epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Багіра

Анатолю Антонавічу споўнілася семдзесят пяць гадоў. Што і казаць узрост паважаны.

Ён, як, пэўна, і ўсе людзі яго веку, жыў больш мінулым, чым сучасным, не кажучы пра будучыню. Будучыня мала што ўжо абяцала, акрамя, канешне, аднаго...

Да сучаснага душа не хінулася,— сёння ён адчуваў сябе непатрэбным гэтаму часу і не таму, што ён састарэў, а жыццё відавочна амаладжваецца. Гэта імклівае сучаснае «амаладжэнне» чалавечых узаемаадносінаў пачало страчваць, а, магчыма, ужо страціла аснову далейшага існавання чалавецтва — узаемапавагу, адчуванне узаеманеабходнасці адно аднаму, успрыманне кожнага жыцця, як найвялікшай цэннасці, дадзенай кожнаму з нас продкамі, Радзімай, Богам. Сучаснасць уяўляецца Анатолю Антонавічу залішне эгаістычна-матэрыяльнай, занадта бяздушна-агрэсіўнай і, што больш усяго засмучала яго — маладухоўнай.

Разважаючы над гэтым, ён ўсё ж дакараў сябе за перабольшванне сваіх патрабаванняў да сучаснага жыцця, за прыдзірыстасць да выключных недахопаў.

Пэўна, думаў ён, і сто гадоў таму, гэткі ж стары буркун сядзеў і, успамінаючы сваё «калісьці», млеў па ім.

Але... Але Анатолю Антонавічу, успамінамі было цёпла і ўтульна ў сваім «калісьці», якое, як ён разумеў, было не такім ужо і бязвоблачным. Усё было ў той складаны пасляваенны час, асабліва ў вёсцы, якая выжывала на разрусе і бясхлеб’і. Гэта былі самыя цяжкія саракавыя, пасляваенныя гады. Але і ў той суровы час, і блізка не было эгаістычна-матэрыяльнага духу і бяздушна-агрэсіўных узаемаадносінаў між людзьмі.

А духоўнасць! — і вочы Анатоля Антонавіча засвяціліся маладымі агеньчыкамі. Здавалася б, ці да духоўнасці было тады? Але жывы чалавек, асабліва малады, ці ж мог жыць без песні, без кніжкі, без мары? І менавіта тады, змардаваным працай і перахрышчаным горам людзям, не менш, чым ратавальны хлеб, патрэбныя былі і песні, і кніжкі, і мары.

У душы Анатоля Антонавіча віравалі самыя розныя ўспаміны, прозвішчы аднавяскоўцаў, імёны сяброў, але ён чамусьці засяродзіўся на адным успаміне, магчыма таму, што гэта быў першы яго крок «у духоўнасць».

 

*

 

Анатоль жыў у маленькай вёсачцы, даволі глухой, з непралазнымі дарогамі, якія мог адужаць толькі трактар.

Ужо пачынаючы з сёмага класа, ён пачаў рэгулярна наведвацца ў вёску Шапялі, дзе знаходзіўся вялізны клуб. Загадчыцай клуба была мясцовая жанчына, дакладней, не была, а лічылася загадчыцай.

Раённы аддзел культуры, улічваючы яе гарачае імкненне заняць гэту пасаду, і адсутнасць больш годнай кандыдатуры, даручыў ёй такую адказную справу.

Але новая загадчыца клуба не мела «творчай жылкі», перастала «гарэць», і рабіла спраўна толькі адно — атрымлівала зарплату. Потым яшчэ горш — пачала зазіраць у кілішак, і вялікі будынак клуба выконваў ролю захавальніка цішыні.

Трэба сказаць, што моладзі ў тыя, пяцідзесятыя гады дваццатага стагоддзя, у вёсках было, не проста шмат, а вельмі шмат. І хоць моладзь у вёсках утрымлівалася тымі законамі і тымі парадкамі гвалтоўна, у гэтым была і свая станоўчасць.

А каб моладзі ў вёсках жылося весялей, улады ўсіх узроўняў актыўна падтрымлівалі самадзейны маладзёжны рух.

