epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бацькоўская хата

Зноў вяртаюся я да бацькоўскае хаты,

Дзе паветрам жыцця быў на крылы узняты,

Дзе гады мільганулі маланкай бліскучай.

Адышлі, нібы сон, сталі ранай балючай.

 

Не падмецены двор, не напалена ў хаце,

Не сустрэнуць мяне мае бацька і маці.

І не выкажуць сэрцу бацькоўскай парады,

І не скажуць: — Сынок! Мы чакалі, мы рады!

 

Прывітае мяне небасхіл васільковы

І глядзіць у душу ціхі ранак вясковы.

Сустракае бярозка мяне ля гасцінца,

Нібы некалі маці у белай хусцінцы.

 

Толькі ў думках магу сустракацца з бацькамі,

Мне на сэрцы цяплей, калі я з землякамі.

Бо усе мы часова пад небам, пад Богам —

І схіляюся я перад родным парогам.

 

Бацькоўская хата —

Мой боль, маё свята...


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.