязі туды, куды і сябе. Цяпер мы — адно цэлае. Я — тваё другое «я», твой цень.

Цвік аслупянеў:

— О, бабуля, мы гэтак не дамаўляліся! Дзе я вас дзену? У мяне жонка, дзеці, што я ім скажу? Мне будзе хана!..

Тут Цвік успомніў пра абяцанкі старой рабіць розныя цуды ды выконваць усе яго жаданні.

— Я, увогуле, не супраць... Але што я скажу сваім хатнім? Як я патлумачу, хто вы, адкуль... Ды і як мне вас зваць-велічаць — не бабкай жа Хатабкай?

— Як мяне будзеш зваць?.. Мне вось спадабалася адно слова, якое ты называў: «Ханá». А што яно азначае? Можа, заві мяне бабка Хана. Як, гучыць?

Цвік усміхнуўся:

— Увогуле, слова «хана» — спецыфічнае... Але калі націск ставіць на першае «а», то імя не самае горшае. Што ж, будзем зваць вас — бабуля Хáна!

— Вось і цудоўненька! — усклікнула Хатабка,— а ўжо тое, адкуль я і хто я — прыдумай што-небудзь сам.

Тут Цвік штосьці ўспомніў і ажывіўся:

— А памятаеце, у той казцы... прабачце, не казцы, а раней — Хатабыч мог рабіцца нябачным і праходзіць скрозь сцены? А вы так можаце? Мы маглі б без ніякіх праблем зайсці ў мой дом.

Адказ Хатабкі расчараваў Івана Паўлавіча:

— У адрозненне ад свайго брата, гэтымі сакрэтамі я авалодаць не паспела. Вялікі прарок і настаўнік Фархад Ібн Зухраб, ды прадоўжацца яго тысячагоддзі, пачаў раскрываць мне гэты вялікі сакрэт, але Сулейман ібн Дауд перарваў маё навучанне...

— Шкада,— выдыхнуў старшыня калгасу.

Калі машына кранулася з месца, у сэрцы Цвіка варухнуўся недавер і ён вырашыў выпрабаваць сваю новую знаёмую:

— А стварыце, бабка, Хат... бабуля Хана, цяпер які-небудзь цуд!

— Які цуд чакае мой збавіцель?

Цвік зморшчыўся:

— Вы, калі ласка, не завіце мяне збавіцелем ды ўладаром, інакш мае хатнія здадуць нас у дурдом.

— Слухаю і падпарадкоўваюся, Ваня ібн Павел! Не буду пры ўсіх гэтак цябе зваць. Але скажы, што гэта за такі дом, у які нас могуць здаць?

— Потым. Потым я вам шмат чаго патлумачу. Скажу толькі, што гэта — дрэнны дом. І яшчэ просьба: завіце мяне Іванам ці Ванем, а не Іванам ібн Паўлам.

Хатабка насцярожылася:

— Што, і за гэта нас здадуць у дрэнны дом?

Цвік суха адказаў:

— І за гэта!.. Вы забыліся, я чакаю цуда.

— Загадвай, што менавіта.

Цвік падумаў і прапанаваў:

— Ну, напрыклад, няхай тут, у машыне, з’явяцца грошы. Можна гэта?

— Можна. Але пакажы мне спачатку, што гэта такое, вашы грошы.

Іван Паўлавіч пакорпаўся ў кішэні і выцягнуў тысячарублёвую купюру:

— Вось... Такія можна?

Хатабка ўзяла купюру, уважліва яе разгледзела з двух бакоў, потым пстрыкнула пальцамі і штосьці шаптанула.

Раптоўна УАЗ да самага верху запоўніўся тысячарублёвымі купюрамі. Цвік рэзка затармазіў і спыніў машыну, бо і з бакоў, і да самага лабавога шкла, засланяючы дарогу, былі грошы. Недзе побач з гэтых каштоўных папер чуўся пераможны голас Хатабкі:

— Ці задаволены, галубок? Досыць ці яшчэ грошай?

— Хопіць! Досыць! Хутчэй забярыце іх назад пакуль ніхто не бачыць! Хутчэй, інакш мяне пасадзяць! Чуеце, Хатабачка?

На гэты раз пачуўся не пераможны, а расчараваны голас старой:

— Чую... Вымушана падпарадкавацца...

Праз хвіліну грошы зніклі. Цвік не мог стрымаць захапленне:

— Вось гэта клас! Ай ды бабка! А іх можна будзе вярнуць потым?

Хатабка не хавала свайго неўразумення:

— А навошта іх было прымаць адгэтуль, калі яны спатрэбяцца потым? Тым больш, што цябе за іх пасадзяць... Пасадзяць, гэта што — узнясуць высока? На трон пасадзяць?

Цвік кісла ўсміхнуўся:

— На такі трон пасадзяць, бабуля, што свету белага не ўбачу...

 

НОВЫ ЧЛЕН СЯМ’І

 

Нарэшце машына спынілася ля катэджа, у якім жыў Іван Паўлавіч з сям’ёй. Цвік дапамог старой вылезці з машыны і няўпэўнена падаўся з ёй у дом. Жонка ўбачыла побач з мужам дзіўную старую і з неўразуменнем пазірала на абодвух.

— Мір і працвітанне гэтаму дому, здравіе і дабрабыт усім яго жыхарам на многія тысячагоддзі! Ды знізойдзе на вас літасць нашых тварцоў! — урачыста і мудрагеліста прывітала прысутных старая.

Жонка Цвіка раскрыла рот ад здзіўлення і чакала ад мужа тлумачэння.

Іван Паўлавіч блытана замармытаў:

— Сонечка, якое нечаканае шчасце звалілася на мяне — я сустрэў сваю родную бабулю! Сутракай яе і ты! Гэта — бабка Ханá! — пры гэтым, ён ад хвалявання зрабіў націск на другое «а».

Соф’я Сцяпанаўна, заікаючыся, прывіталася, але не магла стрымаць неўразуменне:

— Якая хана? Чыя бабуся? Адкуль?

Цвік замітусіўся:

— Абдыміцеся, пацалуйцеся... Сонечка, я табе потым усё растлумачу...

Соф’я Сцяпанаўна няўпэўнена абняла старую і разгублена працягвала здзіўляцца:

— Мы столькі гадоў жывём з табой і ніякіх бабуль не было нават у паміне, а тут...

— Сонечка, чалавек з далёкай дарогі — потым роспыты. Праходзьце, бабка Хат.. бабка Хáна, распранайцеся.

Іван Паўлавіч узяў жонку за рукі і ціха сказаў:

— Была бабуля ў мяне, была, ды не было часу паведаміць табе пра яе. А цяпер яна пажыве з намі — месца хапае.

— Ты паставіў мяне перад фактам, як я магу пярэчыць. Няхай жыве...

— Вось і цудоўненька! Бабуля Хана, маю жонку можаце зваць Соняй ці Зосяй, а можаце Соф’яй Сцяпанаўнай. Мая жонка добрая, гэта першае хваляванне.

— Кажаш, Соф’я Сцяпанаўна? — удакладніла Хатабка.— Добра. Па-нашаму, значыцца, Соф’я ібн Сцяпан.

— Ваня, што гэта значыць? Што за ібн?

Іван Паўлавіч звярнуўся да старой:

— Вы, бабуля Хана, свае словы ў нас не ўжывайце. Гэта ў вас там, у Сярэдняй Азіі, так выражаюцца,— потым павярнуўся да жонкі: — Не звяртай увагі, бабуля доўга жыла на Усходзе. А Усход, сама ведаеш, справа тонкая.

— Дык адкуль яна — з Сярэдняй Азіі ці з Усходу? — удакладніла жонка.

— І там, і там жывуць людзі,— коратка кінуў Цвік.

— А чаму ты сваю родную бабулю завеш на «вы»?

Іван Паўлавіч крыху разгубіўся:

— Чаму? А таму! Таму, што мы доўга не бачыліся і я паспеў ад яе адвыкнуць. Пажыве ў нас — буду зваць на «ты»...

Трэба сказаць, што ў гэтай сям’і было двое дзяцей — сямігадовы Вася вучыўся ў першым класе, а дзесяцігадовая Валя перайшла ў чацвёрты.

На здзіўленне ўсім, дзеці шчыра ўзрадаваліся бабулі — для іх прабабулі, якая так нечакана з’явілася.

Месца ў катэджы хапала на ўсіх. І бабка Хатабка заняла асобны пакойчык, побач з дзіцячымі пакоямі. Яна з непадробнай любоўю ставілася да Васі і Валі.

Аднойчы Хатабка выпадкова падслухала размову дзяцей з бацькам:

— Тата, а чаму бабуля прыехала да нас з пустымі рукамі? Ніякіх гасцінцаў, ніякіх падарункаў не прывезла... Яна што, бедная ці скупая?

Іван Паўлавіч супакоіў дзяцей:

— Не трэба дрэнна выказвацца пра бабулю, яна старэнькая, магла і забыцца.

Праз нейкі час старая зрабіла абыякавы выгляд і спыталася ў гаспадара:

— Скажы, Ваня ібн Павел, якія дарункі і гасцінцы ты атрымліваў у маленстве ад сваіх бацькоў і што ты дорыш сваім дзецям?

Іван Паўлавіч задумаўся:

— Мае бацькі жылі сціпла, як і ўсе ў той час, таму мы, дзеці, былі рады і скарыначцы хлеба... А нашы дзеці сёння больш прасунутыя...

— Прасунутыя куды?

— Прасунутыя — гэта значыць больш развітыя, больш забяспечаныя. Ім сёння падавай музычныя цэнтры, камп’ютэры, мабільнікі...

— А грошы?

— І грошы таксама, на кішэнныя расходы.

Хатабка дзейнічала асцярожна і змяніла тэму:

— Я ўсё дома ды дома сяджу... Ты, Ваня ібн Павел, абяцаў павезці мяне ў ваш раённы цэнтр, паказаць ваша жыццё. Ты ўхваляў там нейкі супермаркет, дзе ўсё ёсць. Я хачу на свае вочы пабачыць музычныя цэнтры, і камп’ютэры, і мабільнікі... Мне ж цікава!

— Заўтра ж паедзем! — рашуча паабяцаў Цвік і сваё абяцанне выканаў.

 

ЭКСКУРСІЯ

 

Іван Паўлавіч кожны дзень вяртаўся з працы чарней хмары. Жонка ведала, што справы ў калгасе — горш не бывае, таму да мужа з роспытамі не лезла.

Затое бабка Хатабка адчувала сябе вінаватай перад сваім збавіцелем і не ведала, як і чым яму дапамагчы. Нарэшце яна не вытрымала і спыталася:

— Што, галубок, цябе зноў за нешта распякаюць?

— Не тое слова! Не тое, што распякаюць, а са свету белага зжываюць. Тое ім не так, сёе ім не гэтак. Далі мне тэрмін да восені — не выканаю план па хлебу, малаку і астатняму — і хана мне!.. Ой, прабач, бабуля, хана харошае слова пры правільным націску. Кранты мне!

— Ведаеш што, галубок,— прашамкала Хатабка,— пасадзі ты мяне ў сваю машыну ды павазі па палёх, пакажы ўзоры таго, што там павінна расці. Гэта для таго, каб я што-небудзь не наблытала. Абяцала ж я зрабіць цябе самым высокашаноўным — я і зраблю гэта.

Цвік сумна ўсміхнуўся:

— Якое там высокашаноўным! Хаця б крыхушаноўным...

— Паехалі! — схамянулася бабка Хатабка.— Там пабачым, можа, здолеем уцерці нос майму брату Хатабычу, які з піянерам Волькам займаўся дзіцячымі забавамі.

Ляснулі дзверцы машыны, і УАЗ весела пакаціў па палях калгаса «ветлы шлях».

Увогуле, правільная назва калгаса «Светлы шлях», але — ці нехта збіў наўмысна са стэлы першую літару, ці яна сама адвалілася — паступова ўсе прызвычаіліся да новай назвы і ўжывалі толькі яе...

— Вось, глядзі! — паказаў Цвік налева, калі яны ехалі ўздоўж поля, засеянага жытам,— хлеб у нас, бабуся,— усяму галава. А дзе ты тут бачыш галаву? Спрэс адны плехі. Ці ж такім павінна быць жыта?

— А якім? Растлумач.

— А такім, што, чым вышэй, чым гусцей, тым лепей. Тым большы ўраджай прынясе яно. А тут што? Каласок каласка не бачыць — разбегліся, як падшыванцы. Хлеб павінен стаяць сцяной! Зразумела?

— Здаецца, зразумела.

— Калі так — рушым далей! — і Цвік націснуў на газ.

— Цяпер зірні направа, бабуся. Бачыш гэта поле?

— О вялікі і магутны мой настаўнік Фархад ібн Зухраб! — пляснула ў далоні старая.— Гэта ж маё поле!

Цвік запярэчыў:

— Асмелюся не пагадзіцца з табой, Хатабачка, але гэта поле і не тваё, і не маё, а калгаснае.

— Ды не, Ваня ібн Павел,— кіпяцілася старая,— маё ў тым сэнсе, што тут я праляжала ў бутэльцы тысячы год і тут, на гэтым полі, ты падараваў мне свабоду, мой самы высокашаноўны збавіцель! Ты нават не ўяўляеш, Ваня ібн Павел, колькі разоў плугі выворвалі і зноў заворвалі мяне. А колькі я наслухалася тут розных слоў, якіх ад цябе пакуль не чула. Ды і ўвогуле, мой лексікон, як ты заўважыў, зрабіўся падобным да вашага.

— О, бабусечка! — рассмяяўся Цвік.— Нашага лексікону і тых слоў ты яшчэ наслухаешся. Але мы адхіліліся ад галоўнага. Дык вось, на гэтым полі я пасадзіў бульбу, а бачым што? Паедзеныя жукамі сцябліны. Адным словам не бульба, а фігня.

— Фігня, гэта што за расліна? Здаецца, я часцяком чула гэта слова, знаходзячыся ў бутэльцы.

— Гэта, бабуля, і ні расліна, і ні слова, а моўны быльнёг.

Раптам Іван Паўлавіч схапіўся за галаву:

— О, ё-ма-ё! Толькі гэтага не хапала! Зірні туды, бабулечка!..

Здаля, па гэтай жа палявой дарозе каціла насустрач «Волга».

— Гэта ж машына старшыні райвыканкама Кувалдзіна. Ну, цяпер трымайся, Іван-балван! — абурыўся Іван Паўлавіч.

«Волга» рэзка затармазіла, шугануўшы на УАЗ хмары пылу. Цвік мітусліва падбег да высокага начальніка, які працягваў, адваліўшыся, сядзець.

— Здрасце, Мацей Мацеіч! Рады бачыць! А я вось аб’язджаю, узважваю...

— Ён узважвае! — раўнуў праз апушчанае шкло Кувалдзін,— Ён нешта тут узважвае! Гультай, нядбайнік! Тут вока няма на што пакласці, а ён узважвае.

— Ды я паднацісну, паднапнуся... Убачыце, Мацей Мацеіч! Абяцаю!

— Убачу! Восенню ўсё убачу! Толькі цябе ўжо, пэўна, не ўбачу. А гэта каго ты катаеш у машыне? — торкнуў Кувалдзін пальцам у бок старой.

— Гэта?.. Гэта мая бабуля... Яна прыехала з Усходу, з Сярэдняй Азіі... Я ёй экскурсію наладзіў, вы ўжо прабачце, Мацей ібн Мацей.

— Які ібн? Якая экскурсія? Уборка на носе, а ў яго тут турысты з Сярэдняга Усходу. Я табе гэта прыпомню. Іван-балван!.. Паехалі! — зноў раўнуў Кувалдзін, і «Волга» рванула з месца.

Цвік вінавата зірнуў на Хатабку і развёў рукі.

— Цяпер мне і хана, і кранты, і яшчэ адно слова, якое ты часцяком чула на гэтым полі.

— Дык вось хто распякае майго збавіцеля! Ну сцеражыся, куча адходаў! Я цябе ператвару ў п’яўку, каб цябе трымалі ў слоіку і давалі піць кроў толькі хворых людзей! — і Хатабка сабралася пстрыкнуць пальцамі.

Цвік кінуўся да старой:

— О не! Не, Хатабачка! Не рабі гэтага!

— Чаму? — шчыра здзівілася старая.

— Не трэба,— стомлена папрасіў Іван Паўлавіч,— ён правільна мяне распякае. Магчыма, груба, але мяне хваліць няма за што. Тых, хто ў хвасце, ніколі не гладзілі па галоўцы. Праўда, яны,— і Цвік пакачаў пальцам угару,— не ўлічваюць адсутнасць угнаенняў, гліністую глебу, пагоркавы рэльеф палёў і іншае. Ім давай план, хоць задушыся. Яны думаюць, што вось тут, на гэтым полі, дзе бульба не хоча расці, раптоўна вырастуць ананасы. Не, так не бывае! Кожнай агародніне не толькі свой час, але і сваё месца... Але ж ім гэта не дакажаш!

— Дакажам, Ванечка,— шаптанула старая.

Цвік крутнуўся ў бок знікшай «Волгі» і злосна кінуў:

— Табе гэта не дакажаш, каб ты не даехаў!

Бабка Хатабка непрыкметна пстрыкнула пальцамі і нешта шаптанула.

У гэты час у «Волгі» раптоўна прапароліся ўсе чатыры колы. Машына рэзка спынілася.

Перапалоханы шафёр выскачыў з яе і схапіўся за галаву:

— Мацей Мацеіч, мы прапалі!

Прыйшлося вышчаміцца з машыны і Кувалдзіну.

— Тут жа ні сустрэчных, ні папярэчных машын не бывае! — з жахам крыкнуў ён.— Цяпер будзеш рады і таму Івану-балвану.

 

СЮПРЫЗЫ БАБКІ ХАТАБКІ

 

Час ляціць няўмольна хутка. Набліжалася восень, якая абяцае адным лаўры, другім галаўны боль.

Іван Паўлавіч некалькі разоў употай ад Хатабкі наведваў свае палі, спадзеючыся на цуд, але ніякіх цудаў не адбылося.

Жыта зусім «зліняла», бульбоўнік даелі жукі, а каровы толькі таму і зваліся каровамі, што мелі вымя, аднак малака амаль не давалі.

— Ашукала старая! Падвяла! — пляваўся Цвік.— Наабяцала кучу радасцяў — і ўсё на гэтым. Абяцанка-цацанка, а дурань радуйся... Э-эх, той стары Хатабыч з казкі быў больш спрытны.

У дадатак да ўсяго, патэлефанаваў Кувалдзін:

— Ну, Мічурын, заўтра еду да цябе! І еду не адзін, а высокі абласны прадстаўнік будзе прысутнічаць пры тваім трыумфе, каб потым не казалі, што крыважэрны Кувалдзін ні за што ні пра што з’еў цэннага работніка. Рыхтуйся!

Цвік не паспеў адкрыць рот, як у трубцы пачуліся кароткія гудкі. Яму падалося, што гудкі здзекуюцца і марзяняць: «вы-со-ка-ша-ноў-ны...» Ён кінуў трубку на стол:

— Во падклала свінню старая дык падклала! Запхнуць бы цябе назад у бутэльку, манюка! Нічога, пайду ў радавыя калгаснікі, буду цялятам хвасты падкручваць...

Раніцай да праўлення калгаса падкацілі дзве «Волгі», у якіх, як разумеў Цвік, вастрыў зубы на яго «выязны суд».

— «Эх, была не была! — рашуча распраміў спіну старшыня калгаса.— Паміраць —дык з гонарам! — і ён з высока паднятай галавой падышоў да начальства:

— Здрасце! Чым абавязаны?

— Вы толькі гляньце на яго, Васіль Вітальевіч,— звярнуўся да абласнога куратара Кувалдзін,— блытаецца ў хвасце раёна, а выкрочвае, як Зеўс.

Цвік не ўтрымаўся і з’едліва заўважыў:

— А што б рабіла галава, каб хвост не адганяў ад яе мух?

— Ну, ну, павастраслоў. Што ты запяеш праз гадзіну, Мічурын... Памятаю, ты ладзіў экскурсію для нейкай старэчы з Усходняй Азіі — вязі і нас туды.

— Як загадаеце! — ляснуў дзвярамі УАЗа Цвік і націснуў на педаль газа. «Волгі» пакацілі следам.

«З чаго б пачаць? — ліхаманкава думаў ён, адчуваючы, як напускная бравада пакідае яго.— Пачну з бульбянога поля, там паспрабую спіхнуць усё на каларадскіх жукоў — сжэрла замежная свалата бульбачку, з жукоў і пытайцеся... Ну, а потым прыйдзецца ехаць да жытнёвых плехаў...».

Цвік адчуваў сябе зайцам, за якім гоняцца раз’юшаныя ганчакі, і ад якіх няма паратунку.

Спыніўшыся ля бульбянога поля, Іван Паўлавіч разгубіўся: ці не заблудзіўся ён? Поле, на колькі хапала вачэй, ашчэрылася сакаўным, зялёным, востраканцовым лісцем, сярод якога красаваліся нейкія буйныя зялёна-жоўтыя плады.

Цвік скокнуў з машыны, падбег да поля і аслупянеў — у яго адняло мову. Ён забыўся на начальства, ён не верыў сваім вачам.

— Што гэта? Што гэта за культура? — пачуўся за спінай напружаны голас Кувалдзіна.

— Бог ты мой! — усклікнуў усхваляваны абласны начальнік.— Гляньце, гэта ж ананасы! Не можа быць такога! Неверагодна! Фантастыка!

Толькі цяпер Цвік успомніў сваю размову з Хатабкай, калі ён вобразна выказаўся наконт ананасаў на бульбяным полі... Ну і бабка! Не падвяла! А я хацеў яе назад у бутэльку...

— Неверагодна! — ніяк не мог супакоіцца абласны куратар.— Фантастыка! У нас — ананасы!

— Ну што тут такога неверагоднага? Ну, ананасы,— нядбайна адказаў Цвік,— для мяне гэта — звычайная справа.

Васіль Вітальевіч кіпяціўся:

— Якая звычайная справа? У нас, у Беларусі, і на табе — ананасы! Ды плявалі мы цяпер на замежжа!.. А пакаштаваць можна? — павярнуўся ён да Івана Паўлавіча.

Цвік увайшоў у ролю і зноў нядбайна даў дазвол:

— Якое пытанне! Можна, каштуйце! У нашых калгаснікаў ад іх ужо аскоміна.

Васіль Вітальевіч разрэзаў ананас і, смачна прыцмокваючы, усклікнуў:

— Цвікі б рабіць з гэткіх людзей! Ды з такімі кадрамі, як вы, Іван Паўлавіч, можна ў нашых умовах вырошчваць флору і фаўну ўсяго свету!

— А бульба дзе? — насядаў Кувалдзін.— Тут па плану павінна быць бульба, а не нейкія ананасы.

Цвік рэзка адказаў:

— Ды я за гэтыя ананасы накуплю бульбы на ўвесь раён, і вам асабіста.

— Ну, калі так, няхай будуць ананасы,— здаўся Кувалдзін, затым лісліва спытаўся:

— А мне можна пакаштаваць?

Іван Паўлавіч зрабіў выгляд, што не пачуў пытання і адышоў убок.

— Шчыпіць! — з захапленнем выціраў бараду і шчокі Васіль Вітальевіч.— Шчыпіць родненькі! Наш, сапраўдны беларускі ананас! Сіла!