Ладзіліся мясцовыя, раённыя, абласныя агляды самадзейных калектываў, і ў сельскай мясцовасці гаспадарылі і песні і танцы.

Вось чаму Анатоль ужо з сёмага класа наведваўся, аж за пяць вёрстаў, у вёску, дзе сіратліва сумаваў безгаспадарны клуб. А сёння ён ужо вучыцца не ў сёмым класе, а заканчвае дзясяты.

Дзверы клуба не зачыняліся і моладзь «самапасам» збіралася ў ім, спявала і танчыла.

Анатоль, які меў здольнасці да гармоніка і ўмеў, хоць і недасканала, іграць на гітары, на адным такім нефармальным сходзе моладзі прапанаваў:

— А давайце арганізуем самадзейнасць! Вунь колькі ў нас спевакоў, асабліва дзяўчат. Калі пашанцуе, паедзем і на раённы прагляд. Як?

Усе горача заапладыравалі, усе марылі аб сцэне, няхай сабе і вясковай.

— А дзе браць рэпертуар?

— А хто будзе кіраўніком? — пасыпаліся пытанні.

Анатоль патлумачыў:

— Кіраўнікамі будзем мы ўсе, і рэпертуар складзем мы разам. Вунь колькі песень мы спяваем. Да таго ж — побач з клубам бібліятэка, я пакорпаюся сярод кніг, магчыма штосьці новае адкапаю. Ну як?

Зноў пасыпаліся ўсхваляваныя пытанні:

— З чаго пачнем?

— Калі пачнем?

— Дзе адбудзецца першае наша выступленне?

Анатоль усміхнуўся:

— Пра першае выступленне пакуль рана гаварыць. Але, калі яно будзе — а яно будзе абавязкова — то зладзім мы яго тут, на гэтай сцэне.

Так і парашылі. Анатоль у бібліятэцы «адкапаў» некалькі песенных зборнікаў, шмат чаго выпісаў для сябе на паперу. Затым, употай ад усіх, развучыў сёе-тое на гармоніку і гітары — і рэпетыцыі пачаліся.

Паступова аднагалосна высветлілася, што кіраўнікамі будуць «не ўсе», а толькі Анатоль, які выкрыў у сабе такія арганізатарскія здольнасці, пра якія і сам не здагадваўся.

Ён склаў і рэпертуар, і графік рэпетыцый, і пачаў прыкідваць у галаве перспектыўны маршрут выступленняў.

І вось быў прызначаны той хвалюючы і адказны дзень, які павінен быў даць адказ на пытанне: ці адбылося нараджэнне новага творчага калектыву?

У вёсках тых часоў, лепш за любы мабільны тэлефон, працавалі чуткі. Вось і цяпер, слых пра першы канцэрт у клубе, абляцеў навакольныя вёскі імгненна. І хоць клуб усярэдзіне быў вялізны, і, здавалася б, лаваў было досыць, але людзей напрыходзіла і напрыязджала, нават з суседніх вёсак на конях, столькі, што можна было бачыць ля сцен і тых гледачоў і слухачоў, якім даводзілася стаяць.

Усе самадзейныя артысты настолькі расхваляваліся, што баяліся забыцца і на словы песень, і на мелодыі.

А што ўжо казаць пра Анатоля! Ён выконваў ролю і вядучага, і акампаніятара, і спевака пад уласны акампанемент.

Яго хвалявала і такая вялікая колькасць вяскоўцаў, якія не проста гледачы, але і яго знаёмыя, з якімі сустракацца і пасля канцэрта, але больш усяго, яго хвалявала тое, што сярод людзей знаходзілася і яго мама. Ён разумеў, што яна хвалюецца зараз больш і за спевакоў, і за яго — кіраўніка гэтай урачыстасці.

Нарэшце ўсе расселіся і ў клубе ўсталявалася цішыня. Анатоль выйшаў на край сцэны, бліжэй да людзей і, нібы не сваім голасам, пачаў:

— Вітаю вас, дарагія людзі! Пачынаем першае сваё выступленне менавіта перад вамі, нашымі аднавяскоўцамі, нашымі землякамі. Мы не артысты...

— А калі не артыст, злазь са сцэны! — пачулася з залы.

