epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Багаты чалавек

Барысу Міронавічу

 

Звёў лёс мяне з багатым чалавекам —

Багаты ён не кашальком тугім,

Багаты ён сваім жыццёвым векам

І мудрасцю, якая й сёння з ім.

 

Ён рос у простай хаце, не ў палацы,

Пазней — лічыў за гонар мазалі.

Ён прысвяціў жыццё сялянскай працы,

Душу і сэрца аддаваў зямлі.

 

І ён лічыў за мэту, за патрэбу,

Пражыць свой век сумленна, без маны.

Ён ведае цану жыццю і хлебу —

І для яго няма вышэй цаны.

 

Сакрэт яго жыцця не быў сакрэтам —

Жыве ён Чалавекам між людзей...

Я ад знаёмства з гэтым чалавекам,

Духоўна стаў чысцей і багацей..


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.