— А дзе насенне бралі? — дзелавіта спытаўся Кувалдзін.— На чарговай селектарнай нарадзе загадаю ўсім старшыням калгасаў перайсці з бульбы на ананасы і, як мудра заўважыў Васіль Вітальевіч,— на флору і фауну ўсяго свету.

Абласны куратар кінуў пад ногі Кувалдзіну выгрызеную ананасную лупіну і бадзёра заключыў:

— Тут поўны парадак! Вязі нас, Іван Паўлавіч, да жытнёвых палёў! Ананасы — добра, а хлеб галоўней за ўсё.

Машыны загулі і паімчалі туды, куды Івану Паўлавічу менш за усё хацелася ехаць. Ён з цяжкасцю распазнаваў дарогу — перад вачыма стаяла так званае бульбяное поле. Захапленне, хваляванне і радасць перапаўнялі яго. Не ашукала бабулечка! Выратавала Хатабачка! Шкада толькі, што самому не ўдалося паспрабаваць ананаса, смак якога за ўсё жыццё не собіла паспытаць. Нічога! Цяпер экзотыка будзе круглы год у калгаснікаў на стале!

Такі настрой віраваў у душы Івана Паўлавіча. Лунаючы ў прыемных думках, Цвік і не заўважыў, як пад’ехалі да пляшывага жытнёвага поля. Але дзе яно?! Цвік рэзка націснуў на тормаз, каб не разбіць машыну аб... Ён і сам не зразумеў, аб што ён ледзь не расхвастаў свой УАЗ. Сцяна нечага незразумелага стаяла на іх шляху, падпіраючы сабой неба. «Волгі» таксама заскавыталі тармазамі, узняўшы густы пыл. Усім падалося, што гэта зараснік маладога леса ці гіганцкага бамбука. Калі ж разгледзеліся — ахнулі!

— Мама родная! Гэта ж жыта! — першым крыкнуў Васіль Вітальевіч.— Ды якое!

— Во-ой! — ускрыкнуў Кувалдзін.— Што за чартаўшчына! — і задраў галаву туды, адкуль нешта звалілася і балюча ўлупіла па плячы. А там, уверсе, велічна пагойдваліся агромністыя жытнёвыя каласы, ствараючы мілагучны перазвон.

— Ды гэта ж жыта! — хапаўся рукамі за жэрдкападобныя саломіны Васіль Вітальевіч.— Вось жа колас... каласішча! — ледзь падняў ён з зямлі ўпаўшы колас.— Трымаю ў руках, а не веру, што гэта не сон!

— Гваздане вам па галаве такое зернейка, адразу паверыце,— куснуў начальніка Кувалдзін, трымаючыся за плячо.

— Але як? Як вам гэта ўдалося? — з запалам звярнуўся Васіль Вітальевіч да Цвіка.— Ды вы — геній! Вы унікум сельскай гаспадаркі! — потым павярнуўся да Кувалдзіна і з дакорам сказаў:

— А вы сцвярджалі, што ён раённы хвост... Непрыгожа гэта.

— А я казаў і другое... я Вас,— ён раптам стаў зваць Цвіка на Вы,— я Вас, Іван Паўлавіч, назваў Мічурыным, а я слоў на вецер не кідаю.

А Васіль Вітальевіч не пераставаў захапляцца:

— Ды з аднаго такога зернейка атрымаецца цэлы бохан хлеба! Ды вы — наша надзея, Іван Паўлавіч! Цяпер нам і дзесяць — ды што дзесяць! — цяпер нам і дваццаць мільёнаў тон па плячу! Ваш вопыт распаўсюдзім паўсюдна!

— А дзе возьмем гэткія камбайны? А як захаваць, як перапрацоўваць такое зерне? Вы, дарагі Мічурын, апярэдзілі свой час,— не злазіў са свайго канька Кувалдзін.— Вы, шаноўны, стварылі нам праблемы.

— Гэта ўжо мае праблемы! — упэўнена адказаў Цвік, у думках спадзеючыся на сваю спрыяльніцу.

— Вось гэта па-нашынскаму! — пахваліў Івана Паўлавіча абласны начальнік.— Дарэчы, калі і ў жывёлагадоўлі ў вас парадак — Зорка Героя вам забяспечана!

— Праз галаву не зусім правільна даваць Героя,— дрыготкім голасам заўважыў Кувалдзін,— шмат поту і крыві я ўклаў у раённы росквіт.

Васіль Вітальевіч не звярнуў увагі на гэту заўвагу і скамандаваў:

— Паехалі на ферму!

Цвік ведаў, што на ферме яго чакае халодны душ у выглядзе нізкіх удояў і агульнай непрыгляднасці, але назад ходу не было. Якое ж было яго здзіўленне, калі ім насустрач выбегла ў бялюткім халаце даярка і горача засакатала, не звяртаючы ўвагі на высокае начальства:

— Што ж гэта робіцца, Іван Паўлавіч! Малаком запоўнілі ўсе ёмістасці, усе рэзервныя бакі, малакавозы не паспяваюць адвозіць малако на заводы! Трэба тэрмінова шукаць новыя магчымасці для рэалізацыі нашага малака! А яно ў нас высокай тлустасці і якасці! Вось... — затым крыху засаромелася,— ой, прабачце, вітаю вас!

— Нічога, нічога! Не бянтэжцеся! — супакоіў яе Васіль Вітальевіч.— Спачатку справа, а фармальнасці потым.

Цвік ажно засвяціўся:

— Малайчына, Клава! Непакоішся за справу! Знойдзем новыя магчымасці, не дадзім скіснуць малаку! Паказвай, Клава, свае ўладанні!

Высокая камісія, і ў першую чаргу сам Цвік, не верылі сваім вачам — каровы, як карцінкі, чыстыя, гладкія, прыгожыя. Вакол чысціня, стэрыльнасць. Не паветра, а водар, як у хваёвым лесе — і ніводнай мухі.

— Шампунем вы іх тут мыеце ці што? — здзівіўся нават Кувалдзін.

— Ну, даражэнькі,— і Васіль Вітальевіч абняў Цвіка,— і ў Маскве на ВДНГ такога не ўбачыш. Тут вы і галандцам нос падцерлі!

— Ды што нам Галандыя! — расхрабрыўся Іван Паўлавіч.— Падумаеш, Галандыя!

— Не скажы! — спыніў яго Васіль Вітальевіч.— Нездарма кажуць: калі ўбачыў непрыгожых жанчын і прыгожых кароў, значыцца ты ў Галандыі. Там карова, як у нас хлеб,— усяму галава. Аднак, калі меркаваць па гэтай ферме, наша галава — галавейшая.

Шчаслівы Іван Паўлавіч уставіў сваё:

— У нас і каровы прыгожыя, і жанчыны не горшыя за кароў!

 

ПАДАРУНКІ

 

Аднойчы Соф’я Сцяпанаўна вярнулася з працы і з жахам убачыла, што амаль уся кухня заваленая скарынкамі хлеба. З цяжкасцю яна дапяла да стала, паставіла сумку з прадуктамі і разгублена гукнула:

— Ёсць хто дома? Дзеці! Бабуля Хана! Што ўсё гэта значыць? Адкуль хлеб?

На крык выбеглі са сваіх пакояў Вася і Валя.

— Мама! Мамачка! Зірні, што ў нас! Які цуд! Якія падарункі! Ні ў кога няма такога! Зайдзі да мяне! — цягнула маці за руку Валя.

— Не! Спачатку да мяне! — цягнуў за другую руку Вася.

Соф’я Сцяпанаўна зазірнула ў пакой да сына і ахнула: ва ўсіх чатырох вуглах стаялі новенькія камп’ютэры з нейкімі мудрагелістымі прыстаўкамі. Ля сцен з цяжкасцю ўціснуліся музычныя цэнтры, на пісьмовым стале, побач з падручнікамі, ляжала некалькі мабільных тэлефонаў і грошы.

Бедная жанчына раскрыла рот ад здзіўлення і толькі хапала паветра. З аслупянення яе вывеў вокліч дачкі:

— Мамачка, цяпер зазірні да мяне!

У пакоі дачкі ўсё паўтаралася: камп’ютэры, музычныя цэнтры, мабільнікі і грошы.

— Што гэта? Адкуль? — ледзь выціснула з сябе маці.

— Гэта... Гэта...— пачалі перакрыкваць адно аднаго дзеці, але дамоў вярнуўся Іван Паўлавіч і дзеці кінуліся да яго:

— Тата! Татачка! Глянь, якая круцізна ў нас! Апошні піск! Хутчэй ідзі сюды!

Іван Паўлавіч зазірнуў у дзіцячыя пакоі і павярнуўся да жонкі:

— Што за цуды? Гэта ты ім накупіла? Але навошта столькі? Хапіла б аднаго камп’ютэра, ды і мабільнікі ў іх ёсць...

— Я купіла? — ачомалася Соф’я Сцяпанаўна.— Я думала, што гэта твае мазгі заклінілі.

Дзеці наперабой загаманілі:

— Гэта бабулечка! Гэта бабуля Хана! Яна падаравала!

— Бабуля? — перапытаў Іван Паўлавіч.— Ну і дзівосы!

Соф’я Сцяпанаўна схапіла мужа за руку і пацягнула на кухню:

— А вось гэтыя дзівосы ты бачыў? Гэта што, таксама бабка Хана? Навошта ты прыцягнуў у дом столькі сухароў? Ты кухню ператварыў у кормацэх!

Іван Паўлавіч больш збянтэжыўся ад сухароў, чым ад дарагой апаратуры. Аднак праз імгненне нейкая думка прасвятліла яго:

— Хух ты! Здаецца, я зразумеў... А дзе бабуля Хана? — спытаўся ён у жонкі.

Замест яе, зноў жа перакрыкваючы адно аднаго, адказалі дзеці:

— У сябе яна! У сваім пакоі зачынілася! — і дзеці падбеглі да яе дзвярэй: — Бабулечка! Тата ідзе да цябе! І мама таксама! Усе хочуць табе падзячыць за падарункі!

Іван Паўлавіч адхінуў дзяцей:

— Дзеткі, ідзіце ў свае пакоі, нам з бабуляй неабходна пагаварыць. І ты таксама пакінь нас адных,— звярнуўся ён да жонкі, затым пастукаў у дзверы:

— Бабуля Хана, адчыні, калі ласка.

Дзверы прыадчыніліся, і Іван Паўлавіч праслізнуў за іх, зноў зачыніўшы.

Хатабка сядзела на канапе з выглядам пераможцы і чакала ад свайго збавіцеля пахвалы. Аднак Іван Паўлавіч шэптам зашыкаў на яе:

— Што ты навырабляла, бабуля? Як ты магла, не параіўшыся са мной, зрабіць такое?

— А што? — здзівілася Хатабка.— Мала ці што?

— Якое мала? Навошта столькі камп’ютэраў? Для чаго столькі музычных цэнтраў? А мабільнікі! Аднаго хапае на гады! А навошта столькі грошай? Грошы — зло, павінен табе сказаць!

— А навошта ж ты тады папрасіў поўную машыну зла? Памятаеш?

— Я папрасіў, я і назад адпрасіў!

— Чэрствая твая душа, Ваня,— абурылася Хатабка.— Глянь, як дзеткі цешацца, узрадуйся і ты.

— А кухню навошта заваліла хлебнымі скарынкамі?

Хатабка ажывілася:

— Сам жа казаў, што ў дзяцінстве быў рады хлебнай скарыначцы... А цяпер вунь колькі скарынак я табе падаравала, а радасці не бачу... Адным словам — чэрствая ты душа, Ваня.

— Эх, бабуся, нічога ты не разумееш... Нельга ўсё ўспрымаць літаральна. Карацей так — ты зачыніся і нікога не ўпускай, а я пайду ўсё згладжваць ды ўладжваць.

Вярнуўшыся да жонкі, Іван Паўлавіч напусціў на сябе нядбайны выгляд:

— Нічога дзівоснага тут няма — бабуля вырашыла пацешыць праўнучат, вось і накупіла ўсякай усячыны.

— Накупіла! — падкінулася Софья Сцяпанаўна.— Яна што багацейка, мільянерша? Ведаеш, колькі ўсё гэта каштуе?

— Ведаю, ведаю,— супакоіў жонку Цвік.— Яна за доўгае жыццё сёе-тое назапасіла... Не на той жа свет ёй забіраць грошы.

— А навошта столькі? Куды дзяваць лішнюю апаратуру? Усе пакоі застаўлены — захламечаны!

— Неабходнае пакінем дзецям, астатняе — падорым школе.

— А сухары адкуль? — не сунімалася жонка.

— Сухары?.. Гэта я, каюся, не падумаўшы, прывёз са склада безгаспадарчыя сухары і здуру выгрузіў на кухню. Я збяру ўсё ў мяхі і занясу ў пуню — скормім свінням... Вось і ўсе праблемы.

Соф’я Сцяпанаўна паціснула плячыма:

— Калі ўсе, дык дзякуй Богу, што ўсе.

 

ТАЕМНЫЯ ДУМКІ

 

Іван Паўлавіч забег дамоў, і, не звяртаючы ўвагі на хатніх, бухнуўся на калені перад Хатабкай.

— Дзякуй, родная! Дзякуй, Хатабачка! Выратавала мяне, узнесла, узвысіла! Умыла ты іх усіх па першае чысло!

Соф’я Сцяпанаўна здзівілася:

— Што за фокусы ты выкідваеш, Ваня? Ад каго цябе ўратавалі? І што гэта за Хатабачка? Здурнеў!

Іван Паўлавіч апамятаўся і падняўся з каленяў:

— Гэта на мяне нахлынулі роднасныя пачуцці... Я так рады, што знайшлася бабулечка... Гэта — хвіліны слабасці.

— Нешта запознена нахлынулі на цябе пачуцці. Бабуля Хана даўно як прыехала, а ты толькі сёння бурна захапляешся. І што за Хатабачка? І хто каго ўмыў? Што ні дзень – новыя рэбусы.

Іван Паўлавіч пачаў выкручвацца:

— Хатабачка — гэта ласкальнае ад імя Хана... Што тут незразумела? А хто каго ўмыў? Ды мала што я мог ад радасці змарозіць. Дарэчы, мне вось трэба пасля працы памыцца — магчыма, гэта я і меў на ўвазе.

— Ну, няхай будзе так,— уздыхнула Соф’я Сцяпанаўна.

Калі ж перад сном усе разышліся па сваіх пакоях, Іван Паўлавіч непрыкметна праслізнуў да Хатабкі. Яна зноў сядзела ў позе пераможцы і з захапленнем глядзела на свайго ўзрушанага збавіцеля.

— Я ўсё ведаю! — шэптам паведаміла Хатабка.— Я нават ведаю, што хацеў пасадзіць мяне ў бутэльку.

У Івана Паўлавіча адвісла сківіца і адразу знікла ўзрушанасць.

— Дык ты, аказваецца, і думкі здольная чытаць! Так?

— Магу. Я шмат чаго магу, аб чым ты не здагадваешся. А наконт бутэлькі — не хвалюйся, я не пакрыўдзілася. Я шмат чаго табе наабяцала, але нічога не рабіла, бо чакала спрыяльнага часу. Ты сам некалі сказаў: кожнай гародніне — свой час.

— Бабачка Хатабачка,— і Іван Паўлавіч узяў у рукі зморшчаныя далоні старой,— як ты здорава прыдумала з ананасамі! Мала таго, што мае мучыцелі забітыя напавал, дык яшчэ нашы людзі, іх дзеці будуць ласавацца гэтай смакатой цэлы год, да новых ураджаяў.

— Гэта ты, галубок, падказаў ідэю. Памятаеш?

— Ды я тады ляпнуў языком проста так, ад ліхтара!

Хатабка здзівілася:

— Ад якога ліхтара? Там, здаецца, ніякіх ліхтароў не было.

Іван Паўлавіч рассмяяўся:

— Ды бог з імі, з ліхтарамі! Скажы лепш, як мне жыта зжаць ды што з ім рабіць. Не загубіць бы!

— Не хвалюйся, галубок, дапамагу! — ласкава сказала старая.

Цвік хітравата зірнуў на Хатабку:

— Скажы, бабулечка, а ты думкі ўсіх людзей чытаеш ці толькі мае?

— Вядома, усіх!

— А вось, напрыклад, думкі маёй Соф’і Сцяпанаўны! Што яна пра мяне думае? Можа, што непатрэбнае? Га?

Хатабка ўсміхнулася:

— Табе, галубок, лепш гэтага не ведаць. О, каб мужы ведалі, што пра іх думаюць жонкі, не было б ніводнай сям’і на зямлі.

— Няўжо мухі ў яе галаве? — насцярожыўся Цвік.— Я гэтага не перажыву!

— Пра мух нічога не ведаю, а думкі розныя бываюць. Вось ты, Ваня, учора, адбымаючы сваю жонку, што падумаў?

— А што? — зачырванеўся Іван Паўлавіч.

— А тое, што калгасная бухгалтарка больш стройная, больш зграбная... Думаў такое?

— Ну, бабулечка, гэта падумалася неяк неспадзявана. Ты ж не прадасі мяне?

— Ды я хутчэй сабе язык вырву, чым здраджу свайму збавіцелю.

— Дзякуй, родная! — абняў Іван Паўлавіч старую.

Бабка Хатабка хітра зірнула на суразмоўцу:

— Калі ўжо мы з табой сёння гэтак адкрыта размаўляем, прызнайся, якія думкі паланілі цябе пра тваю любую жонку?

Іван Паўлавіч разгубіўся, але не падаў выгляду:

— Рознае думаецца... Яна — гаспадыня... яна клапатлівая маці сваіх дзяцей... Што яшчэ? Яна не пілуе мяне кожны дзень...

— Як гэта не пілуе? А што, бываюць жонкі, якія распілоўваюць сваіх мужоў? Жах! — здрыганулася Хатабка.— Нават у нас, у джынаў, такой жорсткасці не было.

— Ды не! Зноў ты ўсё ўспрымаеш літаральна. Ёсць такія словы, якія ўтрымліваюць у сабе двухсэнсоўе. Пілуюць, рэжуць лес. Калі ж скарыстаць гэта да чалавека, значыцца ён загрызае другога чалавека.

— Зубамі? Зноў жах!

— Ды не! Як табе растлумачыць папулярна? Бываюць людзі, якія штодня вадзяцца, сварацца, дастаюць, як кажуць, да пячонак. На такога чалавека, бывае, кажуць: ну ты і дастаеўскі! Ясна? А мая жонка не такая.

— Цяпер зразумела. Цяпер буду ведаць, што твая Соф’я Сцяпанаўна — не дастаеўскі.

— Балда! — не стрымаўся Цвік.

— Дзякуй, мой збавіцель за пашану, але высокае званне «балда» насіў мой брат Хатаб, з ласкі піянера Волькі. Пераходзіць дарогу брату я не буду!

— Добра,— стомлена згадзіўся Іван Паўлавіч.— Ты — не балда!

Аднак старая вярнулася да непрыемнай для Цвіка тэмы:

— Не сярдуй, галубок, але ты не ўсе думкі агучыў пра сваю жонку. Штосьці ты ўтойваеш...

Іван Паўлавіч ціскануў плячыма:

— Ці ж іх усе пералічыш? Яны то з’яўляюцца, то знікаюць... Шмат іх...

— Ой і хітруеш ты! Ой і скрытнічаеш! Адна думка не дае табе спакою ўвесь час.

— Якая? — спужаўся Цвік.

— Не пужайся, галубок! — захіхікала старая.— Я ж паклялася, што ніколі не выдам цябе... А думаеш ты пра тое, што твая Соня і гаспадыня, і маці дзяцей, і адданая табе жонка, але...

— Што але?..

— Але, каб была крыху прыгажэйшай ды свяжэйшай. Так?

— Ёсць такая падлянка ў галаве... Я ад яе адмахваюся, адхрышчваюся, а яна ліпне, як бярозавы лісток у лазні. Але, Хатабачка... як бы табе сказаць? Гэта думка — без задняй думкі. А па-другое, ты сама разумееш — адно і тое прыядаецца... Яе жаночая свежасць ліняе паціху. Мая нясвежасць, яе нясвежасць — іх трэба нечым асвяжаць. Вось я думкамі і цешуся. Спадзяюся, ты мяне зразумееш.

— Каму, як ні мне цябе зразумець! Ты перада мною, галубок, не дужа вінавацься. Усе вы, мужчыны, аднолькавыя. І ў мой час, бывала, жанаты джын, а заглядаецца на мяне, маладзенькую. І правільна рабіў — прыгажосць толькі сляпы не заўважае.

— Дзякуй табе, бабулечка, за разуменне і спачуванне да маёй слабасці... Лягчэй на душы зрабілася.

— А калі так — дабранач табе і ўсім у гэтым доме!

 

«ПАЗАШТАТНЫ СУПРАЦОЎНІК МІЛІЦЫІ»

 

Аднойчы вечарам Іван Паўлавіч звярнуўся да Хатабкі:

— Вось што мяне хвалюе, Хатабачка. Хлеб — гэта добра, а спакой і здароўе людзей не меншае багацце. Разумееш, бабулечка, няма спасу ад рознага жулля — грабяць, крадуць, забіваюць. Адным словам – атручваюць жыццё: іх затрымліваюць, судзяць, але далёка не ўсіх. Не магла б ты хоць калі падказаць, хто стаіць за злачынствам ці хто што задумвае? Дапамажы людзям!

— А каму я падкажу? Не ісці ж мне ў міліцыю.

— Мне! — горача ўсклікнуў Цвік.— Мне! А я буду ўпотай падсылаць у міліцыю ананімныя вестачкі. Няхай ужо міліцыя прафесійна затрымлівае злачынцаў ці папярэджвае злачынствы. Ну, згодна?

— Ты ж ведаеш, што я не магу табе адмовіць...

Спачатку ў міліцыі да ананімак паставіліся з недаверам, насцярожана. Ананімкі падшывалі і забываліся на іх. Але ананімкі настойліва працягвалі паступаць і прымусілі людзей у пагонах звярнуць на сябе ўвагу. Вырашылі, дзеля смеху, праверыць адно такое данясенне. Праверылі — і ахнулі, усё супала да драбніц і злачынства было раскрыта, як па нотах. Тады хуценька дасталі з архіваў усе папярэднія паведамленні — і паказчыкі раёна па раскрыцці злачынстваў, нават самых цяжкіх і складаных, шуганулі ўгару.

Нарэшце высокае міліцэйскае начальства не вытрымала інтрыгі і вырашыла выкрыць любой цаной карыснага ананіма, каб узнагародзіць яго па заслугах.

Правільна кажуць: колькі вяроўцы ні віцца... Пры апусканні ў паштовую скрынку чарговага данясення Івана Паўлавіча вылічылі і «павязалі». Дакладней кажучы, яго ветліва запрасілі ў машыну і чынна прывезлі да начальніка раённай міліцыі, які, дзякуючы ананімкам, вырас ад маёра да палкоўніка.

Палкоўнік зноў жа ветліва, але рашуча спытаўся:

— Гэта вы доўгі час дасылалі нам цэнныя звесткі?

Цвік зразумеў, што аднеквацца бескарысна і скіс:

— Я, таварыш палкоўнік... Вінаваты...

— О, каб ва ўсіх была такая віна! — усклікнуў начальнік міліцыі.— Але адкуль такая дасведчанасць? Вы што, член усіх гэтых злачынных груповак? Гэтак дэталёва ведаць усе абставіны падрыхтоўкі злачынства, усе прозвішчы яго ўдзельнікаў здольны толькі адзін з групоўкі.