Гэта быў Васіль Селівончык, які «не прасыхаў», і цяпер уставіў сваё.

На яго зашыкалі з усіх бакоў:

— Яшчэ раскрыеш рот, выпхнем з клуба!

Анатоль, магчыма, збіраўся казаць яшчэ штосьці, але пасля такіх выбрыкаў Селівончыка, аб’явіў першы нумар выступлення:

— Песню: «Ой рэчанька, рэчанька» выканае ўсім знаёмая Ніна Раінчыкава.

Сам жа хуценька ўзяў у рукі гармонік і стаў побач са спявачкай.

Голас Ніны быў усім вядомы — чысты, напеўны, прыгожы, не горшы, чым у прафесійнай спявачкі. А сёння ён гучаў асабліва пранікнёна і душэўна, таму песня зачаравала ўсіх прысутных.

Шчырыя і працяглыя апладысменты абнадзеілі і Анатоля, і усіх тых, хто чакаў сваёй чаргі і выхаду на сцэну.

Па-сутнасці, песні, якія гучалі са сцэны, былі добра вядомыя тагачасным людзям. Хто ж тады не замілоўваўся словамі: «...Гэта ты мая, зорка ясная, ты любоў мая непагасная», альбо «...на каліну-маліну прылятала зязюля, на дзяўчыну Галіну заглядаўся Януля».

Для Анатоля пік хвалявання быў тады, калі ён, абвясціўшы сваё выступленне, пачаў выконваць песню «Матуля»:

 

Быццам светлая раніца новага дня

Ты даўно на нагах, нібы сну не было.

То не сонца ўзыйшло, а твая дабрыня,

То вачэй тваіх, маці, ласкавых святло...

 

І далей гучаў прыпеў песні:

 

Ой, матуля, прысядзь

адпачні ад дарог,

Ад руплівых гадоў,

ад вірлівых падзей.

Каб я сілы свае

перадаць табе мог,

Ты бы стала

на многа гадоў маладзей...

 

Анатоль спяваў і ў яго слёзы засцілалі вочы, бо ён бачыў у зале сваю маці, якая ледзь паспявала выціраць рогам хусціны свае слёзы. Астатнія жанчыны ўспрымалі словы песні так, быццам яны тычыліся іх, а таксама выціралі ўзмакрэлыя вочы.

Калі песня скончылася, у зале працягвала панаваць цішыня. Анатоль пахаладзеў — няўжо не спадабалася слухачам яго выкананне?

І раптам на яго абрынуўся шквал апладысментаў. Паўза пасля песні была выклікана заглыбленасцю слухачоў, асабліва жанчын, у сутнасць блізкай усім тэмы.

Анатоль у душы трыумфаваў — і не толькі, як спявак, выканаўца, але і таму, што і верш, і музыка да яго былі напісаны ім.

Сёння гэта называецца нязграбным словам «бард», тады гэта было імклівасцю душы выказаць шчырыя пачуцці.

 

*

 

На шчасце, першы блін не аказаўся камяком. Слых пра незвычайны канцэрт разляцеўся па вёсках, па навакольных і далёкіх.

Цяпер Анатоль планаваў «гастролі» свайго калектыву з размахам. Кожны вялікі населены пункт прагнуў запалучыць самадзейных артыстаў. Ды не ў кожным населеным пункце было памяшканне, прыдатнае для выступлення. Але акрыленым выступоўцам дастаткова было і пляцоўкі пад адкрытым небам, бо збіраліся людзі і чакалі глыточку духоўнай прыгажосці сярод штодзённай працы. Анатолеў калектыў сустракалі з нязменнай радасцю і шчырай гасціннасцю.

Праўда, аднаго разу атрымалася непрадбачаная замінка. У вёску Рогава, дзе быў невялічкі клуб, перадалі пра нейкага пасрэдніка, што ў бліжэйшую нядзелю адбудзецца выступленне шапялёўскага самадзейнага калектыву.

І вось у згаданы дзень, прыехаў Анатоль са сваімі артыстамі ў Рогава, а на дзвярах клуба — замок. Ці той пасрэднік не перадаў рогаўцам аб канцэрце, ці загадчык клуба забыўся, невядома. Дапамог усё той жа знакаміты вясковы слых, дзякуючы якому, праз нейкіх паўгадзіны і клуб адчыніўся, і людзі сабраліся.

