epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бацькоўскае блаславенне

Бывай мая хата, мой кут, мая келля —

Душа вандраваць дазваляе!..

Дарога па лесе, нібыта з пахмелля,

То ўправа, то ўлева віхляе.

 

Я й сам ап’янеў ад пачуццяў раптоўных,

Ад дзёрзкасці смелага ўчынка.

Наперадзе — прысвяткі твораў галоўных,

За пазухай — хлеба скарынка.

 

Палі, сенажаці, лясоў прахалода

Мяне абдымаюць ласкава.

Я ў гэтай вандроўцы з маленства — заўсёды,

І гэта — мой лёс, не забава.

 

Забавам імгненні, а лёсу — руплівасць,

Руплівасці — рух і свядомасць,

Іначай — і мары збягуць палахліва,

І спыніць душу нерухомасць.

 

У высі імкнецца душа, да аблокаў,

Да зорак, да сонца праменняў...

Я з хаткі іду — ад бацькоўскіх вытокаў,

І ў сэрцы — бацькоў блаславенне.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.