— Ну дзякуй! — крыўдліва выціснуў Цвік.— Я вам дапамагаў, а вы з мяне злачынцу робіце.

— Тады растлумачце сваю фенаменальную дасведчанасць! — рашуча запатрабаваў палкоўнік.

Іван Паўлавіч пачаў вагацца:

— Ці не ўсё роўна вам, адкуль інфармацыя? Галоўнае, што яна дакладная і карысная.

— О, не! — запярэчыў начальнік міліцыі.— Вы мне зубы не загаворвайце!

— Мне б не хацелася раскрываць чужую тайну, ды, відаць, прыйдзецца,— пачаў здавацца Цвік.— Справа ў тым, што да мяне прыехала сваячніца — мая бабуля... Яна валодае дзівоснымі здольнасцямі.. Але, калі яна даведаецца, што я раскрыў яе сакрэт, перастане вам дапамагаць.

Палкоўнік відавочна гэтым зацікавіўся:

— У яе што здольнасці яснабачання?

— Так, штосьці такое...

— Як у нябожчыцы Вангі?

— Што вы! Бярыце вышэй! — запаліўся Цвік.— Як у Настрадамуса!

— Ого! — здзівіўся палкоўнік,— Дык яе трэба залічыць у штат нашага райаддзела! Пенсію заробіць выдатную, табельную зброю ёй дадзім!

Іван Паўлавіч запярэчыў:

— Што вы, таварыш палкоўнік! Бабуля ў пагонах — засмяюць. Няхай яна застаецца, як і была, па-за штатам.

— Ну, няхай будзе, як і было,— згадзіўся палкоўнік і надаў свайму голасу афіцыйныя ноткі.— Абавязаны вас папярэдзіць, грамадзянін, што ананімкі неабходна выкарчоўваць з жыцця нашага грамадства. На першы раз я вам дарую, другі раз — будзеце пакараны...

Вярнуўшыся дамоў, Іван Паўлавіч аслабаніў Хатабку ад абавязкаў пазаштатнага памочніка міліцыі. Праз хуткі час раённыя паказчыкі ў сферы барацьбы дабра і зла рынуліся ўніз, а палкоўніка зноў панізілі да маёра, а потым зусім адправілі на пенсію.

 

ВОСТРАЯ КАНКУРЭНЦЫЯ

 

Бабка Хатабка дасказала чарговую казку Васю і Валі і цяжка ўздыхнула:

— Стамілася я, праўнучаткі, распавядаць вам пра тое, што было, чаго не бывала. Усё я ды я! Мне таксама хочацца паслухаць ад вас штосьці цікавае.

Дзеці разгублена пераглянуліся:

— Што ж вам, бабуля, расказаць? Пра нашу сям’ю вам усё вядома... Хіба пачытаць вам казкі?

— Казкі? А гэта цікава? — схамянулася старая.

— Вельмі! Вельмі цікава! — і дзеці па чарзе чыталі пра Змея Гарыныча, пра Каваля-вярнідуба, пра Салаўя-разбойніка. Калі ж Вася дачытаў да таго месца, як Ямеля злавіў шчупака, які ўмеў размаўляць чалавечым голасам, Хатабка рашуча спыніла яго:

— Хопіць! Далей не чытай! Мне неабходна абдумаць адну ідэю!

— Далей самае цікавае!

— Не, не і не! — замахала рукамі Хатабка.

Валя прапанавала:

— Можа, пра залатую рыбку прачытаць, калі пра шчупака не жадаеце?

— А залатая рыбка большая за шчупака ці не? — пацікавілася старая.

— Што вы, бабулечка! Залатая рыбка маленькая, а шчупак велізарны.

— Тады ўсё! Болей нічога не чытайце! Маленькіх рыбак ваш бацька прывозіць з рыбацтва заўсёды, а мяне цікавіць толькі шчупак. Дабранач, мае залаценькія! — і яна пайшла ў свой пакой.

Дзеці губляліся ў здагадках:

— Нічога не разумеем... На самым цікавым спыніла нас і збегла... Даўся ёй гэты казачны шчупак.

А Хатабка зачынілася ў сябе і будавала грандыёзныя планы:

— Ананасы, жыта, хлебныя скарынкі — гэта ўсё цудоўна! Я абавязана стварыць свята для ягонай душы. Ён заўзяты рыбак, мерзне на лёдзе, бядак, ля лункі, а ловіцца ўсялякая мелюзга, драбяза. Паспрыяю я яму злавіць шчупака! Ды не звычайнага шчупака, а такога, з якім мог бы пагутарыць! Ці ж мой Ваня горшы за нейкага там Ямелю?

І вось у адну цудоўную нядзелю сабраў Іван Паўлавіч свае рыбацкія прычындалы, склаў іх у драўляную скрынку, перакінуў праз плячо бур і падаўся на Мінскае мора, на падлёдны лоў. Выбраў месца на лёдзе, насвідраваў лунак і, пасля прыкорму рыбак, сеў на сваю скрынку, пачаў дробненька падрыгваць кароценькім вудзільнам — спакушаць рыбку «малую і вялікую».

Спачатку выцягнуў некалькі маленькіх «матросікаў» — акунькоў, потым некалькі гэткіх жа маламерак плотачак... Рыбачылася, як заўсёды — для хатняга катá.

Раптам нешта... ці, хутчэй, нехта моцна тузануў за лёску. Іван Паўлавіч ад нечаканасці ледзь не выпусціў з рук вудзільна. Танюсенькая лёска нацягнулася, як струна, і жаласліва ценькнула, гатовая ў любы момант пстрыкнуць.

Паўторны рывок быў настолькі моцны, што Цвік кульнуўся са сваёй скрынкі і таркануўся носам у лёд, але вудзільна з рук не выпусціў.

— Толькі б вытрымала лёска! Толькі б не адарвалася мармышка! — як пацеры, паўтараў Іван Паўлавіч.— Толькі б памер лункі дазволіў выцягнуць рыбіну!

Ён адчуваў, што рыбіна агромністая і што ніякія сінякі на руцэ не здольны ахарактарызаваць яе памеры.

Нарэшце рыўкі пад лёдам пачалі слабець, значыцца слабела і невядомае падводнае стварэнне... І вось з лункі паказалася вастраносая галава з зубастай пашчай.

— Матухна прачыстая! — усклікнуў Цвік.— Гэта ж шчупак! На мармышцы шчупак! Ды які! Колькі ж ён качак праглынуў за жыццё! Але як яго выдраць праз гэта ігольчатае вушка?

Лёска звінела з апошніх сіл, галава шчупака тырчэла ў лунцы, як корак у рыльцы бутэлькі.

Іван Паўлавіч цягнуў адной рукой за лёску, а другой спрытна схапіў багорчык, якім цапануў пад жабры і з усёй сілы тузануў палоннага з вады. Цяпер ужо ён шмякнуўся на спіну, але паваліўся не адзін — ля яго бока біўся аб лёд велізарны шчупак.

— Якая ўдача! — ускочыў на ногі шчаслівы Цвік.— Вось дык дзень сёння! Вось ды я!

Раптам шчупак узмаліўся чалавечым голасам:

— Адпусці мяне, Іваначка! Не губі маё жыццё дарэмна! Пашкадуй мяне, няшчаснага!

Іван Паўлавіч акамянеў. Ён азірнуўся — ці не жартуе хто за яго спінай? Нікога!

— Ты тут зараз казаў нешта ці мне падалося? — звярнуўся ён да шчупака.

— Я, Іваначка! Я! Табе не падалося. Пусці мяне назад у ваду!

— Ха! Знайшоў дурня! Калі яшчэ я такога злаўлю? Не! Зафаршыруе цябе мая жонка і пойдзеш ты за мілую душу пад гарэлачку!

— У імя тваёй Соф’і Сцяпанаўны, не губі мяне! Злітуйся! Там, у вадзе засталася мая маладая жонка — у нас зараз мядовы месяц.

— Мохам парос, а пра нейкі мядовы месяц пляцеш тут. Ды і адкуль ты ведаеш маю Соф’ю Сцяпанаўну?

— Я шмат чаго ведаю...

Іван Паўлавіч успомніў свой мядовы месяц, і гэта кранула яго сэрца:

— А можа, не трэба адпускаць? Га? Мядовы месяц хутка пройдзе, а потым пачнецца такая непрабудная шэрасць, што фаршырованаму шчупаку пазайздросціш... Гэта я табе заяўляю аўтарытэтна...

— І ўсё ж сэрца маё там, у вадзе, Іваначка!

— Ладна, карыстайся маёй дабрынёй. Плыві да свайго шчасця! — і ён з цяжкасцю прапхнуў шчупака праз лунку ў ваду.

Рыбачыць далей расхацелася, і Іван Паўлавіч пачаў збірацца дамоў.

Раптам з лункі паказалася ўжо знаёмая галава шчупака, які ласкава прамовіў:

— За тваю дабрыню ўзнагароджу я цябе, Іваначка, чым толькі пажадаеш. Калі табе што-небудзь спатрэбіцца, ты толькі скажы: «Па шчупаковаму загаду, па майму хаценню... хачу тое ці тое». У тваіх вушах адгукнецца мой голас. Калі ж мой голас не будзе адгукацца, значыць я адплыў далёка — ты паўтарай да майго адказу.

— Дзякуй, шчупачок, але твае паслугі мне не спатрэбяцца.

— Чаму? — здзівіўся ён.

— А таму, што жыве ў мяне бабуля, якая таксама здольная на ўсялякія штукі. Да таго ж, пра слугу двух гаспадароў я чуў, а вось пра гаспадара двух такіх прыслужных — не.

— Не параўноўвай мяне з нейкай порхаўкай старой! — пакрыўдзіўся шчупак.— Выгані ты яе ў тры шыі, а я табе буду служкай!

— Відаць, дарэмна я цябе адпусціў,— абурыўся Цвік,— вучыш мяне выгнаць старога чалавека вон. Фаршыраваны ты быў бы лагаднейшы.

— Глядзі, Іваначка, каб не шкадаваў потым! — і шчупак знік у цёмнай зімовай вадзе.

Пакуль Іван Паўлавіч высвятляў адносіны са сваім шчупаком ды прапіхваў яго праз лунку назад у ваду, да яго падбегла нямала калег-рыбакоў, якія заўсёды глядзяць не толькі ў свае лункі, але і пільна сочаць за бліжэйшымі суседзямі. І калі заўважаюць, што суседу шанцуе і ён цягае рыбіну за рыбінай, здымаюцца з якара і непрыкметна, бачком-маўчком перадыслацыруюцца бліжэй да вязунчыка. Міма іх відушчых-завідушчых вачэй не праслізне ніводная, нават самая маленькая сяляўка, а што ўжо казаць пра такую аграмадзіну, якая вытанцоўвала на лёдзе вакол Цвіка? Таму да яго збегліся рыбакі ледзь не з усяго Мінскага мора.

— Дзе ён?

— Дзе шчупак?

— На што лавілі? Якая нажыўка?

— Дайце хоць глянуць на яго!

Цвік прыадчыніў века сваёй драўлянай скрынкі:

— Які шчупак? Пра што вы? Вось увесь мой улоў — некалькі яршоў смаркатых. Вам, калегі, штосьці падалося...

— Ды што вы нас за дурняў лічыце?

— Мы не сляпыя!

— Ён тут так вытанцоўваў вакол вас!

— А вы вакол яго!

Іван Паўлавіч не здаваўся:

— Я не вытанцоўваў, а саграваўся... А падскокваў на лёдзе вось гэты акунёк. Вядома ж — у чужых руках і плотачка здаецца шчупаком.

З натоўпу рыбакоў выкульгаў сівенькі стары і дакорліва сказаў:

— Навошта ж ты, сынок, абдурваеш старога чалавека? У мяне хоць і прытуманіліся вочы ад старасці, але я бачыў у тваіх руках вялізнага шчупака...

— Ах, шчупака-а!.. А я адразу не зразумеў пра што вы! — даводзілася зноў маніць Цвіку.— А, дык вы пра шчупака гамоніце! Дык ён, пакуль я вакол яго вытанцоўваў, шусь у лунку, як мыш у нару,— і збег. Я нават вокам не паспеў міргнуць, як ён даў драла...

У рыбакоў вырваўся з грудзей стогн роспачы:

— У-у... ё-ё... — пасля якога ў Цвіка паляцелі вострыя кпіны:

— Лапух!

— Ахлэмак!

— Разява! — і яшчэ больш моцныя, непрывабныя для вуха...

Па дарозе дамоў Івана Паўлавіча раздзіралі змрочныя думкі: «І што гэта за звіліны лёсу? Бабуля-джын жыве ў мяне дома, а я не магу нікому раскрыць сакрэт, падзяліцца гэтым дзівам, бо не павераць, а здадуць у псіхушку... Цяпер вось шчупак гаваркі злавіўся — і зноў рот на замок, бо не мінеш дурдому. Які гэта цяжар для душы — неверагодныя тайны...»

Дома Іван Паўлавіч хадзіў змрочны і маўклівы, і толькі вечарам зайшоў да Хатабкі аблегчыць душу.

Старая сама пачала размову з таго, што больш усяго хвалявала Цвіка.

— Ну, які сёння ўлоў? Што на гэты раз прывёз дамоў?

— Што прывёз? Што прывёз, тое наш кот Гаўрык дахрумквае ўжо... Адна драбяза...

— Як драбяза? Ды такога не можа быць! А дзе шчупак?

— Які шчупак? — падскочыў Іван Паўлавіч.— А табе адкуль вядома пра шчупака?.. А-а, дык гэта зноў твае штучкі! А я, дурань, радаваўся, танчыў на лёдзе, выкрыкваў: «ай ды я!» — а гэта ты! Няма слоў, якімі хочацца абазваць цябе, старэча!

— Дык ты яго ўсё ж злавіў! — засвяцілася радасцю старая.— А дзе ён, пакажы хоць!

— Злавіць злавіў, а паказаць не магу, бо выпусціў назад у ваду.

— Навошта? Я так старалася для цябе, Ваня!

— Навошта выпусціў?.. Ты ж мне падсунула такога шчупака, што не выпусціць было немагчыма...

Старая пацікавілася:

— А хоць размаўляў ён з табой?

— О, усе мазгі мне задурыў! Такі гаварлівы, як Цыцэрон.

— Відаць, я табе зноў нечым не дагадзіла,— сумна зазначыла Хатабка.

— А ты хоць ведаеш, галава, што шчупак з рускай народнай казкі сваімі здольнасцямі можа паспрачацца з любым джынам?

— Няўжо нейкая там нікчэмная рыбка здольная скласці мне якую-кольвек канкурэнцыю?

— Якую-кольвек! — перадражніў старую Цвік.— Ды ты хоць ведаеш, што вычвараў той шчупак у казцы?

Хатабка збялела:

— А я ж, дурноціна, не даслухала тады казку да канца і, відаць, на сваю галаву, падаслала таго шчупака... Я ж думала — пагаворыць ён з табою, павесяліць цябе і ўсё... А ён вунь які!

— А хочаш ведаць, што тая «нікчэмная рыбка» раіла мне гнаць цябе ў каршэль з дому? Сама хацела мне служыць.

— А ты што? — насцярожылася старая.

— Ты ж бачыш, што! Адмовіўся ад яе паслуг і размаўляю з табой.

— За гэта дзякуй, Ваня! — супакоілася Хатабка, і раптам ускіпела: — Ды мы яшчэ паглядзелі б — хто каго! Я б яго жыўцом скарміла нашаму Гаўрыку!

— Ён бы праглынуў нашага ката і не заўважыў,— засмяяўся Іван Паўлавіч.— Давай дамовімся так: не звязвайся ты лепш са шчупаком і забудзься пра нашу размову. Будзем жыць, як і жылі дагэтуль!

Хатабка нічога не адказала, але падумала: «Як бы не так!..»

Нарэшце зіма саступіла дарогу вясне. Для працаўнікоў сельскай гаспадаркі пачыналіся напружаныя дні. А паколькі Цвік быў самым непасрэдным сельгасработнікам, спаць яму даводзілася менш за Напалеона, а есці меней за балерыну. Не хапала светлавога дня, каб усюды паспець, усё своечасова зрабіць. А гэты светлавы вясновы дзень, як вядома,— год корміць.

Памкнуўся быў Іван Паўлавіч звярнуцца за дапамогай да Хатабкі, але перадумаў без вострай неабходнасці напружваць старую.

«Неяк сам упраўлюся»,— думаў ён, гойсаючы на такім жа, як і сам, стомленым УАЗе па калгасных палёх.

Аднак, адчуваючы, што не спраўляецца сам, успомніў пра шчупака, ад паслуг якога легкадумна адмовіўся.

«А паспрабую я звярнуцца да яго! — абнадзеіла думка.— І Хатабцы дам палёгку, і праверу здольнасці шчупака... Мядовы ж месяц у яго даўно скончыўся...»

І Іван Паўлавіч шаптануў:

— Па шчупаковаму загаду, па майму жаданню — хачу, каб лепшыя палі майго калгаса былі сёння ж засеяны першасортнай пшаніцай!

У вушах Цвіка адразу пачулася:

— Чую, Іваначка! Будуць палі засеяны! Не хвалюйся!

— Ага, спрацавала! — радасна пацёр далоні Цвік.— Лічы, што пшанічка ў мяне ў кішэні. Цяпер можна крыху і расслабіцца, і дыхнуць вальней.

На наступны дзень Іван Паўлавіч патэлефанаваў Кувалдзіну і ўрачыста адрапартаваў:

— Дакладаю, Мацей Мацеіч! Адсеяўся па поўнай праграме, нават, звыш усяго, вялікія пасяўныя плошчы засеяў адборнай пшаніцай! Будзем з булкамі, Мацей Мацеіч!

— Рады чуць, Іван Паўлавіч! Пасля Вашых знакамітых ананасаў, я ў вашых здольнасцях не сумняваюся! Прыемна і тое, што ты першы ў раёне адсеяўся! А што тычыцца пшанічкі, прыеду праз які месяц палюбавацца на ўсходжасць. Ды і прэсу захаплю з сабой. Да хуткай сустрэчы!

Упэўнены ў лёсе пшаніцы, Цвік як бы забыўся на яе і ўсю ўвагу аддаў астатнім угоддзям і культурам. Бесперапынны рытм калгасных клопатаў хутка «з’еў» адпушчаны Кувалдзіным месяц, і толькі яго тэлефонны званок скалануў старшыню калгаса:

— Ну, даражэнькі Іван Паўлавіч, прывядзі сябе ў «эфірны выгляд», едзем да цябе з Васілём Вітальевічам, тэлебачаннем і газетчыкамі — будзеш сёння тэлезоркай! Сустракай!

Цвік быццам толькі прачнуўся:

«А я ж ні разачку не быў на пшанічных палёх — даверыўся шчупаку! А што, калі там пуста!»

Але адступаць было позна, тым больш, што неўзабаве да праўлення калгаса падкацілі дзве «Волгі» са світай, а за імі прышыбаваў мікрааўтобус з палохаючым надпісам па баках: «ПРЭСА».

Прывітаўшыся і выканаўшы ўсе пратакольныя фармальнасці, усе разгрупаваліся па машынах, гатовыя накіравацца да чарговага цуда, створанага Іванам Паўлавічам.

Ён таксама накіраваўся да свайго УАЗа, але Кувалдзін з павагай прапанаваў:

— Пакінь у спакоі сваю тарантайку, шаноўны Іван Паўлавіч! Запрашаю да мяне ў «Волгу»! Я цябе і адвязу, і прывязу назад. Прымі такую пашану!

Цвік нехаця падпарадкаваўся прапанове.

Эскорт з трох машын праз хуткі час прымчаў да першага знакамітага поля. Яшчэ здаля, убачыўшы ўзыходы, Кувалдзін захапіўся:

— Толькі месяц прайшоў, як ты адсеяўся, а пшанічка ў рост чалавека! Малайчына, Іван Паўлавіч!

Цвік і сам не чакаў убачыць такое.

Калі ж усе павыходзілі з машын — ахнулі і здзівіліся яшчэ больш:

— А што гэта? Што за сорт пшаніцы? Да чаго яна падобная?

Васіль Вітальевіч падышоў бліжэй, каб памацаць дзівосныя парасткі, але схапіўся за руку:

— Вой, як упякло! Што гэта? Гэта ж крапіва, вышэйшая за мяне! Звычайная пякучка! Цэлы лес з крапівы! Ну і пшаніца!..

— Крапіва!..— як рэха пералятала з вуснаў у вусны.

Кувалдзін запытальна зірнуў на Цвіка:

— Ну, Мічурын, дзе твая хвалёная пшаніца?

Цвіка больш за ўсіх хвалявала гэта пакутлівае пытанне, ён ліхаманкава шукаў ратавальныя словы:

— Я... Я заблудзіўся... не туды заехалі... Прабачце, тут недалёка другое поле — там пшаніца.

— Ну, калі заблудзіўся, вязі, куды трэба — больш мякка прапанаваў Васіль Вітальевіч.

Па дарозе да другога поля Цвік кляў і шчупака, і сябе за даверлівасць і маліў усіх святых, каб хоць на другім полі расла пшаніца.

Але цуда не адбылося — другое поле густа парасло дзядоўнікам і іншым быльнёгам у чалавечы рост.

Кувалдзін не хаваў сваёй злосці, абласны куратар пляваўся на ўсе бакі, прадстаўнікі прэсы акружылі няшчаснага Цвіка і сыпалі пытанні:

— Колькі цэнтнераў калючак вы плануеце сабраць з аднаго гектара?

— А крапіву будзеце рэалізоўваць свежай ці кансерваваць?

Цвік апусціў галаву і маўчаў — ён быў раздушаны, знішчаны, зняслаўлены.

Пачулася каманда Кувалдзіна: «Па машынах!» — і праз хвіліну Іван Паўлавіч застаўся адзін.

«Нават не прапанавалі падвезці... Вось так, Іван-балван, варта толькі спатыкнуцца, і ты нікому не патрэбен... Прыйдзецца ў эткую далеч тупаць пешадралам. Так табе і трэба — на шчупака спадзявайся, ды сам не махай вушамі...»

Ужо сцямнела, калі абяссілены Іван Паўлавіч дапяў дадому. На ўсе роспыты жонкі адказваў маўчаннем і, хоць быў галодны, як воўк, ад вячэры адмовіўся.

Хатабка дапытліва і нават весела пазірала на гаспадара і штосьці кумекала.

Раніцай Соф’я Сцяпанаўна здзівілася.

— А ты што, Ваня, на працу не пойдзеш? Захварэў ці што?

— Ногі туды не нясуць,— уздыхнуў Цвік.— Каму я там цяпер патрэбен?

— Вышэй нос! — падбадзёрыла жонка.— Снеданне на стале, я пайшла на працу. Пакуль!

Калі Соф’я Сцяпанаўна зачыніла за сабой дзверы, Хатабка падклыпала да Цвіка:

— Што здарылася, Ваня? Ваня ібн Павел... Даўно я цябе такім прыгнечаным не бачыла і даўно цябе так не называла...

— Ты мяне, Хатабачка, як ні называй, а я як быў Іванам-балванам, так ім і застаўся... Так ім і памру...

— Адкуль такое самапрыніжэнне? Ты ж даўно на высокім рахунку ў начальства, цябе даўно не распякаюць.

— Так? — ускочыў Цвік,— Шмат ты ведаеш! Мяне не распякаюць, затое аб мяне публічна выціраюць ногі!

— Ай, бедненькі! — са здзекам прашамкала Хатабка.— А ты пакланіся свайму ўсемагутнаму шчупаку, ён тваю бяду адным плаўніком развядзе...