Вымушаны быў Анатоль адхіліцца ад кананічнага пачатку канцэрту і праспяваць першай песню, якую ні ў водным выступленні і не спяваў, бо яна не ўпісывалася ні ў якія канцэртныя рамкі. А сёння — самы раз! Словы песні клаліся на вядомую ўсім мелодыю «Адзінокі гармонік».

 

Дзень паціху на захад падаўся,

Цёплы вечар на вуліцы стаў.

Каля клуба, што не адчыняўся,

Адзінокі гармонік зайграў.

 

Непрыемна яму і нялюба

Аднаму між задворкай блукаць.

Ён шукае загадчыка клуба

І не можа ніяк адшукаць.

 

— І куды ты, каханы зашыўся? —

З гукаў музыкі чуецца так,—

Эх, каб ты скрозь зямлю праваліўся,

Абібок, дармаед і лайдак.

Апладысменты і смех напоўнілі клуб.

З залы чулася:

— Брава!

— Будзе ведаць, як ставіцца да працы!

— А можна на «біс»?

Чуткі пра шапялёўскі клуб, які доўга лічыўся «мёртвым», а цяпер гудзе сваёй самадзейнасцю на ўсю акругу, дайшлі і да раённага аддзелу культуры.

Таму Анатолю было перададзена праз сельскі савет, што ў Шапялі кіруецца прадстаўнік аддзелу культуры, і што пажадана ў гэты дзень сабраць усіх самадзейных артыстаў.

Такое ж паведамленне атрымала і афіцыйная загадчыца клуба.

І вось настаў такі хвалюючы дзень, нават больш хвалюючы, чым выступленне перад людзьмі.

У прызначаны дзень і час у клубе, прыцішана, як вераб’і, шчыльным гуртком сядзелі тыя, хто нарабіў столькі шуму на ўвесь раён. Сярод сваіх артыстаў-аматараў сядзеў, сціснуўшыся ў камяк, і Анатоль. Ці ж гэта жарты, у вясковую глыбінку прыехала раённая шышка. І прыехала невядома чаго — ці стружку здымаць, ці хваліць? Асобна ад гурта моладзі сядзела і загадчыца клуба.

Вось гэтая «шышка» — Сцяпан Сцяпанавіч, усміхнуўся і пытаецца:

— Ну, хто з вас такі малайчына? Сазнавайцеся!

Усе разгублена пераглянуліся і, як па камандзе, паказалі на Анатоля.

— Вось ён... наш Анатоль...

Сцяпан Сцяпанавіч падыйшоў да хлопца і паклаў яму на плячо руку.

— Вось ты які, самародак! Дык гэта ты зрабіў падарунак усім нам?

Анатоль зачырванеўся і выдыхнуў:

— Гэта яны.. Што я адзін?.. Гэта мы ўсе.

— Малайцы! Малайцы вы ўсе і кожны паасобку! Дык ведайце, што раённы аддзел культуры заўсёды і ва ўсім падтрымае вас.

Затым запытаўся:

— А як і на чым вы дабіраецеся да розных населеных пунктаў? Не пешшу ж?

Анатоль з гонарам адказаў:

— Калгас выдзяляе нам машыну! Тут праблем няма.

Сцяпан Сцяпанавіч, быццам толькі цяпер заўважыў загадчыцу клуба:

— Ну, а ваша якая роля ў тым, што адбываецца? Чым дапамагаеце моладзі?

Загадчыца блытана пачала тлумачыць:

— Я што?.. Я ім дазваляю карыстацца клубам... Я нават ключы ад клуба перадала ім. Я заўсёды...

Доўга яшчэ сядзеў з моладдзю прадстаўнік раёну, цікавіўся пра асабістае жыццё кожнага, пытаўся пра планы на будучыню і зноў жа абяцаў падтрымку.

 

*

 

Анатоль скончыў дзесяты клас і, як і ўся моладзь яго ўзросту, рыхтаваўся стаць паўнапраўным калгаснікам. Марыў паступіць на курсы трактарыстаў і зрабіцца кваліфікаванай калгаснай «шышкай».

