epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бацькава навука

Бацька валіць сыну ў косці,

Словамі, не гумай:

— Перад тым, як ляпнуць штосьці,

Ты спярша падумай.

 

«Перажві» спачатку тое,

Што ў мазгах паспела,

Потым слоўца залатое

З роту сплёўвай смела.

 

Ўсё уцяміў ты талкова?

Бацьку адкажы ты.—

Сын — ні слова,

Ні паўслова,

Нібы рот зашыты.

 

— Ты чаму маўчыш, дзіцятка?

Проша «на трыбуну».

— Жву я й думаю спачатку,

Хутка, тата, сплюну.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.