— Здзекуйся, бабулечка, ёрнічай! Я з літасці таго шчупака і пакутую. Мяне зганьбілі, прынізілі, аплявалі прылюдна... Мне цяпер найкранцейшыя кранты! Ясна?

— Растлумачыш — будзе ясна.

І Іван Паўлавіч, як на споведзі, распавёў Хатабцы пра ўсе здарэнні мінулага дня.

— Заводзь сваю машыну і пакоцім да тых крапіўна-дзедаўных палёў! — рашуча прапанавала яна.— Але спярша паснедай!

— Я не паеду! — ускочыў, нібы з вострага цвіка, Іван Паўлавіч.— Другі раз такое відовішча я не перажыву!

— Перажывеш і яшчэ доўга жыць будзеш! — спакойна зазначыла Хатабка.— Збірайся і паедзем...

Калі ж пад’ехалі да першага, «крапіўнага» поля, Цвік літаральна зароў:

— Ды не можа быць такога! Учора, на гэтым самым месцы мяне чыхвосцілі за крапіву. Сёння — тут цудоўная пшаніца! Чые гэта штучкі? Твае ці шчупаковы?

— Мае! — сазналася старая.— Твая рыбіна сапраўды хацела дапамагчы табе і засеяла палі першасортнай пшаніцай. Але я разгадала вашу змову за маёй спінай і перад прыездам тваіх начальнікаў перамяніла пшаніцу на розны быльнёг. Няхай ведае твая нікчэмная рыбка, што да мяне ёй далёка!

— Навошта ты гэта зрабіла, злыднюга? — зноў зароў Цвік.— Ты мяне гэтым забіла, знішчыла, абняславіла! Забіць цябе мала пасля гэтага!

— А ты не ганіся за двума зайцамі! — параіла старая.

— Ды ты злосная, шкодная баба! Я думаў, што мы з табой сябры... не хачу цябе болей бачыць!

Бабка Хатабка узяла руку свайго пакрыўджанага збавіцеля і ласкава сказала:

— Супакойся, Ванечка ібн Паўлуша!

— Як я магу супакоіцца, калі сёння тэлебачанне ліло на мяне ўсякую брыдоту, а газетчыкі рыхтуюць ганебныя фельетоны? І гэта ўсё дзякуючы табе!

— Напішуць абвяржэнне, папросяць у цябе прабачэння, у ножкі табе паклоняцца.

— А дзядоўнік на другім полі? Што з ім рабіць? — спалохана спытаўся Цвік.

— Няма там ніякага дзядоўніка — і там цудоўная пшаніца!

Іван Паўлавіч разгублена паціснуў плячыма:

— Я ўжо не ведаю, на каго болей злавацца — на цябе, Хатабачка, ці на шчупака?

— На сябе, Ванечка, на сябе!..

Аднак на гэтым процістаянне Хатабкі і шчупака не скончылася.

Іван Паўлавіч не вытрымаў і цішком ад Хатабкі паехаў да Мінскага мора і, не надта верачы, паклікаў:

— Па шчупаковаму загаду, па майму хаценню, плыві да мяне, шчупак!

Доўга чакаў ён ад мора адказу, не дачакаўся і крутнуўся да УАЗа, але за спінай пачуў:

— Хух, як я стаміўся, спяшаючыся да цябе, Іваначка, аж з другога канца Мінскага мора! А вось і мая жоначка,— паказаў ён побач з сабой, дзе з вады выглядала галава другой рыбіны.— Толькі яна не здольная размаўляць па-чалавечы — нямая, як рыба.

— Прыгажуня! — ветліва азваўся Іван Паўлавіч, потым расказаў шчупаку пра ўсё, што здарылася з пшаніцай, і дадаў: — Бабуліны чары больш моцныя, чым твае...Таму, калі я другім разам праяўлю сваю слабахарактарнасць і зноў папрашу цябе аб нейкай паслузе — не выконвай яе, бо старая пераробіць усё па-свойму.

— Я табе, Іваначка, прапаноўваў выгнаць яе вон, а ты не паслухаўся мяне... А наконт таго, што тая старая мацней у сваіх чарах за мяне — мы яшчэ пабачым! Успомніць яна мяне, ах успомніць!

Іван Паўлавіч абурыўся:

— Толькі гэтага мне не хапала! Пацягнула ж мяне за язык... Возьме ды яшчэ зжыве са свету маю бабулю, якая для мяне і без чараў стала, як родная. Трэба ж было найсці касе на камень...

На наступны дзень Цвіку патэлефанаваў сам старшыня аблвыканкама Дашкевіч:

— Што там у цябе, Іван Паўлавіч, на палёх расце? Нейкім быльнёгам захапляешся. Газеты сёння стракацяць рознымі колкімі публікацыямі, тэлебачанне вочы намазоліла тваімі «дасягненнямі». Зноў ты раён цягнеш назад, ды і вобласць ганьбіш. Мы цябе рыхтавалі на павышэнне... а цяпер хоць здымай цябе з пасады. Растлумач, у чым справа?

— Не ведаю, Генадзь Васільевіч, адкуль узялася такая інфармацыя... дакладней — дэзінфармацыя. У мяне на калгасных палёх быльнёгам і не пахне — расце пшаніца як пшаніца. Наколькі мне вядома, лепшая, чым у суседзяў.

— А тэлевізіёншчыкі знялі ў цябе нейкія калючкі ды пякучкі. Каму верыць?

— Верце мне, Генадзь Васільевіч! Телебачанне зманціруе і іншапланецян на маіх угоддзях...

— Ладна! Заўтра прыеду сам і буду верыць сваім вачам. Правільна кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым процілеглае чуць.

І прыехаў! І здзівіўся! І захапіўся!

— Куды яны глядзелі? Што яны панавыдумлялі? Сёння ж прымушу Кувалдзіна папрасіць у цябе прабачэння, Іван Паўлавіч! І газетчыкам, і тэлевізіёншчыкам накручу хвасты!..

Радасны і шчаслівы Іван Паўлавіч заскочыў вечарам дамоў, каб падзяліцца сваім трыумфам з хатнімі, але дома панаваў нейкі смутак.

— Што здарылася? — насцярожыўся ён.

— Захварэла бабуля Хана,— у адзін голас сумна паведамілі хатнія.— Не дакранаецца да стравы, нават ваду не п’е. А чалавек яе веку хутка слабее без ужывання ежы.

«Яе веку! — сумна ўсміхнуўся ў думках Цвік.— Ведалі б вы яе век!..»

Іван Паўлавіч ласкава звярнуўся да хворай:

— Бабулечка, можа б ты...

— І не старайся дарэмна! — перарвала яго Хатабка.— Пры адной думцы пра яду мяне ванітуе...

На наступны дзень усе заўважылі, што бабуля панікла, зжаўцела і працягвае гаршэць на вачах.

Тут ужо Іван Паўлавіч праявіў рашучасць і настойліва націснуў пытаннямі на Хатабку, на што яна адказала:

— Гэта твой шчупак зжывае мяне са свету!

— Якім чынам? — ускрыкнуў Цвік.— Што табе баліць?

— А такім чынам, што чакае мяне самы пакутлівы канец — галодная смерць. Твой шчупак — садыст.

— Які ён мой? — падкінуўся Цвік.— Сама мне яго падсунула, сама зварганіла гэту кашу!

Хатабка заціснула рот рукой:

— Не кажы мне пра кашу! Ад напаміну пра яду мяне выварочвае.

Іван Паўлавіч замітусіўся вакол старой:

— Можа б выклікаць дактароў!

— Не, галубок, дактары бездапаможныя перад чарамі... Відаць, недаацаніла я тую нікчэмную рыбіну.

— Няўжо ў цябе, такой усясільнай, няма ніякага супрацьяддзя? — шукаў выйсця Цвік.

— Не, ён валодае нейкімі сваімі сакрэтамі, як і я сваімі,— тут Хатабка ажывілася: — Але і я яму адплаціла тым жа! Думаю, што ён зараз ляжыць недзе на дне і пухне ад голаду... Так што памром мы адначасова.

— Ды вы абодва з’ехалі з глузду! Здымі зараз жа з яго чары! Каб знішчыць адно другога, шмат розуму не трэба!

— Няхай ён першы здыме свае чары, тым больш, што ён першы іх і наслаў на мяне.

— Добра, няхай будзе так! — згадзіўся Іван Паўлавіч.— Зараз ноч на падыходзе, патрывай да раніцы. Раніцай я памчуся да Мінскага мора і дай бог каб шчупак быў яшчэ жывы... Ляжы, не варушыся, беражы сілы.

Рана-раненька Іван Паўлавіч быў на беразе Мінскага мора і доўга і настойліва клікаў шчупака, а ён усё не прыплываў.

Калі надзея канчаткова пакінула яго, з вады паказалася шчупакова галава і ледзь чутна спыталася:

— Ну, чаго табе яшчэ трэба? Я аслаб і бачу цябе, як праз туман...

— Адбываецца штосьці жахлівае! — ледзь стрымліваў крык Іван Паўлавіч.— Людзі, джыны, рыбіны не ўмеюць ці не жадаюць жыць у міры і згодзе! Усе падурнелі! Вось ты, шчупачок, маеш такую ўладу над усімі — чаго табе не хапае, каб жыць у радасці?

Шчупак ціха адказаў:

— Зараз мне не хапае аднаго: яды. Я паміраю з голаду, а яда ў рот не лезе — адвярнула ад яе.

— Даскакаліся, уладары ды чарадзеі! — яхідна хмыкнуў Цвік.— Дык вось, даражэнькі шчупачок, выканай маё самае апошняе і самае галоўнае пажаданне: здымі з бабулі свае чары. Гэта нават не пажаданне, а патрабаванне!

— Ты ж сказаў, Іваначка, што яна, што б я ні зрабіў, перайначыць па-свойму.

— Не перайначыць! Яна, як і ты, памірае з голаду, і калі ты не здымеш чары — памрэ.

— Тады не здыму! Няхай памірае! Я ёй дакажу, хто з нас галоўны!

— Ды і ты памрэш, калі памрэ яна! Тваё жыццё залежыць ад старой. Уцям гэта!

— Чаму залежыць? — здзівіўся шчупак.

— Таму што яна, у адплату, пазбавіла цябе магчымасці есці. Хутка ты будзеш плаваць у вадзе ўверх пузам, а каму дастанецца твая маладая жонка? А жыццё — такая цудоўная штука!

— Ты ж, Іваначка, некалі мяне пераконваў, што жыццё — адна шэрасць.

— Я тады маніў!

— А дзе гарантыя, што пасля мяне твая старая здыме і свае чары?

— Я — гарантыя! — запальна запэўніў шчупака Іван Паўлавіч.— Калі яна ўпрэцца, тады я, як ты і раіў, выганю яе вон з дому!

— О, дзеля гэтай радасці я гатовы рызыкнуць! Ідзі, Іваначка, да сваёй шкоднай старой, я ёй дарую! — і шчупак паволі апусціўся ў ваду.

Іван Паўлавіч імчаў на сваім старэнькім УАЗе дамоў, пераганяючы ўсе іншамаркі, не звяртаючы ўвагі на дарожныя знакі і святлафоры.

Ускочыўшы ў дом, ён перш-наперш забег у пакой да Хатабкі, якая ляжала на спіне, паклаўшы на жывот рукі.

«Няўжо памерла? Эх, не паспеў!» — апякла думка.

Ён кінуўся да старой і залямантаваў:

— Не памірай, Хатабачка! Я з ім дамовіўся!

Старая з асалодай пагладзіла жывот і выдыхнула:

— Адчапіся, Ваня, ты перашкаджаеш мне пераварваць яду...

— Ну, дзякуй богу! Слава шчупаку! — потым схапіў старую за плечы і страсянуў: — А пра шчупака ты не забылася? Ты зняла з яго свае чары?

Хатабка выслабанілася ад гаспадаровых рук і зноў з асалодай адкінулася на падушку:

— Шмат гонару для твайго шчупака будзе, калі я здыму з яго чары! Няхай канае і ведае, хто галоўны!

— Ах ты, старая карчажына! Скалелая твая душа! Я табе, як твой збавіцель, загадваю зняць з шчупака чары! Ну!

Хатабка лянотна пацягнулася і пстрыкнула пальцамі:

— Добра, няхай жыве твая маляўка.

 

ЗАЛОЖНІК

 

Не дарэмна кажуць, што тайнае рана ці позна робіцца яўным. Тайна перастае быць ёю, калі яна належыць не аднаму чалавеку, бо чалавечы язык не толькі «вораг мой», але і вораг любой тайны.

Так здарылася і з Хатабкавай ананімнай дапамогай праваахоўным органам.

Як і належала чакаць, страціўшы такога цэннага «пазаштатнага супрацоўніка», міліцыя набыла другое — імклівы рост злачыннасці ў раёне. Атрымаўшы ў свой час па зубах, злачынцы затаіліся, выспявалі для новага, яшчэ больш магутнага выбуху.

Выбух злачыннасці — страшней за цунамі. Хвалі стыхіі рухаюцца з вядомага напрамку і даюць магчымасць ратавацца, а хвалі злачыннасці — нябачныя, і патэнцыяльная ахвяра не толькі не ўяўляе, куды ўцякаць, але і не падазрае, што яна ахвяра.

Дык вось, у злачыннае асяроддзе, у якім і свае апекуны, і свае паведамляльнікі, непазбежна прасачылася інфармацыя аб тым, што фенаменальны поспех міліцыі забяспечвалі ананімкі, якія нараджаліся ў доме Цвіка.

А каб больш балюча ўдарыць па Цвіку, было вырашана выкрасці яго сына. Вырашылі — і выкралі.

Знікненне хлопчыка было заўважана ў першы ж вечар, калі за вячэрай яго месца аказалася пустым.

Спачатку ўсе дзівіліся такой недысцыплінаванасці, як сказаў бы Хатабыч, «юного отрока», затым здзіўленне змянілася на хваляванне. Пасля безвыніковага абтэлефанавання ўсіх Васіных сяброў і знаёмых увесь дом запоўніла прыгнечаная трывога.

Трывогу ўзмацняла і тое, што яго мабільны тэлефон быў недасягальны.

Іван Паўлавіч патэлефанаваў у міліцыю і дрыготкім голасам паведаміў аб знікненні сына, але пачуў адказ:

— Не парыце гарачку, грамадзянін! Паўдня адсутнічае сын, а вы панікуеце. Другая справа, каб месяц не было яго...

Іван Паўлавіч бразнуў трубку і схапіўся за сэрца:

— Ім трэба, каб месяц адсутнічала дзіцянё, тады яны заварушацца! Куды цяпер кінуцца?

— Што ж рабіць? — заломвала рукі Соф’я Сцяпанаўна.— Бедны Васілька, дзе ты? Адчувае маё сэрца, што з ім адбылося штосьці жахлівае!

Валя ціха плакала, а Хатабка аб нечым засяроджана думала.

Паступова вечар змяніла ноч, але пра сон ніхто нават не думаў. Страшная невядомасць малявала больш страшэнныя карціны, бо ў страху — вочы вялікія.

Раніцай Іван Паўлавіч паімчаўся ў міліцыю, дзе даў волю сваім пачуццям, пакінуў там заяву і фотакартку сына. Яго, як маглі, супакоілі і запэўнілі, што прыкладуць усе сілы і выкарыстоўваюць усе магчымасці, каб адшукаць прапажу.

Гэта пакута доўжылася двое сутак, а на трэці дзень патэлефанаваў незнаёмы мужчына ці хлапец і, кашляючы, з хрыпам у голасе, рашуча заявіў Цвіку:

— Так. Мужык, твой вырадак у нашых руках. Зразумеў?

— Зразумеў! Зразумеў! — закалаціўся ад хвалявання Іван Паўлавіч.— Жывы ён? Дзе ён? І хто вы?

— Жывы твой байструк, на паслухай...

У тэлефоннай трубцы пачуўся зрывісты голас Васілька:

— Тата, татачка, я...— і крык адразу абарваўся.

— Так, мужык, пераканаўся? Жывы твой пацан!

— Што вам трэба? Чаго вы дамагаецеся? — закрычаў Цвік.

— Першае, што мы хочам, гэта, каб твая смярдзючая рука ніколі болей на даносіла на нас мянтам.

Іван Паўлавіч не стрымаўся:

— Я даўно ўжо не пішу ананімак! Даўно! І не збіраюся пісаць, толькі адпусціце сына!

— Адпусціць! Бач, які спрытны! А што калі мы крыху з яго паздзекуемся — адрэжам на памяць пальчык-другі...

— Не трэба! Малю вас! Адрэжце лепш у мяне пальцы!

— Ты, мужык, бачу, шустры. Ды за твае пальцы ніхто і капейкі не дасць, а тут можна патаргавацца.

— Колькі вы хочаце? Шмат?

Хрыпаты голас у трубцы зарагатаў:

— Во дурань! Пытаецца, шмат трэба ці не... Ды шмат грошай ніколі не бывае...

Івану Паўлавічу не да месца ўспомніўся мультфільм «Залатая антылопа», дзе таксама былі такія словы: «шмат золата не бывае», і ён сумна падумаў: «Трэба ж, і казкі пераклікаюцца з рэчаіснасцю...»

Соф’я Сцяпанаўна падчас гаворкі стаяла, нахіліўшыся да тэлефоннай трубкі, і ледзь дыхала, каб не прапусціць ніводнага слова.

— Назавіце суму! — напружана крыкнуў Цвік.

Пасля невялікай паўзы выкрадальнік сына назваў суму, ад якой у вачах Івана Паўлавіча пацямнела.

Ён няўпэўнена гукнуў у трубку:

— Мы ніколі не мелі такіх грошай...

Соф’я Сцяпанаўна выхапіла ў мужа трубку і крыкнула:

— Мы згодны! Згодны мы! Чуеце? Усё прададзім да апошняй кашулі, а грошы будуць!

— Вось і лады! — прахрыпеў незнаёмец.— Заўтра чакайце новага званка і далейшых інструкцый... І не падумайце бегчы ў міліцыю, інакш атрымаеце па пошце галаву сына...

Пачуўшы кароткія гудкі, Соф’я Сцяпанаўна паклала трубку і стомлена апусцілася на кушэтку.

Іван Паўлавіч разгублена спытаўся:

— Сонечка, дзе мы возьмем такія грошы?

— Да заўтра — не ведаю... Але ж не магла я адмовіць тым бандытам... Быў бы ў нас час, прадалі б катэдж і ўвесь свой скарб, а так – не ведаю...

— Грошы знайду я! — пачулася за спінай засмучаных бацькоў, якія забыліся на Хатабку.— І знайду столькі, сколькі скажаце! — заявіла старая.

— Ты? — перапытаў Іван Паўлавіч і раптам засвяціўся: — Безумоўна ты! Толькі ты здольная дапамагчы нам, дарагая Хатабачка!

— Зноў нейкая Хатабачка... І адкуль у вас, бабуля, такія грошы? У вас што, мяхі з грашыма стаяць у кожным кутку?

— Соня! Не чапляйся да чалавека! Дай нам з бабуляй перамовіцца па сакрэту і сёе-тое абмеркаваць! — і Іван Паўлавіч пацягнуў за руку старую ў яе пакой.

— Як жа я забыўся пра цябе? Вось калі спатрэбяцца грошы, якія былі ў машыне!

Хатабка абыякава пагадзілася:

— Можна тыя, можна другія...

Цвік раптоўна спахмурнеў і спытаўся:

— А як жа ты, прадбачніца ўсяго, дазволіла злачынцам выкрасці нашага Васілька? Чужым ты памагала, а свайго не ўберагла!

— Прабач, Ваня! Але ж ты пасля візіту ў міліцыю загадаў мне выкінуць з галавы ўсіх злачынцаў і іх задумкі... Давай лепей абмазгуем, як нам дзейнічаць далей.

— Нам? — здзівіўся Іван Паўлавіч.— А для чаго міліцыя? Няхай яны прафесійна даводзяць усё да канца... з нашым удзелам, безумоўна.

— Не, Ванечка, міліцыі не трэба! Міліцыя ўсё нам перапсуе. Падрыхтуй лепш на заўтра мяшок з-пад бульбы, а астатняе — мой клопат...

Раніцай наступнага дня пачуўся доўгачаканы тэлефонны званок. У трубцы хрыпеў і кашляў усё той жа голас:

— Грошы гатовыя?

— Так! Так! Гатовыя! — ледзь стрымліваў сябе Цвік.— Куды іх прывезці?

— Слухай уважліва, татуля! У самым канцы Залесскай вуліцы ёсць закінуты драўляны дом, які стаіць асобна ад астатніх. Сядай на свой іржавы УАЗ і каб праз гадзіну быў тут! Адзін! Без мянтоў, інакш наплачашся. Чуў такое слова — «бартэр»? Ты нам — грошы, мы табе — пацана...

У трубцы пачуліся кароткія гудкі.

— Можа б, паведаміць у міліцыю... няхай бы акружылі злачынцаў,— параіла Соф’я Сцяпанаўна.

— Не трэба міліцыі! — рашуча заявіла Хатабка.— Я паеду з Ванем!

— Вы? Для чаго? Вы ж будзеце там перашкодай! — запярэчыла Соф’я Сцяпанаўна.

— Соня! Не блытайся пад нагамі! Я паеду з бабуляй! Не хвалюйся і чакай нас з Васільком. І машына паехала ў накірунку Залесскай вуліцы. Хатабка трэслася на заднім сядзенні і маўчала, трымаючы ў руках пусты мех.

— Дык якія нашы дзеянні, бабуля? — спытаўся Цвік і азірнуўся да старой, але яна знікла. Замест яе на сядзенні стаяў напоўнены нечым мех.

Іван Паўлавіч затармазіў, каб высветліць, дзе ж бабуля, ад чаго мяшок хіснуўся наперад і з яго пачуўся Хатабкін голас:

— Асцярожна ты! Ледзь не скінуў мяне ўніз!

— А ты дзе?

— Ды ў мяшку я! У мяшку, замест грошай!

Цвік разгубіўся:

— А дзе ж выкуп? Не цябе ж мне аддаваць бандытам!

— Менавіта мяне! Занясеш мех у тую хату і скажаш: вось вам вашы грошыкі... Далей стой і маўчы. Зразумеў?

— Зразумеў,— нерашуча адказаў Іван Паўлавіч і націснуў на газ.

Аказваецца, міма гэтай закінутай драўлянай развалюхі ён праязджаў шмат разоў, не звяртаючы на яе ўвагі. Ці мог ён тады падумаць, што менавіта тут, у гэтай непрыгляднасці, будзе вырашацца лёс, а магчыма, і жыццё яго сына?

Іван Паўлавіч ускінуў на плечы мех, падышоў да дзвярэй і пастукаў.

Дзверы крыху прыадчыніліся, і ў праёме паказаўся няголены твар мужчыны ці хлапца, які з галавы да ног падазрона агледзеў Цвіка.

— Цвік? — спытаўся ён.

— Так, я,— пацвердзіў Цвік.

— Грошы прынёс?

— Тут яны,— адказаў Іван Паўлавіч і павярнуўся, паказваючы мех.

— Заходзь! — і дзверы расчыніліся на ўсю шырыню.

Іван Паўлавіч увайшоў у цьмянае памяшканне і ў першую чаргу агледзеў яго. Тут прысутнічалі яшчэ два незнаёмца, але першае, што яму кінулася ў вочы,— гэта Васілёк, які сядзеў прывязаны да крэсла. Кінулася ў вочы і яго схуднеласць.