Але раптоўна, зноў жа праз сельскі Савет, атрымаў запрашэнне аж у Мінскі раённы аддзел культуры.

Паколькі Мінскі райвыканкам, а ў ім і раённы аддзел культуры, знаходзіліся ў Мінску, Анатоль, з галавой, поўнай пытаннямі, накіраваўся ў сталіцу.

Якое ж было яго здзіўленне і разгубленасць, калі яму, васемнаццацігадоваму хлопцу, прапанавалі пасаду загадчыка Шапялёўскага сельскага клуба.

Гонар ад такой прапановы ён адчуў значна пазней, зараз жа ён не мог вымавіць слова, таму што здзіўленне і разгубленасць падмацоўваў спалох. У галаве яго віхурылі думкі, душу перапаўняла бура пачуццяў.

Нарэшце, як скрозь туман, да яго даляцелі словы загадчыка аддзела культуры:

— Не вагайся, Анатоль! У цябе ўсё атрымаецца, у цябе ўжо шмат чаго атрымалася. Кіруй і ведай, што мы заўсёды побач!

Вось так Анатоль вяртаўся ў сваю вёску, да сваіх сяброў загадчыкам клуба. Пасада па тых часах — ого-го якая!

 

*

 

Першае, што асабліва кінулася яму ў вочы, хоць і раней гэта заўважаў — няўтульнасць, абшарпанасць унутранага выгляду клубнага памяшкання. Хацелася чысціні і ўтульнасці. Але як пазбавіцца і гэтай шэрасці і будзёнасці. Анатоль разумеў, што сельскі клуб — гэта храм культуры, у якім павінна адчувацца святочнасць і ўрачыстасць. Малады ці сталы чалавек, пераступіўшы парог клуба, і сам павінен быў адчуць сябе па-іншаму, па-святочнаму.

Анатоль сабраў актывістаў самадзейнасці, якім выклаў сваю заклапочанасць і свае мары. Аказалася, што і ім не падабаюцца шэра-змрочныя драўляныя сцены, зацухмоленыя лавы, затаптаная і ні разу не мытая падлога. На сцэне адсутнічала заслона з таканіны, а без яе ўся падрыхтоўка да выхаду спевакоў ці танцораў была бачная гледачам, што пазбаўляла і адных, і другіх нечаканасці падзеі. На «голыя» вокны прасіліся фіраначкі. Ды й нейкі лозунг-заклік, модны ў тыя часы, не пашкодзіў бы.

Усё гэта абмеркаваўшы, актывісты вырашылі, што шпалеры на сцены купяць у складчыну, лавы пафарбуюць, падлогу выскрабуць ды вымыюць, а вось вялізную заслону ім не адужаць. Тканіна, тым больш з мудрагелістымі размалёўкамі, каштуе не мала, фіранкі на вялізныя вокны, таксама.

Анатоль падахвоціўся ехаць у раённы аддзел культуры, і напомніць ім пра абяцанне падтрымліваць моладзь ва ўсіх іх намаганнях.

І работа закіпела.

 

*

 

Вёска Шапялі была не дужа вялікая — нейкіх трыццаць двароў. Але, калі ўлічыць тое, што ў тыя гады, амаль у кожнай хаце было па аднаму, а то і па два чалавекі моладзі, можна ўявіць, які гэта быў рухава-маладзёжны час. Побач жа іншыя, няхай сабе крыху меншыя вёскі, але і там «буяла» моладзь.

Вось чаму кожную суботу і нядзелю, то там, то тут, ладзіліся вечарынкі. Маладыя сэрцы шукалі выхад сваім пачуццям і эмоцыям.

Перыядычна ладзіліся і ў згаданым клубе і розныя мерапрыемствы, і тыя ж вечарынкі. Наймалі, зноў жа ў складчыну, гарманіста, якіх у той час было не мала, і моладзь танчыла амаль усю ноч, да раніцы.

Адрамантаваны ж клуб, сапраўды здаваўся храмам духоўнасці. Ён у сярэдзіне пасвятлеў ад чысцюткіх шпалераў, ад рознакаляровых фіранак, ад пафарбаваных лаў і вымытай падлогі. Асаблівым Анатолевым гонарам была прыгожая, багатая на выгляд заслона, якая адгароджвала сцэну ад залы. Клуб набыў даволі цывілізаваны выгляд.