— Татачка! — памкнуўся хлопчык да бацькі, але тыя двое яго асадзілі:

— Сядзі, шпанюк!

— Гані манету, мужык! — падышоў да Цвіка няголены незнаёмец.

Іван Паўлавіч асцярожна паставіў на падлогу мех з Хатабкай.

Уся тройца сквапна кінулася да мяшка, а Цвік ірвануўся да сына, ліхаманкава выслабаняючы яго рукі і ногі ад вяровачных путаў:

— Зараз, сыночак! Пацярпі, родненькі!

Ён так захапіўся вызваленнем свайго сына, што забыўся на злачынцаў і толькі іхнія крыкі расчаравання і адчаю прымусілі яго азірнуцца.

— Гэта ж старая карга, а не грошы! — зароў галоўны злачынец.— А дзе выкуп? У цябе пытаюся, казёл! — павярнуўся ён да Цвіка, пагрозліва бліснуўшы вачыма.

Мех быў развязаны, і з яго тырчала галава Хатабкі. Яна павольна аслабанілася ад яго, абтрэслася, як старая варона ад дажджу, і спакойна сказала:

— Будзе табе выкуп, будзе! І за майго праўнучка Васю будзе, і за тое, што старую жанчыну абазваў каргой.

— Ды я цябе, аблезлая курыца, адной рукой ператвару ў мокрае месца! — і бандыт замахнуўся на Хатабку, але яна пстрыкнула пальцамі, і Васін крыўдзіцель пачаў змяншацца, нібы кавалачак снегу ў гарачай вадзе. Разам з ім раставалі на вачах і яго кампаньёны. Праз хвіліну ўсе трое зніклі — на іх месцы стаялі тры закаркаваныя бутэлькі.

Іван Паўлавіч адразу зразумеў што да чаго, а вось Васілёк, якога засланяла ад астатніх шырокая бацькава спіна, нічога не зразумеў і спытаўся:

— А дзе гэтыя людзі? Збеглі яны?

— Гэта, сынок, не людзі,— адказаў Цвік сыну,— хутчэй забудзься пра іх існаванне.

Раптам аднекуль пачуліся прыглушаныя крыкі:

— Выпусціце нас! Злітуйцеся! Мы болей не будзем!

Іван Паўлавіч узяў сына за руку:

— Пайшлі, сынок, паціху да машыны, адтуль патэлефануем маме і Валі, а бабуля праз хвіліну-дзве прыйдзе да нас.

Калі бацька з сынам выйшлі з хаты, Хатабка сабрала ўсе бутэлькі і саставіла іх у цёмны кут.

— Прабачце за каргу! І за казла! Лепш здайце нас у міліцыю! — чулася з бутэлек.

— О, не! — запярэчыла Хатабка.— Міліцыя вас не перавыхавае! На першы раз я пратрымаю вас у такой няволі столькі, колькі вы ўтрымлівалі Васілька, а потым выпушчу — дам вам шанц. Але калі вы зноў возьмецеся за сваё — пасаджу вас у гэтыя пасудзіны і кіну ў памыйную яму... назаўсёды!..

Каля машыны Хатабка шаптанула Івану Паўлавічу:

— Можа б ты патэлефанаваў у міліцыю, няхай спыняць пошук...

— А яны яго і не пачыналі! — махнуў рукой шчаслівы бацька.

 

«ДРЭННЫ ДОМ»

 

Неяк вечарам Валя звярнулася да Хатабкі і прапанавала ёй:

— Бабулечка Хана, дырэктар нашай школы пытаўся ў вучняў: у каго ёсць бабулі ці дзядулі, якія нарадзіліся да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дырэктар хоча арганізаваць сустрэчу вучняў з такім чалавекам. Каб усе пачулі ад яго, як кепска жылося да рэвалюцыі, і як добра мы жывём сёння. Можа б ты згадзілася на такую сустрэчу? Ты ж такая старэнькая і, пэўна, нарадзілася пры цару...

— Па-першае, праўнучанька, я не ведаю, што такое рэвалюцыя, а па-другое, твой бацька забараніў мне без яго дазволу пакідаць сцены гэтага дома.

— Чаму? — здзівілася Валя.— Ты ж не ў турме! Галоўнае, каб ты дала згоду, а мы з табой ціхенька днём, у адсутнасць таты, наведаем школу і вернемся назад.

— Мне, шчыра кажучы, праўнучанька, і самой надакучыла сядзець усё дома ды дома... Мала што змянілася ў маім жыцці пасля праклятай бутэлькі...

Валя чарговы раз здзівілася:

— Якой бутэлькі? Можа, Бутыркі? Турма такая ёсць, але ж ты не сядзела ў турме.

— Не ведаю, дзетка, ні рэвалюцыі, ні Бутыркі, але да дзяцей схаджу. Ёсць што расказаць ім, ды і праветрыцца мне не пашкодзіць.

Дырэктар школы быў вельмі рады, даведаўшыся, што Валіна прабабка дала згоду на сустрэчу з вучнямі і што яна дзівосны распавядальшчык.

У школе, як і ў арміі, сустрэчы з цікавымі людзьмі ладзяцца хутка — даў каманду, і праз гадзіну ўсе ў зборы.

Бабку Хатабку з пашанай правялі праз усю напоўненую вучнямі і настаўнікамі залу проста на сцэну.

Дзеці заапладзіравалі, упершыню ўбачыўшы такую згорбленую, старэнькую бабулю.

Пачуўшы апладысменты і ўбачыўшы столькі ажыўленых дзіцячых вачэй перад сабой, Хатабка і сама ажывілася, акрылілася душой. На яе нахлынулі ўспаміны пра ўласнае бязвоблачнае і такое далёкае дзяцінства.

Дырэктар узяў са століка перад Хатабкай мікрафон і звярнуўся да залы:

— Дарагія дзеці! Шаноўныя калегі! Нам выпала рэдкае шчасце пачуць з гэтых паважаных вуснаў, ад гэтай мудрай жанчыны, якая жыла пры цару, сярод капіталістаў-прыгнятальнікаў, што бачылі яе вочы і што чулі яе вушы. У нас няма падстаў не верыць пачутаму. Прашу вас, бабуля Хана, кажыце ў гэты вось мікрафон! — і дырэктар спусціўся са сцэны, сеўшы ў першы рад паміж настаўнікамі.

Дзеці зноў горача заапладзіравалі, а Хатабка паднесла да вуснаў мікрафон і пачала расповяд:

— Я рада бачыць вас, дзеці, у цялесным здароўі і душэўнай гармоніі! Ды ахіне вас, высокашаноўныя слухачы, міласцівейшая ласка вашых стваральнікаў!

З залы пачулася:

— Не стваральнікаў, а бацькоў! — пасля чаго залу напоўніў лёгкі смех. Было бачна, што вучні пасля напружаных урокаў у такім вялікім гурце адчуваюць сябе вольна і рады пашуткаваць ды падурэць.

Хатабка не звярнула ўвагі на выкрык з залы і працягвала:

— Мне, мае непараўнальныя знаўцы гэтых навуковых сценаў прыемна вам дакласці, што мне вельмі шмат гадоў. Настолькі шмат, што я памятаю, як сонца ўзыходзіла адтуль, куды сёння садзіцца, а месяц і зоркі яшчэ не былі створаны.

З залы зноў пачулася:

— А як жа прылівы і адлівы без месяца?

— А раней без зорак караблі не маглі плаваць начамі...

Хатабка і на гэты раз прапусціла заўвагі міма вушэй і працягвала:

— У тыя далёкія часы горы былі такой вышыні, а іх вяршыні такія вострыя, што распорвалі нябеснае покрыва і адтуль звяргалася процьма вады...

— Пра цара раскажыце, як ён правіў і жыў,— пачулася просьба з залы.

Хатабка ажывілася:

— У маю бытнасць светам правілі магутныя джыны — настолькі магутныя, што нават мае бацькі з славутага роду Абдурахманаў трапяталі перад імі. Не было дня, каб...

— Хлусня! — ізноў пачулася з залы.— Бабуліны казкі! Вы б яшчэ ўспомнілі Сулеймана ібн Дауда з казкі «Стары Хатабыч»!

На гэты раз вытрымка пакінула Хатабку — ёй адкрыта выказвалі недавер і падвяргалі сумненню існаванне яе брата Хатабыча.

— Замоўкні, занядбаны отрак! Як пасмеў ты, паганец, лічыць майго роднага брата Гасана Абдурахмана ібн Хатаба персанажам нейкай там казкі? А ці ведаеш ты, невук, хто такі Сулейман ібн Дауд? Ды перад яго магутнасцю трапяталі ўсе ад аднаго краю Зямлі да другога. Ды я ператвару кожнага з вас, хто не давярае мне, у агрызак крэйды, якой будуць пісаць на платах усякую непрыстойшчыну!

Дырэктар школы збялеў і шаптануў настаўніцы:

— Хуценька патэлефануйце у Рэспубліканскую псіхіятрычную бальніцу, няхай тэрмінова прышлюць брыгаду санітараў.

Настаўніца пад шумок непрыкметна выслізнула з залы.

А ў зале ўжо не смех чуўся, а стаяў рогат.

Хатабка тым часам распаліла сябе канчаткова, адкінуўшы ўсе перасцярогі, якімі адгароджваў яе ад непрыемнасцяў Іван Паўлавіч:

— І калі я ператвару некага ў кавалачак крэйды ці смярдзючую швабру — лічыце гэта за шчасце, бо я магу пасадзіць вас у бутэльку, як зрабіў са мной і маімі братамі Сулейман ібн Дауд, і кінуць у самае гнілое балота. Літасць мая — бязмежная, але і гнеў — жахлівы! Асцерагайцеся гневу джынаў і карыстайцеся іх міласцю!

Пакуль Хатабкай уладарылі эмоцыі, прымчалася брыгада санітараў, якія непрыкметна зайшлі ў залу і даслухалі красамоўны дыялог будучай сваёй пацыенткі.

Затым жанчына ў белым халаце паднялася на сцэну і ласкава прапанавала старой:

— Ці не магла б шаноўная распавядальшчыца прайсці са мной? Ваш расказ настолькі праўдзівы і цікавы, што яго прагнуць паслухаць у нашай культурнай установе. У нас там вам выкажуць увагу і пашану!

Хатабка бліснула вачыма ў залу:

— Вось як трэба звяртацца да глыбокашаноўных старцаў! Вучыцеся, няўдзячныя! — і яна пакорна паклыпала за ветлівай незнаёмкай.

З залы пачуўся спужаны голас Валі:

— Бабулечка, не хадзі! Вярніся! — але настаўнікі хуценька выпхнулі дзяўчынку з залы.

Хатабку ветліва правялі праз службовы ўваход, дапамаглі ёй сесці ў санітарную машыну і павезлі ў тую ўстанову, якую Іван Паўлавіч назваў колісь «дрэнным домам».

Яе, у суправаджэнні двух санітараў, правялі па доўгаму калідору і, адчыніўшы дзверы, упусцілі ў прасторны светлы кабінет, у якім за сталом сядзела жанчына прыемнага выгляду.

— Вітаем вас, бабуля! Мы рады бачыць вас у нашай культурнай установе! — пачула Хатабка пявучы голас гаспадыні кабінета.— Сядайце, калі ласка, адпачніце з дарогі!

Хатабка з асалодай апусцілася ў мяккае крэсла.

— Настолькі ветлівы зварот да мяне напаўняе маю душу салодкім зачараваннем і пасяляе надзею на прыемнае знаходжанне пад гэтым гасцінным дахам.

Гаспадыня кабінета зноў жа ветліва працягвала:

— Упэўнена, што вам у нас спадабаецца, шаноўная бабуля... але спачатку мы павінны выказаць яшчэ большую павагу і зрабіць невялічкую працэдурку...

Хатабка напомніла:

— Але ж я чакаю сустрэчы з удзячнай аўдыторыяй, каб працягнуць свой расказ...

— Безумоўна! — усклікнула жанчына ў белым халаце,— Безумоўна! Адразу ж пасля працэдуркі павядзём вас у аўдыторыю!

— Я згодна на працэдурку! — горача адказала старая.

Да яе адразу ж падышлі два санітары, адзін з якіх падняў вышэй локця рукаў, а другі хуценька зрабіў нейкі ўкол у руку.

— Вой! Балюча! Я не хачу працэдурку! — запратэставала Хатабка.

— Усё, бабулечка, усё! Ужо не баліць! — супакоіла старую жанчына, яна ж і галоўны ўрач псіхбальніцы.— А зараз хадзем у аўдыторыю... Паціху... Не хвалюйцеся...

Хатабка хацела раззлавацца за такую бесцырымоннасць у адносінах да яе, але раптоўна адчула млявасць ва ўсім целе, захацелася спаць.

— А каму я буду распавядаць пра сваё мінулае жыццё?.. Дзе аўдыторыя... дзе мае джыны... Я... я...

Яна адчувала, што яе некуды вядуць, чула нейкія словы, штосьці казала сама, але было адчуванне, што гэта цяжкі сон. Перад ёй усплыў твар Івана Паўлавіча, яго жонкі, дзяцей... Яна паспрабавала пстрыкнуць пальцамі, каб вярнуцца да іх, але не было сіл, пальцы не слухаліся...

Галоўны ўрач гэтай спецыфічнай бальніцы, даведаўшыся, што старая мае цягу да ўсходніх казак, распарадзілася ўладкаваць яе ў палату да «Васілісы Прамудрай», «Бабы-Ягі» і строга загадала:

— Першы тыдзень абавязкова давайце ўколы, якія нейтралізуюць буянства і агрэсію,— праз некалькі дзён звыкнецца з нашымі парадкамі і будзе паводзіць сябе спакойна без лекаў.

Знаходзячыся штодня ў паўсонным становішчы, Хатабка мірна суіснавала са сваімі суседкамі па палаце, хаця і насміхалася з іхніх казачных здольнасцяў і пагражала ператварыць іх у гумавую клізму альбо ў сасуд для прыбіральных адходаў.

Знаходзіліся і такія санітары ці санітаркі, якія цішком давалі Хатабцы кухталя за пагрозу ператварыць іх у туалетную анучку.

Іван Паўлавіч, пасля жахлівага паведамлення сваёй дачкі разрываўся паміж бальніцай, раённай адміністрацыяй і зноў бальніцай. Аказалася, што ў «дрэнны дом» людзі трапляюць лёгенька, а вось выходзяць з яго — з неверагоднай цяжкасцю. Яго ніхто і слухаць не хацеў, ды і аргумент іхні быў «жалезны»:

— Дзе вы чулі, каб здаровы чалавек называў сябе джынам?

Не мог жа Іван Паўлавіч сказаць ім, што старая — сапраўды вельмі магутны і вельмі добры джын. За такое сцвярджэнне яго б самога ўладкавалі ў суседнюю з Хатабкай палату.

А старая, як і меркавала галоўны ўрач, праз нейкі час канчаткова супакоілася, перастала называць сябе джынам і кідацца налева і направа пагрозамі. Улічваючы яе неагрэсіўнасць і «адэкватнасць», Хатабку пачалі рыхтаваць да выпісвання дамоў.

Шчаслівы Іван Паўлавіч прымчаўся на сваім УАЗе да ўвахода ў псіхбальніцу і ледзь не задушыў у абдымках Хатабку. Трэба сказаць, што і яна не стрымала слёз радасці ад сустрэчы.

Ужо ў машыне, вяртаючыся дамоў, Цвік распякаў старую:

— Я ж цябе папярэджваў, каб без майго дазволу не выходзіла за парог нашага дома. І не таму, што я такі дрэнны, а таму, што ты знаёма далёка не з усімі тонкасцямі нашага жыцця. А ў школе! Што выроблівала перад вучнямі? Сорам! Ганьба!

Хатабка «палезла ў пузыр»:

— А чаму яны, паганцы, кожнае маё слова высмейвалі? Я ім казала толькі праўду, а яны што? Зневажалі мяне і маіх братоў недаверам!

— Божухна! — застагнаў Іван Паўлавіч.— Ды твая праўда ў нас варочаецца супраць цябе! Я! Толькі я сёння здольны ўспрымаць тваю праўду! Дай час, патрывай, пакуль усе, ці хаця б многія, павераць табе, як веру я.

Хатабка памякчэла:

— Так, Ванечка, у школе мяне захлынулі пачуцці, я не стрымалася. Мне сорамна і перад вучнямі, і перад усімі вамі. Аднак мяне суцяшае тое, што я не дазволіла сабе ператварыць вучняў у што-небудзь непатрэбнае... А гэтых! — яна ўскіпела.— Гэтых з «дрэннага дома» я ўсіх ператвару ў каменную маставую, каб па іх калясілі машыны і твой УАЗ... Дарэчы, а чаму міма нас снуюць такія розныя і прыгожыя машыны, а ты трасешся на такім старым карыце? Якую ты жадаеш машыну? Паказвай!

Іван Паўлавіч рэзка затармазіў і спыніўся.

— Ты распачала такую размову, што немагчыма ехаць, баюся, што ляснуся ў слуп... Слухай, бабулечка, што я скажу, і запамінай: першае — я забараняю табе ператвараць медперсанал у каменную маставую, нават калі камяні будуць з золата. Калі хочаш неяк паўплываць на жыццё псіхбальніцы, дапамажы па-добраму і хворым, і персаналу. Зразумела?

— Не зусім... але падпарадкоўваюся.

Цвік рашуча працягваў:

— Другое: ніякай іншай машыны мне не трэба!

— Чаму?

— Таму што новая машына — гэта куча праблем і непрыемнасцяў: адкуль яна ўзялася? Як яе паставіць на баланс калгаса? Дзе ўзяў грошы? — і гэтак далей. І апошняе: надалей кожны свой крок узгадняй са мной, бо «дрэнных дамоў» у нас шмат.

 

ВЯРТАННЕ Ў ДЗЯЦІНСТВА

 

У вольны ад працы час Іван Паўлавіч любіў пасядзець у пакоі Хатабкі і пабалабоніць з ёй на розныя тэмы. У асноўным гэта адбывалася па прынцыпу: пытанне — адказ. І ў гэтым не было нічога дзіўнага, бо Хатабка, апынуўшыся ў нашым часе, шмат чаго не разумела. Праўда яна, у адрозненне ад свайго брата Хатабыча, не кідалася ад машын, не замілоўвалася перад электрычнай лямпачкай і не называла самалёт калясніцай. У развіцці яна сапраўды перагнала свайго брата і, убачыўшы штосьці зусім для яе не знаёмае, не захаплялася ўголас, а прагнула сваім розумам дайсці да разумення.

Дык вось аднойчы, падчас чарговай бяседы, Хатабка спыталася:

— Скажы, галубок, пра што ў сваім жыцці больш за ўсё мараць людзі? Чаго яны больш за ўсё хочуць?.. Вось ты, напрыклад?..

Пытанне напаткала Івана Паўлавіча знянацку, нечакана. І хоць яно было, на першы погляд, просценькае, ён надоўга задумаўся...

— За ўсіх мне адказваць цяжка... Нехта, магчыма, хоча быць багатым, нехта больш за ўсё цэніць здароўе, многія гатовы ўсё адкінуць дзеля славы... Не, кожны павінен адказваць сам за сябе.

— А ты за сябе можаш?

— Я?.. Я, бадай, больш за ўсё хацеў бы вярнуцца ў маленства, да жывых сваіх бацькоў... Ды і то вярнуцца не назаўсёды, таму што моцна прывязаны сёння да сучаснасці, да родных людзей, да цікавых спраў... Думаю, што кожны дарослы, асабліва сталы чалавек, марыць аб гэтым, бо кожны дарослы бачыць сваё маленства ў сне. І ўвогуле, чым сталейшы чалавек, тым часцей у думках вяртаецца ў мінулае, а вось у будучыню зазірае неахвотна...

— Чаму? — здзівілася Хатабка.

— Ды таму, што чалавеку дадзена ўладарыць сваімі ўспамінамі, ён можа выбраць любое з мінулага і замілоўваць ці катаваць сябе ўспамінам. Як правіла, чалавек грэе сабе душу ўспамінамі пра маленства, скінуўшы з сябе цяжар нялёгкай рэчаіснасці... А чаму чалавек з неахвотай зазірае ў будучыню?.. Таму што будучыня непрадказальная і трывожная. А галоўнае — у будучыні ёсць канец... Я маю на ўвазе не канец для ўсяго свету, а для кожнага чалавека.

— Дык дзе ж яно, чалавечае шчасце: у мінулым, у сучасным, ці ў будучым? – дапытвалася Хатабка.

— Пра шчасце я ўвогуле гаварыць не хачу! Шчасце — гэта штосьці абстрактнае... Па-сапраўднаму шчаслівым здольна быць толькі малое дзіця, не абцяжаранае жыццёвымі стратамі і вялікай, падчас негатыўнай інфармацыяй. Малое дзіця нават не ўсведамляе, не разумее, што яно шчаслівае — яно радуецца кожнаму імгненню, кожнаму дню... Вось чаму людзі ахвотна вяртаюцца ў думках у сваё дзяцінства, нават галоднае...

Хатабка ўздыхнула:

— Ты, Ваня ібн Павел, быццам чытаў напісанае ў маёй душы...

Аднойчы Іван Паўлавіч прачнуўся не як звычайна ад надакучлівага будзільніка, заведзенага на пяць гадзін раніцы, а ад ласкавага голасу сваёй маці:

— Іваначка, сынок, уставай — у школку пара! Бацька ўжо пайшоў на працу, хутка і мне бегчы ў поле... Уставай, сынок,— бульба і малако на стале...

Іван Паўлавіч моўчкі ляжаў, наталяючы сэрца мацярынскім голасам.

Маці падышла да ложка і адкінула коўдру:

— Сынок, ты мяне затрымліваеш! Уставай!

Іван Паўлавіч скасавурыў уніз вочы, дзе павінны былі ляжаць яго доўгія ногі, сорак трэцяга памеру і ўздрыгнуў — замест напрацаваных яго ног ляжаў карантышок. Ён ускочыў і памацаў свае ногі, потым зірнуў на рукі — гэта былі маленькія дзіцячыя далоні... Няўжо гэта не сон? Не можа такога быць!.. Тут ён успомніў колішнюю размову з Хатабкай і ўсё зразумеў. Так. Гэта яна стварыла гэты цуд!

Яго апякла думка:

— Божа! А колькі ж мне год?

Іван Паўлавіч падбег да лавы, ускочыў на яе і зірнуў ў люстэрка. Люстэрка было невялічкае, таму ўдалося ўбачыць толькі бялявую галаву хлопчыка. Маці здзівілася з такіх паводзінаў сына:

— Што ты, сынок, як паненка, круцішся перад люстэркам? Памыйся і хуценька за стол.

— Мама, а колькі мне год? У якім я класе? — напружана спытаўся Іван Паўлавіч.

Яго маці, Таццяна Юр’еўна, спалохалася:

— Што з табой, Іваначка? Ці не захварэў ты?

— Мама! Я спытаўся — адкажы, калі ласка! — настойліва паўтарыў пытанне хлопчык.— Колькі мне год?

— Ты ў першым класе і табе сем год,— разгублена адказала маці.— Сёння роўна месяц, як ты пайшоў у школу.

Іван Паўлавіч з гаркатой адзначыў, што, вярнуўшыся ў дзяцінства, ён поўнасцю не выйшаў з дарослага жыцця, разважае, як саракагадовы Іван Паўлавіч... Ён быў малы, а палёгкі яго душы гэта не несла.