Але разам з гэтым утульным выглядам, Анатоль набыў сабе новы галаўны боль.

Не сакрэт, што ў вёсках і сёння мужчыны (а цяпер ужо і жанчыны) кураць дзе папала. Гаспадары дымяць у сваіх хатах, супрацоўнікі розных прадпрыемстваў — на сваіх працоўных месцах.

Тады было тое ж самае. Але самы жах быў у тым, што падпітыя хлопцы курылі свае самакруткі ў той, даволі невялікай хаце, дзе адбываліся танцы. Калі стаіш у адным куце, тых, хто знаходзіўся ў куце процілеглым, немагчыма было ўбачыць. А калі і бачыў праз сцяну дыму, не пазнаваў, хто там стаіць. І гэта лічылася нормай. Анатоль бачыў, як, бывала, ноччу прачынаўся яго тата, круціў самакрутку і сядзеў на ложку, курыў. І гэта лічылася нормай.

І ён цвёрда вырашыў не дапускаць курэння ў клубе падчас любых мерапрыемстваў.

 

*

 

Анатоль кожны дзень шыбаваў на працу прыкладна ў дванаццаць гадзін дня. Адлегласць у пяць кіламетраў адольваў даволі лёгка. У кішэні альбо нейкай сетачцы нёс між двух лустачак хлеба кавалачак сала, а калі было, і бутэлечку малака. Трэба ж было хоць трохі перакусіць, бо з працы вяртаўся кожны раз за поўнач.

Назад ішлося больш марудна, бо было цёмна настолькі. што дарогі не было відаць. Ды і дарогі, як такой, не было — толькі коньмі пракладзеная. Бывала, глядзеў уверх, на неба, і па прасветах між дрэў арыентаваўся, куды паварочваць.

Але і гэта было не галоўнае. Галоўным быў страх. Ваўкоў у тыя часы ў лясах хапала, рысяў было не менш. І хоць гэтае звяр’ё, не чуваць было, каб нападала на чалавека, усё роўна страх халадзіў кроў не горш таго марозу.

Анатоль ведаў, чытаў, што драпежнікі, асабліва ваўкі, праяўляюць цікаўнасць да чалавека, і нярэдка ўпотай суправаджаюць яго па лесе.

І таму, калі ў поўнай цямнечы, крыху збоку ў лесе пад нечай нагой альбо лапай суха трэскаўся сучок, Анатоль халадзеў, бо адчуваў, што хтосьці, нейкі звер, кіруецца побач.

Анатолева маці ніколі не клалася спаць, чакала сына, хвалявалася.

— Як мне не падабаецца, сынок, твая начная хада праз лес.— скардзілася яна.

Анатолю самому гэтыя начныя пераходы не падабаліся, але не кідаць жа любімую працу з-за нейкіх там ваўкоў.

Ён даўно прыкмеціў у Шапялях прыблуднага сабаку, невядомай яму пароды. Пазней высветлілася, што гэта не сабака, а сучка, чорнай масці, высачэзная, на доўгіх тонкіх лапах. Казалі, што ў ёй ёсць штосьці ад дога. Ёй адразу далі сабачае імя — Багіра.

Вось гэта Багіра даўно ўжо пакутавала ў Шапялях.

Чаму пакутавала? Таму, што амаль у кожнага гаспадара быў свой невялічкі сабачка. Пры тым, той, хто меў сабаку, меў менавіта невялічкага, бо пракарміць вялікага сабаку было складана — хаця б парсюк не галадаў. А тут Багіра. Ледзь не цяля. Таму яна моцна падгаладоўвала і была даволі худая. У дадатак да ўсяго, яе праганялі прэч ад сваіх сядзібаў, не хацелі пракормліваць.

Анатолю было шкада Багіру і ён дзяліўся з ёй сваім сціплым абедам і ніколі не праганяў ад сябе.

Праўда, усё ж праганяў яе, калі ноччу, адыходзячы з працы, яна ўвязвалася за ім — баяўся, што застанецца ў яго вёсцы, ля яго хаты, а там — іх «посны стол» не пракорміць гэтае «цяля».