Яго зноў апаліла думка: «Дык я ж у любы момант магу знікнуць з маленства, з гэтай хаты, ад мамы і зноў апынуцца ў сталым жыцці!.. Я магу адсюль знікнуць!»

Іван Паўлавіч падбег да маці, абхапіў яе калені і заліўся гарачымі слязьмі:

— Мама! Мамачка! Родная! — рыдаў ён.

Маці спужана сагнулася і ўзяла яго на рукі:

— Усё-такі ты захварэў! Што табе баліць, сынок?

Іван Паўлавіч моцна абхапіў мамчыну шыю, моцна прыціснуўся да яе шчакі, адчуваючы ад яе валасоў гаркаваты і такі салодкі пах пячнога дыму і яшчэ нечага забытага, але такога роднага.

— Мама, мамачка! Не хадзі сёння на працу! Пабудзь са мной! — прасіў Іван Паўлавіч, ведаючы, што гэта не паўторыцца ўжо ніколі.

— Не магу, сынок, застацца... З калгасам дрэнныя жарты. Восень, уборка кармавых буракоў... Запішуць мяне ў прагульшчыкі, каня не дадуць, а то і ўвогуле абрэжуць соткі... Калі прыхварэў, Іваначка, не хадзі ў школу, пабудзь дома...

Іван Паўлавіч сумна падумаў пра тое, што не намнога лепш і яго калгаснікам...

— А тата дзе сёння працуе? Я хачу убачыць тату!

— Бацька сёння аж у другой брыгадзе, там заканчваюць дамалот сцірты жыта!

— Ды яны што? — не стрымаў Іван Паўлавіч свой старшынскі запал.

— Не твайго розуму справа, сынок,— сказала маці, выходзячы з хаты,— ну, будзь за гаспадара!

Ледзь толькі зачыніліся за маці дзверы, Цвік хуценька апрануў штанцы, нейкі пінжачок і лупянуў на двор. Выбег і спыніўся. Яго вочы лашчылі паўзабытае наваколле, ён глядзеў, і яму здавалася, што на яго здзіўленапазіраюць вясковыя хаты, пахілыя платы, яго атуліла з усіх бакоў не заўважаная некалі чароўнасць маленькай радзімы.

Па вуліцы нетаропка прарыпелі запрэжаныя худым канём калёсы, па дварах запознена спявалі пеўні, недзе рыкала карова...

Зусім побач радасна скуголіў сабака. Іван Паўлавіч азірнуўся, і сэрца яго ёкнула: гэта ж Пушок!

— Пушок! Любы Пушок! — не стрымаўся Цвік і падхапіў на рукі свайго маленькага адданага сябра.— Мы ізноў убачыліся праз столькі год! Як я рады цябе бачыць, мой сябручок!

Пушок радасна біў хвастом на Цвіковых каленях і лізаў шчокі свайго маленькага гаспадара.

З вуліцы раптоўна пачулася:

— Гэй, Івашка-дурашка! Гайда ў школу!

Іван Паўлавіч уважліва пазіраў праз штыкеціны на вуліцу і з цяжкасцю пазнаваў абзывалу.

— Ну, дык ідзеш ці не? — данеслася з вуліцы.

— Не-е... Я захварэў,— адказаў Іван Паўлавіч, ліхаманкава ўспамінаючы: хто гэта? А-а, гэта ж Крывіцкі Сцяпан! Выдатнік! Падліза!

А гэты падліза адбегся і зноў крыкнуў:

— Івашка-дурашка!

Іван Паўлавіч патрос абразніку наўздагон кулачком і таксама крыкнуў:

— Сцёпа-недацёпа!

Наталіўшы вочы наваколлем, Іван Паўлавіч падаўся па вуліцы, спадзеючыся сустрэць знаёмых і ўбачыў на полі за канцавой хатай трактар і сеялку. Як вопытны гаспадарнік, ён зацікавіўся тэхнікай мінулага і накіраваўся туды.

Трактар быў дапатопны, адзін з першых «Беларусаў», сеялка па ўзросту не саступала трактару, да сеялкі былі прычэплены бароны.

Каля гэтай немудрагелістай тэхнікі сядзелі і курылі двое мужчын, відаць, трактарыст і сеяльшчык, якіх Іван Паўлавіч, вядома ж, не пазнаў.

— Здарова, мужыкі! — прывітаўся Цвік.

— Здароў, малец!.. А чаму не ў школе?

— Захварэў я...

— Захварэў, а блытаешся тут... А чым захварэў, дурнотай ці лянотай? — спытаўся адзін з курыльшчыкаў.

Іван Паўлавіч не ведаў, якую хваробу назваць, таму сам спытаўся:

— А чым гэта вы займаецеся?

— Павылазілі ці што? Азімыя сеем!

Другі курыльшчык улез у размову:

— Каму ты робіш справаздачу! Пашлі ты яго!..

У Іване Паўлавічы прачнуўся старшыня калгаса:

— Ды вы з глузду з’ехалі! Хто ж у такую пару сее азімыя?

Адзін з мужчын мацюкнуўся:

— Ёксель-моксель! Брыгадзір знайшоўся! Прэч адсюль, кузурка!

— Вы нішчыце зерне! Спыніце сеў! — не здаваўся Цвік.

Трактарыст выхапіў з трактара манціроўку і кінуўся да хлопчыка:

— Ногі пераламлю, смаркач!

Іван Паўлавіч забыўся, што ён старшыня калгаса, і драпануў, аж пыл за ім закурэў.

— А чый гэта шкет? — спытаўся трактарыст у сеяльшчыка.

— Гэта Цвікоў маленькі цвічок! Шустры, як Леніна бацінак.

А Іван Паўлавіч вярнуўся ў вёску і спытаўся ў нейкай жанчыны, дзе сёння выбіраюць кармавыя буракі.

— Ву-унь, дзетачка, за тым пагоркам поле...

Цвік подбегам падаўся ў тым напрамку і за пагоркам убачыў жанчын, якія, не разгінаючыся, хапалі рукамі бацвінне, выцягвалі з зямлі вялікія буракі і кідалі іх у кучы.

«Колькі прайшло часу,— падумаў Іван Паўлавіч,— а і ў маім калгасе жанкі выбіраюць буракі ўручную... Пякельная праца...»

Ён так пранікнуўся спачуваннем да жанчын, што старшынства перапоўніла яго і ён зычна прывітаўся:

— Здарова, бабанькі! Усё рачкуеце? Ды хрэн на гэтыя буракі — адпачніце!

Жанчыны выпрасталі спіны і здзівіліся:

— А чый гэта зяблік такі?

Таццяна Юр’еўна пляснула рукамі:

— Божа, літасцівы! Гэта ж мой Іваначка!..

— Гэта ў твайго, Таццяна, гэткі востры язычок?

Таццяна Юр’еўна схапіла сына на рукі:

— Сынок, ты ж хворы! Чаго ты тут?..

Апынуўшыся ў маці на руках, Іван Паўлавіч успомніў, што сёння ён не старшыня калгаса, і павініўся:

— Мамачка, я больш не буду...

Вечарам вярнуўся з працы стомлены бацька.

Таццяна Юр’еўна паставіла на стол няхітрую вячэру: бульбу, сала, агуркі.

Іван Паўлавіч уважліва глядзеў на роднага тату, якога ўжо няма сярод жывых, і які зараз паспешна, як чалавек дужа галодны, амаль не жуючы, глытаў усё, што падсоўвала да яго маці.

«Які ён малады! — думаў, гледзячы на яго Іван Паўлавіч.— А тады мне здаваўся такім старым... І гэтай худзізны я тады не заўважаў, і гэтых, не па гадах, патухлых вачэй... Шмат чаго не заўважаюць дзеці, нават даволі дарослыя... І толькі пасталеўшы і дасягнуўшы бацькоўскага веку, гаркотна думаюць: які я быў сляпы!..»

Разважанні Івана Паўлавіча перарваў бацька, відаць, наталіўшы голад:

— Разумееш, Таня, мы так і не дамалацілі сцірту — снапы перапляліся, зблыталіся, хоць зубамі рві. Ды і падсырэлі зверху, падпрэлі, забіваюць, як корак, барабан у камбайна — ні туды, ні сюды... Хай бы іх немач!

— А хто ж складвае жыта ў сцірты? — не стрымаўся Іван Паўлавіч.— Снапы, сам сказаў, сырэюць, прэюць — які ж будзе вымалат?

— Ты чуеш, маці? — засмяяўся Павел Захаравіч, бацька малога Цвіка.— Вось што робіць школа! Месяц правучыўся, а разважае па-гаспадарску.

Іван Паўлавіч. Пачуўшы пахвалу ад бацькі, натхніўся:

— Тата, сціртаванне жыта — гэта дзедаўскі метад! А чаму адразу камбайнамі не ўбіраць з поля, ды ў жніўні, а не ў кастрычніку? Гэта ж і казе зразумела!

— Ты, Іванчык, разважаеш, як акадэмік сельскай гаспадаркі. Але твая каза не ведае, што ў нас на некалькі брыгад адзін камбайн, ды і той «храмы». Вось мы і выбіраем... Дакладней, у нас няма выбару — каб хоць неяк ратаваць хлеб, мы яго і сціртуем, а ўжо пазней камбайн курсіруе — ад брыгады да брыгады, ад сцірты да сцірты. Некалі, сынок, спатрэбяцца і твае парады, але тады, як тэхнікі прыбудзе...

Маці падтрымала бацьку:

— Адкуль у цябе, сынок, такія недзіцячыя развагі? Слоў розных ад некага нахапаўся...

Бацька падтрымаў сына:

— Сын пайшоў у першы клас! Навука! Разумець трэба!

Потым бацька ўзяў Івана Паўлавіча на рукі і зазірнуў яму ў вочы:

— А ты, сынок, і сапраўды разважаеш па-даросламу ды па-разумнаму! Пабачым, што з цябе будзе, як пойдзеш у дзесяты клас... ну, абдымі тату — і дабранач!..

Раніцай Іван Паўлавіч прачнуўся ад звяглівага званка будзільніка і ўспомніў свой дзівосны сон. «А я думаў, што Хатабка сапраўды вярнула мяне ў маленства, а гэта быў толькі сон...»

Аднак у праўленні калгаса яго здзівілі падначаленыя:

— Учора мы цэлы дзень нідзе не маглі вас знайсці — вунь, цэлы стос накладных на подпіс...

Вечарам вярнулася з працы жонка і накінулася на Івана Паўлавіча:

— Раніцай, перад дзецьмі, не хацела ўздымаць лямант. Дзе ты быў мінулую ноч?

— У камандзіроўцы! — схлусіў Цвік і накіраваўся да Хатабкі.

— Ты?! Ты пстрыкнула сваімі пальцамі? Сазнавайся!

Хатабка вінавата апусціла галаву.

Іван Паўлавіч абняў яе і пяшчотна сказаў:

— Дзякуй табе, родная! Мая самая запаветная мара збылася! Ты яе здзейсніла, Хатабачка!

 

РАСКРЫТАЯ ТАЙНА

 

У прыёмнай міністра сельскай гаспадаркі было поўна людзей. Кожны імкнуўся патрапіць да міністра са сваёй просьбай, праблемай, прапановай. Знаходзіліся і такія, а іх была большасць, хто абіваў высокі парог, каб быць на слыху ды на вачах у шэфа. Усе былі напружаныя, усхваляваныя, з пячаццю ўрачыстасці на твары. У паветры мітусілася пытанне:

— У якім настроі сёння Іван Паўлавіч?

— У працоўным! — суха адказвала сакратарка, якая сваім важным выглядам не саступала міністру.

Праз хвіліну ёй зноў даводзілася суха адказваць:

— У рабочым настроі Іван Паўлавіч!

Да міністра на прыём запісваліся загадзя, таму яна, сакратарка Люба, глядзела ў спіс і пыталася:

— Хто Субоцін?.. Хто Ляшкевіч?.. Хто Смычкоў?..— Заходзьце!

Паступова прыёмная аслабанялася, і Люба чарговы раз спыталася:

— Хто Кувалдзін? Вы? Заходзьце!

Названы наведвальнік нервовай хадой зайшоў у кабінет.

— Здрасце, Іван Паўлавіч! Даруйце, што меў нахабства марнаваць ваш каштоўны час.. мне вельмі...

— Вы праходзьце і сядайце! — мякка, але ўладарна запрасіў Цвік.

Кувалдзін подбегам адолеў адлегласць ад дзвярэй да стала і нерашуча прыткнуўся на крайчык крэсла.

— Слухаю вас! — адарваў вочы ад нейкай паперы міністр і зірнуў на наведвальніка:

— Га-а! Знаёмыя ўсё твары! Мы з вамі, памятаю, недзе сустракаліся!

— Так, так, Іван Паўлавіч... Я — старшыня калгасу «Светлы шлях».

— Як жа, памятаю! Некалі ён называўся «Ветлы шлях».

— Так, так... Але я ўсталяваў на месца літару «С»...

— І што? Пасвятлела ў калгасе?

— Пакуль не, Іван Паўлавіч.

— Вось бачыце, справа, аказваецца, не ў назве,— усміхнуўся Цвік і з сарказмам спытаўся: — Ну, а ананасы вырошчваеце?

— О, не! У свой час я на іх і спёкся! Як быў старшынёй райвыканкама, абавязаў усе гаспадаркі раёна перайсці на вырошчванне ананасаў... А якія могуць быць у Беларусі ананасы? Гэта толькі вы адзін прыручылі гэты фрукт...

— Ананас — ягада, а не фрукт! — удакладніў Цвік.— Прытым ягада, якая адных ператварае са старшыні калгаса ў міністра, а другіх — са старшыні райвыканкама ў старшыню калгаса... Загадкавая гэта ягадка!

Раптоўна Кувалдзін паважна адкінуўся на спінку крэсла і ператварыўся ў былога самаўпэўненага тырана:

— А я, паважаны Іван Паўлавіч, раскрыў сакрэт вашай загадкавай ягады! З гэтым да вас і з’явіўся!

Цвік, памятаючы жахлівасць характару Кувалдзіна, спытаў:

— Што гэта значыць? Якую тайну?

— А тое, што мне вядома ўсё пра ваш фантастычны службовы рост! Усё-ё!

— Што ўсё? — занепакоіўся Іван Паўлавіч.

— Ну, напрыклад, вядома мне пра нейкую бабулю, якую ў яе далёкім-далёкім часе назвалі Хатабкай...

У Цвіка пацямнела ў вачах, усё перад ім паплыло — і Кувалдзін, і мэбля...

А Кувалдзін тым часам з асалодай назіраў за эфектам, які выклікалі яго словы.

— Адкуль? Адкуль вам вядома? — прастагнаў Цвік...

Кувалдзін самазадаволена рассмяяўся і закінуў нагу на нагу:

— Гэта ўжо пачатак дзелавой размовы двух роўных субяседнікаў. Думаю — мы дамовімся...

Іван Паўлавіч зняў тэлефонную трубку і загадаў:

— Люба! Сёння больш нікога прымаць не буду! Я заняты!

— Гэта ўжо зусім па-дзелавому! — са здзекам заўважыў Кувалдзін.

Цвік зноў задаў пакутлівае пытанне:

— Дык хто вам сказаў пра Хатабку? Акрамя мяне ніхто аб ёй не ведае!

— Ведае! Свет вялікі, і ён, аказваецца, цесны!.. Вам, Іван Паўлавіч, спадзяюся, вядома казка пра старога Хатабыча?

— Гэта не казка! — вырвалася ў Цвіка.

— Цяпер і я ведаю, што гэта — не казка!.. Дык вось, у той казцы-неказцы ўпамінаецца брат Хатабыча — Амар Юсуф ібн Хатаб. Памятаеце?

— Памятаю,— згадзіўся Іван Паўлавіч,— але ён быццам бы згубіўся недзе ў глыбінях космасу...

— Мана! — ускочыў Кувалдзін,— дэзінфармацыя старога Хатаба. Піянер Волька, магчыма і знайшоў медны сасуд з Амарам, і аслабаніў яго, але Амар Юсуф не знікаў з Зямлі і не паляцеў на Месяц...

— Нейкая блытаніна... — завагаўся Іван Паўлавіч.— А дзе ж ён дзеўся?

Кувалдзін распаліўся:

— Стары Хатабыч, ведаючы неўраўнаважаны нораў свайго брата і жадаючы застацца на Зямлі адзіным магутным джынам, завабіў Амара зноў у медны сасуд і кінуў яго ў ваду.

— Ну, цяпер ужо я ўсклікну: мана! Дзе доказы?

Кувалдзін нахіліўся да самага твару Цвіка:

— А даказваецца гэта вельмі просценька!

— Якім чынам? — не здаваўся Іван Паўлавіч.

— А такім, што рыбку я лаўлю ў Нёмане сеткай... Сетачкай...

— Браканьерыце! — удакладніў Цвік.

— Няхай сабе і так... Дык вось, лаўлю я рыбку на лукавіне ля Старога Броду і... як той стары з казкі: закінуў невад першы раз — пуста, закінуў другі раз — прыйшоў невад з цінаю рачною, закінуў трэці раз і выцягнуў не залатую рыбку, а штосьці пафацэтней...

— І што гэта было? — зацікавіўся Іван Паўлавіч.

— І што б вы думалі я выцягнуў?.. Старадаўні медны сасуд... Я яго, вядома ж, раскаркаваў і...

— І што?!

— Гісторыя паўтараецца!.. Як і з вашай бутэлькі некалі, паваліў дым і набыў абрыс чалавека... Не скажу, што абрыс меў прыемны выгляд, але ён бухнуўся перада мной на калені і назваў сябе:

— Я ёсць Амар Юсуф ібн Хатаб! Загадвай, мой збавіцель!.. Ну, як?..

Цвік хапаўся за саломіну:

— Як гэта можа быць? Па-вашаму, стары Хатабыч кінуў свайго брата недзе на Ладазе... Дзе тая Ладага, а дзе Нёман? Яны ж не злучаюцца між сабою!

Кувалдзін і тут знайшоў тлумачэнне:

— Колькі год... дакладней, колькі тысячагоддзяў мінула з таго часу? Рэчкі мянялі свае рэчышчы, накірункі, вада мянялася з сушай месцамі... Усё ў гэтым свеце ўзаемазвязана, як, дарэчы, і мы з вамі цяпер... Але самае цікавае тое, што я выпадкова знайшоў на тым вашым бульбянішчы старадаўнюю пустую бутэльку, якую Амар Юсуф адразу пазнаў і запэўніў:

— У гэтай турме праседзела доўгі час і, магчыма, састарэла мая сястра Хатабка...

— Тады я ўспомніў як ты... — Кувалдзін перайшоў на ты,— некалі наладзіў экскурсію для нейкай старой па калгасных палёх, як потым гэтыя палі нечакана разрадзіліся ананасамі ды гіганцкім жытам, як пацяклі з тваіх фермаў малочныя рэчкі і, самае галоўнае, я зразумеў, як ты ўскочыў у гэта міністэрскае крэсла, о мой ганебны отрак! Ха-ха-ха!

Уражаны Іван Паўлавіч не знаходзіў слоў... Затым стомлена выціснуў:

— Што вы ад мяне хочаце?

— Самую дробязь! Твой аўтарытэт настолькі завоблачны, што ні сёння-заўтра цябе ўзнясуць у прэм’еры. Тваё слова — закон, вось і замові за мяне слова...

— Як гэта? — не зразумеў Цвік,— назваць твой адсталы калгас перадавым? Гэта — немагчыма! Гэта будзе відавочная мана. А што яшчэ?

— Што яшчэ?.. Ты — у прэм’еры, я — у тваё крэсла! І ніякіх Хатабак не існуе! Я пра ўсё забудуся!

Іван Паўлавіч ледзь стрымліваў сябе, каб не штурхануць у каршэль нахабніка, але спярша трэба было параіцца з Хатабкай і выйграць час. Свае козыры ён яшчэ паспее раскрыць!

— Добра, я падумаю,— устаў з-за стала Іван Паўлавіч і развітаўся з Кувалдзіным.

 

СТАРАЯ-НОВАЯ ЖОНКА

 

Іван Паўлавіч вяртаўся дамоў з працы ў службовай машыне і ў думках дакараў сябе: «Кепскі я муж, дрэнны я бацька... Кожны дзень ад цямна да цямна — то міністэрства, то камандзіроўкі... Жонка заўчасна старэе, дзеці непрыкметна для мяне сталеюць: хутка сустрэну іх на вуліцы і не пазнаю. Трэба больш удзяляць ім увагі...»

Іван Паўлавіч загадаў шафёру крутнуць да кветкавага магазіна, дзе купіў вялікі букет любімых Соніных белых руж. Узняўшыся на ліфце да сваёй кватэры, вырашыў не званіць у дзверы, а, каб не сапсаваць сюрпрыз, ціхенька адчыніў іх сваімі ключамі. Гэтак жа ціхенька разуўся і на дыбачках зазірнуў у кухню, дзе часцей за ўсё можна было бачыць жонку. Там яе не аказалася.

Іван Паўлавіч пачуў гук уключанага тэлевізара і зазірнуў у залу. Соні і там не было, затое на канапе паўляжала, адкінуўшыся на падушку, незнаёмая маладая жанчына. Ніжнія гузікі халата былі расшпілены і дазволілі прыгожым нагам прадэманстраваць усю іх стройнасць і спакусу. Крыху міндалепадобныя, раскосыя вочы і сінявата-чорныя валасы, раскіданыя па падушцы, сведчылі, што гэта чароўная незнаёмка неславянскай крыві. Яе ярка-пунцовыя вусны дапаўнялі і падкрэслівалі гэту прыгажосць.

Іван Паўлавіч разгубіўся, памкнуўся гукнуць Соню, але палічыў, што ў адносінах да незнаёмкі праявіць няветлівасць, не прывітаўшыся з ёю. Таму ён, каб не спалохаць прыгажуню, ціхенька кашлянуў і напаўголаса прывітаўся:

— Вітаю Вас... прабачце, не ведаю, хто Вы і як Вас зваць...

Жанчына радасна ўскочыла з канапы:

— А-а, Ваня! А я прыйшла з працы — цябе няма, дзяцей няма, бабуля Хана зачынілася ў сябе, я і прылягла... Во-ой! Ды ты з кветкамі! Гэта мне? — і незнаёмка працягнула рукі да руж.

Іван Паўлавіч машынальна адсунуў букет ад незнаёмкі і зрабіў крок назад.

— Хто Вы?.. Як трапілі ў кватэру?.. А дзе Соня?..

— Якая яшчэ Соня табе трэба? Ты захварэў, Ваня? Давай кветкі і хуценька на кухню!

Іван Паўлавіч не разумеў, што адбываецца.

— Хто Вы? Калі Вы прыехалі да нас у госці, давайце будзем знаёміцца... Я — Іван Паўлавіч,— і працягнуў руку незнаёмцы, але зараз ужо яна адхапіла сваю руку.

— Хопіць называць мяне на Вы! Твой жарт зацягнуўся! Марш на кухню!

Іван Паўлавіч хацеў далей высвятляць адносіны з незнаёмкай, але хтосьці пазваніў у дзверы.

— А вось і дзеці са школы! — весела крутнулася да дзвярэй прыгажуня. Яна адчыніла дзверы, і на парозе паказаўся Вася.

— Заходзь, сынок! — запрасіла незнаёмка.

Вася ўбачыў у калідоры тату, хуценька праслізнуў да яго і ціхенька спытаўся:

— Тата, а хто гэтая цёця, і чаму яна назвала мяне сынком?

— Здрасце! — усклікнула «цёця».— Цырк працягваецца! Сын пытаецца, хто такая яго мама! — яна павярнулася да сына: — Васілёк, ты жартуеш? Ты падыгрываеш тату? Сёння ж не першае красавіка!

Бацька і сын у адзін голас усклікнулі:

— Мы не жартуем!

— Падурнелі ўсе! — абурылася незнаёмка.— Я што, за дзень так змянілася? Дзе люстэрка? — і яна рашуча накіравалася ў спальню да трумо.

На крыкі са свайго пакоя выкульгала Хатабка, але ў гэты час са спальні пачуўся душараздзіральны лямант. Усе кінуліся туды і ўбачылі на падлозе перад трумо беспрытомную чароўную незнаёмку.

— Я выклікаю «хуткую дапамогу»! — кінуўся да тэлефона Іван Паўлавіч, але старая яго спыніла:

— Не трэба, галубок, ніякай дапамогі! Супакойся!.. Ідзі, праўнучак, да сябе, а мы тут разбярэмся.

Калі Вася пайшоў да сябе, Хатабка сказала:

— Гэта ніякая ні госця. Гэта — твая Соня! Соф’я Сцяпанаўна.

Іван Паўлавіч абурыўся:

— Ты што?! Мяне дурнем робіш, але і сама здурнела! Якая гэта Соня? Гэта ж нейкая Шахеразада!

Хатабка вярнула Цвіка ў недалёкае мінулае:

— А памятаеш, галубок, ты казаў, што прыгажосць і свежасць тваёй жонкі паліняла, патухла... Вось я і асвяжыла, і ўпрыгожыла тваю Соню. Няўжо няўдала?

Іван Паўлавіч аслупянеў ад пачутага, затым схапіў за плечы старую і страсянуў:

— Ды ты што? Каму патрэбна гэта экзотыка? Вярні зараз жа мне Соню! Вярні, бо я з цябе душу вытрасу!

— Табе не дагадзіць,— сумна выдыхнула Хатабка і хацела пстрыкнуць пальцамі, але Цвік сціснуў ёй руку:

— Пачакай пстрыкаць! Зрабі так, каб яна вярнулася ў сваім былым абліччы і каб успрымалі яна і Вася ўсё, што адбылося, як звычайны сон! Чуеш?

— Падпарадкоўваюся... Э-эх. Ад такой прыгажосці адмаўляешся... Сапсаваны ў цябе густ, Ваня ібн Павел,— і старая шчоўкнула пальцамі...

За вячэрай, як звычайна, усе сядзелі за агульным сталом, абменьваліся навінамі, жартавалі.

Нечакана Вася з захапленнем, весела загаманіў:

— Вой, чуць не забыўся! Які дзівосны сон я бачыў мінулай ноччу! Быццам мяне са школы сустрэла дома не мама, а нейкая незнаёмая цёця, як дзве кроплі вады падобная на мульцяшку з «Тысяча і адной ночы»! Але самае цікавае ў тым, што яна называла мяне сынком. Во дзіва!

— Сапраўды дзіва! — азвалася Соф’я Сцяпанаўна,— ніколі не думала, што розным людзям можа прысніцца адзін і той жа сон... А ў тваім сне, сынок, тая цёця не падала перад трумо?

— Падала, мамачка! — цяпер ужо здзівіўся Вася.

Іван Паўлавіч з Хатабкай хітра пераглянуліся і прамовілі:

— А вось нам дык нічога не снілася...

 

АТЭСТАЦЫЯ

 

Як вядома, кадравыя пытанні самыя складаныя і важныя. Вырашэнне гэтых пытанняў закранае лёсы людзей. Але ёсць адно, самае галоўнае патрабаванне да кожнага — прафесіяналізм. Не на апошнім месцы і маральны ўзровень чалавека.

Усё гэта і шмат іншых, другасных нюансаў, пры правільным іх раскладзе, пацвярджае вядомае — «кадры вырашаюць усё!»

Вось чаму Іван Паўлавіч моцна задумаўся пасля таго, як яго першы намеснік пайшоў на пенсію. Ён, можна сказаць, застаўся без «правай рукі».

І чым мацней задумваўся Цвік, тым больш заблытвалася кола патэнцыяльных прэтэндэнтаў.

Іван Паўлавіч вырашыў скарыстаць правераны метад — звярнуцца за дапамогай да Хатабкі. Яна бачыць кожнага наскрозь, чытае думкі кожнага, каму, як ні ёй, зрабіць беспамылковую падказку?

Аднак старая адмовілася ўдзельнічаць у гэтым:

— Прабач Ваня ібн Павел за адмову! Чалавечая душа — поцемкі. Сёння ён думае адно — заўтра другое. Лепш я дам табе параду, як выбраць самага лепшага.

— І што я павінен зрабіць?

— Памерці!

— Памерці? — жахнуўся Іван Паўлавіч.— Вось дзякуй, дык дзякуй, Хатабачка! А на якога д’ябла мне на тым свеце намеснік?

Старая, відаць, чакала такой рэакцыі, таму зарагатала:

— Безумоўна, не па-сапраўднаму памерці. Жыві, Ваня, тысячу гадоў.

— Можаш больш ясна выказаць сваю думку?

— Калі ласка! — адказала Хатабка,— Ты ў сваім кабінеце зрабі выгляд, што табе дрэнна, схапіся за сэрца і заціхні — «памры». Заціхні і чакай.

— І чаго я дачакаюся? Пакуль мяне не вынесуць уперад нагамі і закапаюць?

— Ты даслухай і не кіпяціся! — працягвала старая.— Галоўную ролю ў гэтым спектаклі павінна сыграць твая сакратарка, калі яна чалавек надзейны.

— Надзейная!

— Дык вось, падрыхтуй спіс кандыдатаў на пасаду і няхай сакратарка па чарзе выклікае іх... Ну, напрыклад: усхвалявана тэлефануе першаму: «Ах якое гора — міністру зрабілася дрэнна ў кабінеце і ён толькі што памёр за сваім рабочым сталом... Вам я тэлефаную першаму, пакуль не прыехалі дактары... Прыйдзіце, праверце, ці ляжаць на стале сакрэтныя паперы і заадно развітаецеся з нябожчыкам...» Вось прыкладна такое няхай паведамляе кожнаму з гэтага спіса. Першая рэакцыя людзей — самая шчырая. Потым, пры пахаванні, кожны ўзважвае, што яму выгадна сказаць, а што не...

Іван Паўлавіч разгубіўся:

— Ну і параду ты мне дала, Хатабачка! Гэта ж — цэлы спектакль! А які з мяне артыст?

— Ва ўсе часы такім метадам мужы правяралі сваіх жонак, правіцелі — сваіх пераемнікаў, багатыя бацькі — сваіх дзяцей і спадкаемцаў... Твае падначаленыя як на талерачцы паднясуць табе сваю душу.

Цвік здаўся:

— Спадзяюся, ты ведаеш, чаму мяне вучыш.

На наступны дзень Іван Паўлавіч выклікаў да сябе сакратарку Любу і, як вучыла Хатабка, дэталёва абмеркаваў з ёю будучы «спектакль».

Перад самым дзействам Цвік прайшоўся па кабінеце і выбраў сабе месца за часопісным столікам, у самым куце кабінета, адкуль можна было, паклаўшы рукі на галаву, употай назіраць за ўсім, што будзе адбывацца.

Цвік патэлефанаваў Любе і даў дазвол на пачатак «атэстацыі». Паклаўшы галаву на рукі і заплюшчыўшы вочы, падумаў: — «Толькі б не чхнуць!..»

Першым баязліва ўвайшоў у кабінет начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Ласкуцін.

Іван Паўлавіч пачуў яго набліжэнне і сцішыў дыханне. Ласкуцін закурыў, чаго ніколі раней не дазваляў сабе ў кабінеце міністра, шумна зацягнуўся, выдыхнуў і праспяваў:

— Не доўга музыка іграла, не доўга танчыў фраер наш...

Затым прайшоўся па кабінеце, падышоў да стала, пашапацеў нейкімі паперамі і, да здзіўлення Івана Паўлавіча, выйшаў.

Сакратарка таксама здізвілася:

— Вы так хутка?

— А што мне там рабіць? — нядбайна адказаў Ласкуцін.— З нябожчыкам сумна весці размову...

Люба карцінна скрывіла вусны:

— Шкада яго...

— Усе там будзем,— ізноў нядбайна адказаў «першы нумар» і пайшоў прэч.

Наступнаму Люба патэлефанавала начальніку фінансава-планавага ўпраўлення Валянтовічу. Той хуценька прымчаўся ў прыёмную і ўсхвалявана спытаў:

— «Хуткую» выклікала?

— Дарэмна, ён ужо халодны...

— Ды як жа ты магла! А што, калі яго яшчэ можна выратаваць! — потым схапіў тэлефон: — Я сам!

— Ды выклікала я «хуткую», выклікала! — схлусіла Люба.— Вы лепш зайдзіце ў кабінет і, пакуль няма дактароў, развітайцеся з ім...

— Чаго я пайду? Чым я дапамагу? — і раптам кінуўся да ўваходу ў кабінет: — А раптам ён яшчэ жывы! А раптам ёсць пульс! Я праверу!

Цяпер ужо Люба кінулася да тых жа дзвярэй і закрыла сабой уваход:

— Не трэба пульс!.. Я сама правярала... Няма пульсу... не будзем лішні раз непакоіць нябожчыка...

Адпіхнуўшы ад дзвярэй Валянтовіча, Люба папрасіла яго:

— Вы пакуль нікому не паведамляйце... Няхай дактары ўсё аформяць, бо набягуць сюды і спачувальнікі, і зявакі...

— Ці ж гэта радасная вестка, каб пра яе раззвоньваць? — сумна сказаў Валянтовіч і ўжо на выхадзе дадаў: — Цудоўны быў чалавек, надзейны кіраўнік — царства яму нябеснае!..

Люба забегла ў кабінет да «нябожчыка» і ў двух словах выклала Івану Паўлавічу паводзіны і словы Валянтовіча, ад чаго Цвік пасвятлеў:

— Ёсць жа сапраўдныя людзі! А Ласкуцін сухар, але не падлюга...

Трэцім у кабінет дзелавіта ўвайшоў Туркін, начальнік упраўлення гандлю. Іван Паўлавіч пачуў, як ён са смакам ляснуў далонямі і пацёр іх адна аб адну, як чалавек, які убачыў шыкоўны стол з закуссю і пітвом. Затым закурнявіў нейкую мелодыю і плюхнуўся ў міністэрскае крэсла.

Іван Паўлавіч асцярожна прырасплюшчыў вочы і з цікавасцю назіраў за галоўным гандляром.

Той бесцырымонна перагледзеў усе шуфляды стала і адкінуўся на спінку крэсла, паклаўшы на край стала ногі. Нейкі час ён прасядзеў у такой «амерыканскай» позе, затым зняў тэлефонную трубку і прыклаў яе да вуха, «гуляючы ў міністра»:

— Слухаю! Так, міністр Туркін ля тэлефона! Так, прышліце мне мой асабісты самалёт... Вы пытаецеся, а дзе Цвік? Ах, Цвік! Быў такі ў мяне на пасылках... А цяпер? Куды дзяваюцца цвікі? Іх забіваюць у века дамавіны — вось і наш Цвік ужо ў дамавіне... Засталося вынесці, як смецце...

Іван Паўлавіч не вытрымаў і ўскочыў, як сталёвая спружына:

— Вон адсюль, нягоднік! Во-о-он!

Туркін выпусціў тэлефонную трубку, перакуліў крэсла і ледзь не лбом вынес дзверы кабінета з дзікім крыкам:

— Ажыў! Ажыў!

Люба, з перапуду ўскочыла на стол і залямантавала:

— Што здарылася? Хто ажыў?

— Нябожчык ажыў! — ужо ў калідоры чуўся крык Туркіна.— Ратуйцеся!

У прыёмную са свайго кабінета ўскочыў раз’юшаны Іван Паўлавіч, трымаючыся за сэрца:

— Бачыў свалату, але такую — ніколі!

 

ПАЛЁТ НАД МІНСКАМ

 

Бабка Хатабка прыжылася, асвоілася ў сям’і Івана Паўлавіча. Дзеці прывязаліся да яе, палюбілі, як родную, ды і сама старая аддавала ім усю сваю душу. Расказы старой пра часы яе далёкай маладосці дзеці ўспрымалі як бабчыны казкі, не падазраючы, што слухаюць сапраўдныя гісторыі.

Адносіны ж Соф’і Сцяпанаўны з ёю складаліся не так бязвоблачна. Дзіўнай здавалася яна гаспадыні дома, насцярожвалі манера старой выказвацца, манера апранацца, Соф’я Сцяпанаўна выказвала свае думкі мужу:

— Дзіўная нейкая твая бабуля, Ваня. Часцяком у сваім пакоі сама сабе нешта кажа, успамінае нейкіх Сулейманаў, Абдурахманаў, Даудаў... Хто гэтыя людзі? Ці ж была ў цябе такая радня?.. А потым гэта слова «джын»... Яна яго не выпускае з роту...

Іван Паўлавіч супакоіў жонку:

— Сонечка! Яна — стары чалавек. Старыя людзі — прыхільнікі размоў з сабой... А Сулейманы, джыны — гэта ж казачныя героі. Бабуля і дзецям часта распавядае пра іх.

Аднойчы бабка Хатабка, пасля таго, як дзеці выканалі свае ўрокі, села з імі на канапу і спыталася:

— Ну, якія пажаданні ў маіх праўнучкаў?

— Ты так цікава расказваеш свае казкі,— пачала Валя, што часам здаецца, быццам ты сама жыла ў тых казках.

— О, мае праўнучаткі, магчыма, і жыла! — загадкава выказалася старая.— Людзі майго веку шмат дзе паспелі пабыць... Але на чым мы ўчора спыніліся?

— На дыване-самалёце! — у адзін голас напомнілі дзеці.— Як адзін джын ляцеў на дыване-самалёце, трапіў пад дождж і зваліўся на галаву самому султану...

— Успомніла! — ажывілася старая.— Так, мае родныя, дыван быў даволі ненадзейным лятальным сродкам. Ён і макрэчы баяўся, і моль яго праядала, тады ён губляў і хуткасць, і вышыню, а то і зусім валіўся ўніз.

— А на чым яшчэ ляталі джыны? — пацікавіўся Вася.— Мы ні пра што іншае, як пра дыван, нічога не чыталі і не чулі. Праўда, у нашых казках баба-Яга лётала ў ступе і на веніку.

— Куды вашай Язе да нас, джынаў! — запалілася Хатабка і прыкусіла язык.

Дзеці рассмяяліся:

— Бабуля Хана, вы зараз так сказалі, быццам і вы джын.

— Гэта, праўнучаткі, у нас сёння такая гульня ў джынаў,— выкруцілася старая, а потым крыху падумала і прапанавала: — А хочаце, сакаляткі, мы зараз паляцім на гэтай канапе?

— Вы, бабуля, лічыце нас за зусім маленькіх! — пакрыўдзіўся Вася.— Канапы не лётаюць нават у казках.

— Ну, тады трымайцеся! Галоўнае не дужа нахіляйцеся наперад, каб не выкуліцца! — старая непрыкметна пстрыкнула пальцамі.

Адразу ж знік Васеў пакой і дом, у якім яны жывуць, а пад імі, недзе ўнізе, было бачна, як распластаўся нейкі вялізны горад.

— Гэта ж наш Мінск! — у адзін голас закрычалі ўзрушаныя дзеці.

Старая сама ўзрушылася не менш дзяцей і ўсё пыталася:

— А вунь тое што?

— Дзе? А, гэта наш оперны тэатр!

— А тое?

— Гэта Акадэмія навук, бабуля!

— А там што такое прыгожае?

— Спусціся, бабуля ніжэй! Гэта — гонар нашага горада — Нацыянальная бібліятэка ў форме брыльянта! Там захоўваюцца вельмі разумныя кнігі!

— Ух ты! — па-дзіцячы захаплялася Хатабка.— Сам Сулейман ібн Дауд пазайздросціў бы вашай бібліятэцы!

— Канечне, пазайздросціў бы! — перакрыквалі свіст ветру ў вушах дзеці.

— А тут, наверсе, даволі сцюдзёна,— заўважыў Вася.

— Прыціскайся да мяне, праўнучак! — абняла Васю старая.

Валя здзівілася:

— Дык вы, бабуля, сапраўдны джын! А мы думалі, што вы нам казкі расказваеце.

— Лічыце, родныя, што гэта сон! — хітра адказала Хатабка.— А ў сне здольныя лётаць усе... Ну што, дамоў ці палётаем яшчэ?

— Палётаем! — зноў у адзін голас адказалі дзеці.

А ў гэты час Соф’я Сцяпанаўна вярнулася з працы і вельмі здзівілася, не застаўшы нікога дома. Здзівіла яе і тое, што з Васева пакоя знікла канапа.

— Дзіўна! — прагаварыла яна.— Калі Ваня паспеў аддаць канапу ў рамонт?.. Ой, не падабаецца мне ўсё гэта!

Праз нейкі час вярнуўся і Іван Паўлавіч і першае, што пачуў,— гэта пытанне ад жонкі:

— Ты што, аддаў у рамонт Васеву канапу? Яна ж яшчэ амаль новая...

— Якую канапу? — здзівіўся Цвік і пайшоў у Васеў пакой. Там на канапе сядзела Хатабка, а з двух бакоў каля яе расчырванелыя дзеці.

Хатабка шчоўкнула пальцамі і шапнула:

— Гэта быў сон... толькі сон...

Іван Паўлавіч здзіўлена гукнуў жонку:

— Соня! Пра якую канапу ты казала?

 

РАПТОЎНАЯ ХВАРОБА

 

Раніцай Вася не ўстаў з пасцелі і не пайшоў у школу. У яго ўзнялася тэмпература, яго мучыла гарачка і нейкія трызненні. Ён кідаўся па ложку, нікога не пазнаваў і, што самае горшае, нічога не еў.

Соф’я Сцяпанаўна не адыходзіла ад ложка хворага сына, Іван Паўлавіч пастаянна тэлефанаваў з работы, хаця б па тэлефоне кантралюючы стан здароўя Васі.

«Хуткая дапамога» то прыязджала, то ад’язджала, але дапамагчы нічым не магла, бо дактары не маглі паставіць больш-менш дакладны дыягназ. А няма дыягназу — няма і лячэння.

Вася крычаў у гарачцы:

— Бабуля, бяры вышэй! Давай віраж улева! Цяпер управа! Мы — сапраўдныя джыны!..

Соф’я Сцяпанаўна застагнала:

— Зноў гэтыя джыны! О, гэта бабуля Хана!

А Хатабка была занепакоена станам здароўя Васі не менш, чым астатнія. Яна разумела, адкуль што ўзялося, і ведала, што толькі яна можа пазбавіць хлопчыка ад хваробы, але для гэтага ёй неабходна было наблізіцца да Васі і пакласці сваю далонь яму на лоб, прашаптаўшы толькі ёй вядомае слова. Але гэта зрабіць было немагчыма, таму што Соф’я Сцяпанаўна не адыходзілася ад сына ні на хвілінку і пільна сачыла, каб каля Васі і духу старой не было.

Хатабка спрабавала ўздзейнічаць на гаспадыню праз Івана Паўлавіча і той звяртаўся да жонкі:

— Дапусці бабулю да Васілька! Ну не з’есць жа яна яго! А раптам дапаможа?

— Не! — рашуча адмаўляла Соф’я Сцяпанаўна.— Чуе маё сэрца, што ўсё ліха ад старой!

Але час ішоў, а Васю не рабілася лягчэй, тым больш, што без ежы і вады ён відавочна слабеў.

Нарэшце Соф’я Сцяпанаўна здалася і дазволіла Хатабцы наблізіцца да сына, хаця і сачыла за дзеяннямі старой з непрыхаваным недаверам.

А дзеянні Хатабкі былі вельмі простымі. Яна паклала далонь на гарачы лоб Васі і штосьці прашаптала. Пры гэтым яна закрыла вочы і нібыта заснула. Затое адразу адкрыў свае вочы Вася і, на здзіўленне прысутных, спытаўся:

— Мама, колькі часу? Я, мусіць, праспаў у школу!..

Хатабка павярнулася і моўчкі пайшла ў свой пакой.

Соф’я Сцяпанаўна залілася слязьмі радасці і, не перастаючы, шаптала:

— Васечка... Сынок... Якое шчасце!

Вася прыўстаў з пасцелі і, як нічога не было, сказаў:

— Мама, я хачу есці! Чаму я так моцна хачу есці?

Соф’я Сцяпанаўна ўскочыла з Васева ложка:

— Зараз, сынок! Бягу! Нясу ежу!..— І калі хлопчык пачаў з апетытам сілкавацца, ціха сказала: — Ты ж, Васілёк, тры дні не ўставаў і ўвесь гэты час нічога не еў...

Пасля таго, як Вася пад’еў і па тэлефоне паведамілі Івану Паўлавічу аб выздараўленні сына, Соф’я Сцяпанаўна ўвайшла ў пакой Хатабкі і ласкава сказала:

— Дзякуй вам, бабулечка Хана, і даруйце мне! Што б мы рабілі без вас? — і шчыра пацалавала старую, даўшы гэтым зразумець, што яны зблізіліся, як родныя людзі.

Праўда, засталася яшчэ адна загадкавая абставіна, якая не давала Соф’і Сцяпанаўне спакою: дзеці ўзахлёб расказвалі ёй свае сны — сны-блізняты. Іхнія сны супадалі да драбніц, да апошняга слова, пра палёт на канапе над Мінскам.

— Гэта нейкі феномен! — не пераставала здзіўляцца яна.— Можа, дзяцей паказаць псіхіятру?

Іван Паўлавіч адразу усё зразумеў і забараніў нават думаць пра псіхіятра.

— Ваня, а канапа ж адсутнічала... Яна ж некуды знікала...

— Ты толькі заікнешся псіхіятру пра канапу, якая знікала і лётала над Мінскам, цябе саму ён паставіць на ўлік. Выкінь усё з галавы!

Крыху пазней Іван Паўлавіч праслізнуў да Хатабкі ў пакой і патрос кулаком перад яе носам:

— Усё-ткі лётала з дзецьмі над горадам!

— Ну, адзін разок... Эх, бачыў бы ты захапленне сваіх дзяцей у час палёту! — з замілаваннем тлумачыла старая.— Дарэчы, магу і цябе пракаціць з ветрыкам, і тваю Соф’ю Сцяпанаўну... Як?

— Дзякуй, але я баюся лётаць на канапе!

 

СУСТРЭЧА ПРАЗ ТЫСЯЧАГОДДЗІ

 

Іван Паўлавіч з сям’ёй і з бабкай Хатабкай жыў ужо ў Мінску, у прасторнай пяціпакаёвай кватэры. Жыццё цякло па-новаму, але ўжо звыкламу рэчышчу.

У прыродзе часта бывае так, што на чыстым блакітным небасхіле адкуль ні вазьміся з’яўляецца маленькая аблачынка, якая хутка вырастае ў вялікую чорную хмару, а ўжо ад гэтай хмары нічога добрага чакаць не даводзіцца...

Такой аблачынкай раптоўна з’явіўся ў кабінеце Цвіка сумнавядомы Кувалдзін. З’явіўся і надоўга знік. Іван Паўлавіч стараўся не думаць пра той візіт, спадзеючыся, што больш яны не ўбачацца.