Калі ж у цемры лесу патрэскваў сучок пад нечай лапай, Анатоль уздыхаў: «— Эх была б са мной Багіра...»

 

*

 

Танцы ў клубе, як заўсёды, пачыналіся з «Полькі». Маладыя ногі патрабавалі рухавасці, і яны з імпэтам і падскокам выстуквалі абцасікамі па падлозе бадзёры рытм неўміручасці жыцця.

«Галаўны боль» Анатоля, нягледзячы на кідкі надпіс на сцяне «не курыць!», праявіўся адразу. Хлопцы, «заліўшы за каўнер», задымілі самакруткамі.

Анатоль падыйшоў да гарманіста і сціснуў гармонік. Усе здзіўлена павярнуліся ў яго бок — чаму сціхла музыка?

Анатоль рашуча і зычна, каб чулі ўсе, абвясціў:

— Я прашу ў клубе не курыць! Можна пакурыць на вуліцы. Інакш танцаў не будзе!

— А гэта што, твой клуб? — пачуўся голас ўсё таго ж Селівончыка, які падчас першага тут канцэрту таксама выкрыкваў з месца, пры тым курачы сваю самакрутку.

Хтосьці падтрымаў крыкуна:

— А ты што, Анатоль, напудрыўся? Ха-ха-ха!

Некалькі дзявочых галасоў падтрымалі Анатоля:

— Ды не курыце вы, хлопцы! Вунь якая прыгажосць кругом. Майце сумленне!

Нехта з курцоў пайшоў усё ж з клуба, нехта тут жа працягваў пыхкаць.

Гарманіст цяпер ужо зайграў любімы моладдзю вальс — і танцы працягнуліся.

Анатоль гатовы быў да такога павароту, таму, як кажуць, не палез на ражон. Такі застарэлы вузел не рассекчы адным махам. Таму ён падыходзіў да больш цвярозых хлопцаў і кагосьці ўгаворваў, камусьці ціснуў на сумленне.

Пазней, Анатоль прыкінуў, колькі сярод яго актывістаў некурашчых і на адной з рэпетыцый, уціхую ад астатніх папрасіў іх падтрымкі, дапамогі.

Гэта спрацавала. Калі Анатоль на чарговых танцах сціснуў мяхі гармоніка і папярэдзіў, што працягу вечарынкі не будзе, калі курцы не пакінуць клуба, яго актывісты рашуча падтрымалі Анатоля.

Але падпітаму, кажуць, мора па калена, і той жа Селівончык са сваім «актывам» не толькі не перасталі курыць, а схапілі загадчыка клуба за грудзі, і толькі ўмяшанне Анатолевых сяброў уратавала яго ад кулакоў захмялелай хеўры.

І ўсё ж Анатоль настойліва працягваў ажыццяўляць перавыхаванне той меншасці хлопцаў, якім такое перавыхаванне было неабходна.

 

*

 

Самадзейны калектыў, узначалеваемы Анатолем, актыўна рыхтаваўся да прагляду раённай самадзейнасці, які меў адбыцца ў Заслаўі.

Раённы аддзел культуры не мог нацешыцца на маладога загадчыка клуба і сапраўды падтрымліваў яго маральна і матэрыяльна.

На апошнюю, перад раённым праглядам, генеральную рэпетыцыю, прыехаў сам старшыня сельскага Савету Шапавальскі Віталій Сяргеевіч.

Анатоль свята верыў у камуністычныя ідэалы, як і большасць людзей таго часу, таму канцэртную праграму вырашыў адкрыць песняй:

 

Будет людям счастье,

Счастье на века.

У советской власти

Сила велика...

 

І ўсё ж канцэртны рэпертуар пераважвалі песні вясковыя, народныя.

Сафія Станкевіч, як самавучка, акампаніравала сабе на баяне і спявала любімую ўсімі песню:

 

Ці ўсе лугі пакошаны,

Ці ўсе сенажаці?

Пытаецца сын у мацеры,

Ды каторую браці?..