Але такія людзі, як Кувалдзін, падобныя пякотцы — яе не бачыш, але пастаянна адчуваеш, а калі пякотка і знікае часова — апасаешся яе вяртання.

Як ні адцягваў Іван Паўлавіч час, але пра візіт Кувалдзіна быў абавязаны расказаць Хатабцы, бо навіна тычылася яе брата.

— О, Амар Юсуф... — з нейкай затоенай чарнотай і зусім не радасна ўсклікнула Хатабка.— Ён заўсёды быў няўдзячным, зайздрослівым, сварлівым... Поўная процілегласць Гасану і мне. Яго стыхія — зло.

І яшчэ паведаміў Цвік старой, што Кувалдзін патэлефанаваў і ад імя яе брата прасіў перадаць Хатабцы, што Амар патрабуе сустрэчы з ёю.

— У мяне няма важкіх падстаў адмовіцца,— зноў сумна адказала старая,— ён мой брат і гэтым усё сказана, хаця ад такой сустрэчы нічога добрага чакаць не даводзіцца...

Іван Паўлавіч пацікавіўся:

— А хто ў вас, у джынаў, больш магутны — той, хто творыць дабро, ці той, хто робіць зло?

Хатабка адказала пытаннем на пытанне:

— А ў вас, людзей?

— На жаль, бывае, што зло бярэ верх...

На наступны дзень Івану Паўлавічу зноў патэлефанаваў Кувалдзін і ўдакладніў:

— Амар Юсуф заўтра ў полудзень будзе чакаць сваю сястру Хатабку ля Старога Броду, каля таго месца, дзе я вылавіў медны сасуд.

— Чаму там, а, напрыклад, не ў мяне дома? — здзівіўся Цвік.— Тут, у горадзе, лягчэй схавацца ад чужых вачэй.

— Катэгарычна не! — запярэчыў Кувалдзін.— Выгляд Амара настолькі экзатычны, а характар некіруема-буйны, што без скандалу і непрыемнасцяў не абысціся. Вы яго яшчэ не ведаеце!

Іван Паўлавіч падумаў: «Затое я добра ведаю цябе... А яшчэ сцвярджаюць, што прыцягваюцца толькі рознапалярныя часціцы, а вось тут дык прыцягнуліся адзін да другога два такія адмоўныя суб’екты...»

На наступны дзень Іван Паўлавіч, каб пазбегнуць непатрэбных сведкаў, адпусціў свайго шафёра, сам сеў за руль і паціху паехаў да месца сустрэчы.

За горадам ён усім сэрцам адчуў, наколькі моцна засумаваў па родных мясцінах. На яго нахлынулі ўспаміны, яго душу агарнула хараство таго мінулага, больш цяжкага, затое больш шчаслівага жыцця.

— Хутка, Хатабачка, будзем ехаць ля таго поля, дзе я знайшоў цябе,— пяшчотна заўважыў Цвік.— І чаму я тады, дурань, не схаваў тую бутэльку, а пакінуў навідавоку?.. Менш было б клопатаў сёння...

Хатабка думала пра сваё і нібы адсутнічала, таму на словы Цвіка не звярнула ўвагі, а магчыма, увогуле не пачула іх. Потым ціха сказала, хутчэй, сама сабе:

— Колькі ж мы не бачыліся? Ці пазнаем адно аднаго?

Нарэшце наперадзе мільганула блакітная стужка Нёмана. На абрывістым беразе ля Старога Броду стаяў знаёмы УАЗ, побач з якім знаходзіліся дзве чалавечыя постаці. Дакладней, адна постаць была не чалавека, а джына, хаця і другога чалавекам можна было назваць з вялікім нацягам.

Цяпер і Іван Паўлавіч напружыўся і адчуў хваляванне.

Пад’ехаўшы да УАЗа, Цвік дапамог выйсці з «Волгі» Хатабцы, у якой на вачах блішчэлі слёзы.

Старая падкульгала да брата, уважліва зазірнула яму ў твар і з крыкам: «Амарчык!» — кінулася да яго на шыю.

Аднак Амар Юсуф зрабіў крок назад і выставіў перад сабой руку:

— Толькі не гэта! Адбымкі і слёзы — не для мяне!

— Чаму, Амарчык? — слёзна спыталася Хатабка.— Мы ж родныя! Мы ж — адной крыві!

— Пра кроў пагаворым потым... Дай мне на цябе паглядзець... Фу-у, якая старая!

Сам жа Амар Юсуф быў старэйшы за сваю сястру, ды і сівая, ледзь не на зямлі, барада не маладзіла яго.

Амар павярнуўся да Кувалдзіна:

— Нам трэба пагаварыць з ёю без сведкаў... Пакорліва прашу майго ўладара адысці з гэтым незнаёмцам,— і Амар злосна бліснуў вачыма ў бок Івана Паўлавіча.

Кувалдзін прапанаваў:

— Давай пройдземся, Іван Паўлавіч. Нам таксама ёсць аб чым пагутарыць без сведкаў,— і яны нетаропка падаліся па маляўнічаму берагу.

Цвіку было прыемна знаходзіцца сярод гэтай некранутай чысціні, дзе прырода сама вырашала, як упрыгожваць свае наваколлі, дзе птушачкі завіхаліся адна перад адной, высвістваючы свае непаўторныя песні, і ў той жа час было непрыемна, што побач з ім ідзе чалавек — поўная процілегласць гэтай чысціні і шчырасці.

Як бы пацвярджаючы гэта, Кувалдзін пачаў размову:

— Я, Іван Паўлавіч, поўнасцю даспеў і гатовы на тваё месца. Ці даспеў ты, каб саступіць мне яго? І калі ты згодны, мы можам стаць саюзнікамі.

— А калі я не згодны? Што тады?

Кувалдзін спыніўся і перагарадзіў сабой Цвіку далейшы шлях:

— Што тады?.. Ты ж, Іван Паўлавіч, усё роўна ўспрымаеш мяне як свайго начальніка... Псіхалагічна ты баішся мяне. Не выключаю і такі варыянт, што будзеш баяцца не толькі псіхалагічна... Ву-унь, мой варыянт вядзе бяседу з тваёй старой! — Кувалдзін паказаў у бок Амара.— І гэта мой бяспройгрышны варыянт!

— А там і мой бяспройгрышны варыянт! — адказаў Іван Паўлавіч.— І хто ведае, што будзе заўтра?

— Залатыя словы! — падхапіў Кувалдзін.— Пакуль мы нічога не ведаем да канца, давай лепш аб’яднаем нашы намаганні. Мы, з гэтымі двума варыянтамі, дасягнулі б высокіх вяршыняў! Пакуль не позна — згаджайся!

Івану Паўлавічу вельмі хацелася заехаць кулаком у гэту сытую, нахабную морду, але ён стрымаў сябе і пакрочыў далей.

Раптоўна абодва спыніліся, бо адтуль, дзе засталіся брат і сястра, пачуліся раз’юшаныя крыкі.

Цвік і Кувалдзін кінуліся да «мітынгуючых» і ледзь разнялі іх. Амар гнеўна крычаў:

— Размазня старая!

— Нікчэмны паскуднік! — адазвалася сястра.

Іван Паўлавіч хуценька памог сесці ў машыну Хатабцы, ускочыў за руль і з месца газануў на ўсю моц матора. Ён разумеў стан душы старой, таму не лез да яе з роспытамі — Хатабка таксама маўчала.

Нарэшце Цвік пачуў яе прыглушаны голас:

— Які быў, такім і застаўся — авантурыст, інтрыган, грубіян!

Іван Паўлавіч маўчаў, даючы магчымасць Хатабцы аблегчыць душу. Хатабка працягвала:

— Не бяруся агучваць тыя словы, якія выляталі з яго мярзотнага рота ў мой адрас,— Сулейман ібн Дауд яму суддзя,— але яго ганебная прапанова зрабіць з цябе медны сасуд, пасадзіць у гэты сасуд — у цябе, Ваня,— тваю сям’ю і кінуць вас у бруднае балота вывела мяне з сябе...

Іван Паўлавіч ад нечаканасці папярхнуўся ўласным дыханнем і збялеў:

— Я па іхняй задумцы павінен стаць вечнай турмой для сваёй сям’і! Як гэта жорстка! Да гэтага дадумаўся не Амар — гэта прапанова Кувалдзіна.

— Сам вінаваты, што не дазволіў ператварыць яго ў п’яўку!.. Але гэта не ўсё, Іванка... Амар Юсуф выказаў пагрозу: у выпадку тваёй адмовы Кувалдзіну ты і твая сям’я штодзённа будзеце адчуваць яго пакасці.

Іван Паўлавіч, ведаючы, што з джынамі дрэнныя жарты, спалохаўся:

— А што ж рабіць? Як нам жыць далей?..— у яго міжволі вырваліся словы: — Знайшоў жа я тады тую праклятую бутэльку на сваю галаву!

— Не смей болей так думаць! — сярдзіта глянула на Цвіка Хатабка.— Тую бутэльку ты знайшоў не на сваю галаву, а сабе на радасць!

— Даруй, бабулечка! — павініўся Іван Паўлавіч.— Гэта я ад страху ляпнуў! Але ж як нам жыць далей, маючы такога ворага?

— Жыві, як і жыў! І сям’я няхай жыве спакойна! Я, у адрозненне ад Амара, здольная чытаць чужыя думкі — і думкі джынаў. Цяпер кожная думка-задумка Кувалдзіна і Амара будуць у мяне на ўліку!

 

ПРАЦА НА ПАЎСТАЎКІ

 

Пераехаўшы на пастаяннае месца жыхарства ў Мінск, Соф’я Сцяпанаўна нарэшце атрымала магчымасць працаваць па спецыяльнасці — псіхолагам.

Яна ўладкавалася ў інстытут сацыялагічных даследаванняў на пасаду вядучага спецыяліста.

Галоўнай асаблівасцю яе спецыяльнасці з’яўлялася тое, што псіхолаг, выступаючы перад аўдыторыяй, паўстае не лектарам, які завучана і марудна выкладае сутнасць свайго выступлення, а раскрывае, ва ўсякім выпадку павінен раскрываць, сутнасць усіх магчымых праяўленняў чалавечай душы ў самых непрадказальных сітуацыях.

Жыццё імкліва і няўхільна паглыбляецца ў бездань стрэсавых сучасных падзей і экстрымальнай штодзённасці, таму ролю псіхолага ў паслабленні нервовых узрушэнняў, якія абрынуліся на чалавека, цяжка пераацаніць.

Соф’я Сцяпанаўна даўно адчула розніцу між спакойнай, часам абыякавай аўдыторыяй і выбуховай негатыўнай энергіяй раптоўных чалавечых трагедый. Самае складанае і адказнае — знайсці патрэбныя ў кожнай канкрэтнай сітуацыі словы, надаць патрэбную душэўную інтанацыю словам, выводзячы чалавека з шокавага стану. У такія хвіліны псіхолаг павінен умець паставіць сябе на месца пацярпелага, прапусціць праз сябе ўвесь жах перажываемага ім, інакш усе словы і намаганні псіхолага будуць несуцяшальнымі і непераканаўчымі, пазбаўленымі чалавечай цеплыні.

Што і казаць, Соф’і Сцяпанаўне даводзілася зведваць і тое, і другое — і бяскрыўдны «штыль» аўдыторый, і раз’юшаныя наступствы рэальных падзей.

Таму дамоў яна вярталася часам даволі позна, як правіла, стомленая.

Душэўны стан аднаго чалавека непазбежна перадаецца яго акружэнню, а што ўжо казаць пра сям’ю?

Іван Паўлавіч, ды і дзеці, не маглі не заўважаць відавочныя змены ў паводзінах «захавальніка агменю».

У жыцці нярэдка бывае так, калі вядомы гумарыст з эстрады ўводзіць у смех да колікаў у жываце перапоўненыя залы, а для ўласнай сям’і з’яўляецца вытокам прыгнечанасці і суму. Ды і некаторыя чыноўнікі на працы перад падначаленымі разыгрываюць выхаванасць і ветлівасць, а дома ператвараюцца ў тыранаў.

І хоць Соф’я Сцяпанаўна не адносілася да такіх выключэнняў з правілаў, пячаць прафесійнай адказнасці на яе лягла.

Таму Іван Паўлавіч неяк вечарам дома зрабіў заўвагу жонцы:

— Сонечка, ты вымотваешся на працы, дзеці цэлымі днямі цябе не бачаць... дарэчы, як і мяне. А яны зараз перажываюць так званы пераходны ўзрост. Ты ім у такі час патрэбная як ніколі. На пражыццё нам хопіць маёй зарплаты — можа б ты пакінула сваю працу... Га?

— Няўжо людзі працуюць толькі дзеля грошай? — куснула мужа Соф’я Сцяпанаўна.

— Безумоўна, не!.. Але падумай пра важнасць іхняга псіхалагічнага выспявання! — Іван Паўлавіч зрабіў націск на слова «псіхалагічнага».

— Хітрэц! — усміхнулася Соф’я Сцяпанаўна.— Ціснеш на адчувальную для мяне тэму: вось чужых ты ратуеш, шкадуеш, псіхалагічна лечыш, а свае дзеці растуць «самапасам»... Так? Але ж нашы дзеці — і ты гэта бачыш — ідуць у жыццё псіхалагічна ўстойлівымі. Думаю, яны будуць пераадольваць жыццёвыя цяжкасці не горш за сваіх бацькоў.

— Яшчэ б! — усклікнуў Іван Паўлавіч.— Не давядзі бог, каб дзеці ў сваім усебаковым развіцці былі ніжэй за сваіх бацькоў! Калі такое адбываецца недзе ў сям’і — гэта трагедыя сям’і. Каб такое адбывалася ў маштабах дзяржавы — дзяржава не мела б будучыні.

— І што ты прапаноўваеш? — спыталася Соф’я Сцяпанаўна.

— Ну, калі зусім не жадаеш кідаць свой інстытут, перайдзі хоць на паўстаўкі.

— Гэта выключана! Ты можаш уявіць сябе напалову міністрам?

Цвік усміхнуўся:

— Так... Ты сапраўдны псіхолаг...

— А што такое паўстаўкі? — пацікавілася Хатабка.

— Бабуля Хана, вам гэта нецікава,— адказала гаспадыня.

— І усё ж мне цікава!

Соф’я Сцяпанаўна саступіла і адказала:

— Паўстаўкі — гэта палова заробку.

— Цяпер зразумела! — задаволілася старая.

Вярнуўшыся ў свой пакой, Хатабка пачала разважаць:

— Усім у гэтай сям’і я памагала, усім рабіла дабро, а вось гаспадыні нічым ні разу не ўслужыла... Калі Ваня сцвярджае, што хопіць Сонінай паловы заробку, значыцца, я абавязана зрабіць такі падарунак Соф’і Сцяпанаўне... Вось будзе радасці!..

Соф’я Сцяпанаўна працягвала працаваць поўны дзень — і кожны дзень аддавала ўсю сябе і ўвесь магчымы час працы, часам, ледзь не валілася з ног — і была ад гэтага шчаслівым чалавекам.

Калі ж надышоў чарговы дзень атрымання зарплаты, яе псіхалагічны стан рэзка пагоршыўся — у кáсе ёй выплацілі толькі палову заробленага.

— У чым справа? Што такое? — як магла спакойна спыталася яна.

У адказ пачула:

— А вы ў нас працуеце на паўстаўкі!

— Але ж я...

Але касірка перапыніла яе:

— Нічога не ведаю! Вось ведамасць!

Соф’я Сцяпанаўна кінулася ў бухгалтэрыю, да дырэктара інстытута — адказ быў адзін:

— Нічога не можам перарабіць — вы ў нас на паўстаўкі!

Дома за вячэрай, Соф’я Сцяпанаўна не дакранулася да ежы:

— Разумееш, Ваня,— скардзілася яна,— нейкі зачараваны круг. Працую па дзесяць-дванаццаць гадзін штодня, а заплацілі мне толькі паўстаўкі. У суд падаць ці што?

Іван Паўлавіч, пачуўшы словы «зачараваны круг», уткнуўся носам у талерку і ледзь стрымліваў смех. Ён зразумеў, хто зачараваў гэтае кола.

— Не хадзі, Сонечка, па судах! Як кажуць, даражэй абыдзецца. Відаць, гэта лёс — працаваць табе на паўстаўкі!

 

ВЫКЛІК ДА ПРЭМ’ЕР-МІНІСТРА... І ПОЎНЫ КРАХ

 

Надышла зіма. Жыццё рухалася сваім парадкам, і Іван Паўлавіч пачаў забывацца, як на дурны сон, на Кувалдзіна з яго прапановамі і пагрозамі.

Некачана Цвіка выклікаў да сябе Прэм’ер-міністр Глыбаў. І хоць Іван Паўлавіч перыядычна бывае ў свайго непасрэднага шэфа, на гэты раз нейкі непрыемны халадок крануў яго сэрца.

— А-а, Іван Паўлавіч! Вітаю цябе! — працягнуў руку для прывітання Глыбаў.

— Здрасце, Яўген Ягоравіч! — насцярожана павітаўся і Цвік.

— Сядай! Сядай! — запрасіў прэм’ер,— Скажы, Іван Паўлавіч, як ты характарызуеш Кувалдзіна?

Цвік «змікіціў», у чым справа,— данос!

— Мне яго, Яўген Ягоравіч, не зусім зручна характарызаваць... Я яго панізіў да старшыні калгаса.

— А вось ён цябе чыхвосціць злева направа і наадварот! Такую «цялегу» прыслаў на цябе, ну, не інакш, як сцэнарый для кіно «Тысяча і адна ноч». Быццам бы ты з джынамі на кароткай назе, нібыта твая бабуля займаецца чарамі... Быццам ты ходзіш па палях і нейкія бутэлькі збіраеш... і гэтак далей, да бясконцасці... Ну, як? Будзеш пісаць абвяржэнне?

Іван Паўлавіч разгубіўся і не ведаў, які варыянт адказу не пашкодзіць...

Глыбаў зразумеў паўзу падначаленага па-свойму:

— І я, Іван Паўлавіч, пасля прачытанага, як і ты, раскрыў рот ад здзіўлення. Гэта ж трэба, такое нагарадзіць! Нармальны чалавек у гэты бок і не падумае!

Глыбаў нечакана змяніў тэму:

— Я цябе, даражэнькі, выклікаў не казкі слухаць. Ёсць справы больш важныя. Усе мы з’яўляемся сведкамі глабальнага эканамічнага і фінансавага крызісу. Не абмінуў гэты крызіс і нас, аднак мы на фоне іншых дзяржаў выглядаем нядрэнна...

Пасля Кувалдзінскага даносу словы прэм’ера здаваліся Цвіку музыкай...

— Дык вось, Іван Паўлавіч,— працягваў Глыбаў,— ты, як вопытны кіраўнік і, галоўнае, практык, паедзеш на міжнародны форум у швейцарскі Давос і там прасвятліш еўрапейскіх і заакіянскіх разумнікаў, якія і выпусцілі крызіснага джына з бутэлькі, як пераадольваць наступствы гэтай міжнароднай бяды...

Пры словах «джына з бутэлькі», Іван Паўлавіч ізноў сціснуўся ў камяк, быццам Глыбаў цяпер садраў маску не з амерыканцаў, а з яго...

— Я? У Давос? — не верыў сваім вушам Цвік.

— Менавіта ты! Лепшай кандыдатуры мы не знайшлі! Гэта, Іван Паўлавіч, і пачэсна, і адказна — вучыць другіх з высокай міжнароднай трыбуны! Часу ў цябе не шмат, таму абмазгуй усё, узваж кожнае слова і — шчаслівай дарогі!..

Даведаўшыся, што Іван Паўлавіч збіраецца ў далёкую краіну, Хатабка прапанавала:

— Можа, Ваньчык, на канапе паляціш? Усіх там здзівіш, ды і грошай плаціць не трэба.

— Не, Хатабачка! Дзякуй! Па-першае, зараз зіма, холадна, яшчэ нос адмерзне, а па-другое, пакуль няма такіх аэрапортаў... Капіталісты адсталі ад нас...

Праз тры дні Іван Паўлавіч сядзеў ва ўтульным салоне самалёта, які імкліва нёс яго ў знакаміты Давос да небывалай сусветнай славы...

Лёгкае пагойдванне і манатоннае гудзенне матораў апусцілі Івана Паўлавіча ў салодкі сон. Яму падалося, што сон цягнуўся ўсяго імгненне, бо нечыя рука бесцырымонна страсянула яго за плячо. Скрозь адлятаючую дрымоціну да вушэй даляцела:

— Прачынайся, лайдак! Пасяўная ў разгары, а ён спіць!

Іван Паўлавіч, як з цяжкага пахмелля, адплюшчыў вочы і азірнуўся вакол. Ён, аказваецца, натаміўшыся, гойсаючы на УАЗе па калгасных палях, заскочыў да сябе ў кабінет падпісаць розныя паперы, паддаўся стоме, паклаў галаву на рукі і непрыкметна для сябе заснуў за сталом.

А разбудзіў яго зараз сам старшыня райвыканкама Кувалдзін, за спінай якога стаяў абласны куратар Васіль Вітальевіч. Які жах! Які сорам!

— Ну, можа, каву прынесці ў пасцельку? — здзекаваўся Кувалдзін.

— Я... Я выпадкова... Рана ўстаў, замаяўся... — спрабаваў штосьці тлумачыць Цвік.

Васіль Вітальевіч узяў са стала кніжку і засмяяўся:

— Глянь, Мацей Мацеіч, што чытаюць твае старшыні калгасаў! Адкуль яны будуць, працоўныя перамогі? Смех ды і толькі!

Кувалдзін узяў з рук куратара кніжку і ахнуў:

— «Стары Хатабыч»! Ёкарны бабай! Да чаго мы дажыліся!

Кувалдзін кінуў у сметніцу любімую кніжку Івана Паўлавіча і пагрозліва параіў:

— «Капітал» Карла Маркса чытаць трэба! І не толькі чытаць, а штудзіраваць! Вось так, Іван-балван!.. Вязі нас, паказвай, што паспеў пасеяць!

Калі ад’ехалі правяраючыя, Іван Паўлавіч пайшоў па ўжо знаёмаму бульбяному полю, сумна разважаючы:

— Які сон перарвалі! Які сон!.. Ну хоць жа ў сне я быў вышэйшы за вас! Вось бы такое ў жыцці! Не... Сны не збываюцца, Кувалдзіны вечныя, невынішчальныя...

Раптам у баразне... Іван Паўлавіч пацёр вочы — у баразне ляжала нейкая бутэлька. Закаркаваная... У скронях застукалі адбойныя малаткі, сэрца схаладнела...

— Што ж рабіць? Браць ці не? Не! — махнуў ён рукой, сеў за руль і завёў матор.— Хопіць з мяне гэтых казак і сноў!.. А ўвогуле, што я губляю?

Ён выскачыў з машыны, падняў бутэльку і дрыготкімі рукамі адкаркаваў яе.

Пуста! Панюхаў, патрос — нічога і нікога!

Ён са злосцю шпурнуў бутэльку на раллю і, расчараваны, рашуча накіраваўся да УАЗа.

— Гэй, асцярожна! — пачуў ён за спінай.— Раскідаўся тут!

Іван Паўлавіч азірнуўся і ледзьве не самлеў. З бутэлькі лянотна выходзіў дымок, які набываў абрыс чалавека і паступова ператварыўся ў старую бабулю, якая сонна прашамкала:

— Ну, прыдрамнула я крыху... Загадвай!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.