 

Галасістая, мясцовая эстрадная зорка, Ніна Раінчыкава, пад акампанемент на гармоніку Анатоля звонка і настраёва праспявала частушкі:

 

І гародніна прыбрана,

І жніво завершана.

Я, іду на ферму рана,

На сцэну першая.

 

Танцоры заліхвацкі «выдалі» «Лявоніху».

Затым хорам праспявалі знакамітую партызанскую Алоўнікава «Ой бярозы і сосны...»

Калі скончылася рэпетыцыя, Віталій Сяргеевіч шчыра апладыраваў і гэтак жа шчыра сказаў:

— Дзе ўзяць словы, каб выказаць вам дастойную падзяку! Я бачыў і чуў сапраўдных артыстаў! Малайцы! Усе, як адзін, малайцы! Сёння ж патэлефаную старшыні Мінскага райвыканкаму і падрабязна дакладу яму свае ўражанні. І хоць я ў самадзейнай творчасці — аматар, усё ж бяру на сябе смеласць прадказаць вам вялікі поспех на раённым праглядзе самадзейных калектываў, дзе будуць вылучаць лепшых на абласны прагляд.

Спадзяюся... Ды што там спадзяюся! Упэўнены, што мы сустрэнемся на абласным фестывалі.

 

*

 

Пасля рэпетыцыі і дэталёвых абмеркаванняў з моладдзю будучага раённага свята, Анатоль нырнуў у цемру і падаўся дадому.

Сёння цемра здавалася густой і чорнай, як ніколі. Але на душы ў хлапца было светла і радасна. Столькі ўкладзена працы, столькі душы кожнага ўдзельніка самадзейнасці, што хлопец адчуваў гонар і за сябе, і за сваіх сяброў. Ад нахлынуўшага шчасця ён сабраўся заспяваць, як раптоўна прама перад ім вырас нейкі цень, абрысам напамінаўшы чалавечую постаць. Было настолькі цёмна, што Анатоль падумаў, што яму падалося. Ён, на ўсякі выпадак, спалохана спытаўся:

— Хто тут?

Але раптам адчуў моцны ўдар у твар, ад якога, а больш ад нечаканасці паваліўся, як падкошаны. У вачах закарагодзілі рознакаляровыя агні, ад чаго навокал зрабілася яшчэ больш чорна.

Анатоль адчуў удар нагой па скабах. Ён ускочыў, разумеючы, што ляжачы не зможа нават адхіляцца ад удараў.

Цяпер ён заўважыў не толькі спераду, але і з двух бакоў гэткія ледзьве бачныя чорныя постаці незнаёмцаў. Магчыма, гэта былі яго знаёмыя, але распазнаць іх у цемры не было магчымасці. Да таго ж, паводзілі яны сябе моўчкі, ведаючы, што галасы выдадуць іх.

— Што вам трэба? Хто вы? — крыкнуў Анатоль.

Але новы ўдар, цяпер ужо збоку, зноў зваліў яго з ног. Анатоль ліхаманкава зразумеў, што тут, у лесе ён можа і загінуць.

Раптам пачулася нейкае гырканне і рык, і штосьці ці хтосьці абрынулася на Анатолевых крыўдзіцеляў.

Па начной цішы разанулі крыкі незнаёмцаў:

— Во-о-ой! Ая-я-яй! Уцякайма, хлопцы!

Анатоль ад здзіўлення і новага страху так і заставаўся ляжаць. Нечакана той таямнічы хтосьці падбег і, горача дыхаючы, лізнуў яго ў шчаку.

— Багіра? — выдыхнуў Анатоль.— Багіра! — цяпер ужо ўголас ускрыкнуў ён і ўскочыў на ногі.

Багіра, а гэта была яна, стала на заднія лапы, а пярэднія паклала хлапцу на грудзі, пры гэтым зноў лізнула яго, цяпер ужо ў бараду.

Анатоль моцна абняў сваю выратавальніцу.

— Багірачка! Родная! Як ты тут апынулася? Дзякуй табе, родненькая!

Так яны і стаялі пасярод начнога лесу — дзве шчырыя душы, два чыстыя сэрцы.

Анатоль схамянуўся:

— Пайшлі! Пайшлі дамоў! Цяпер у цябе будзе свой дом і ніхто болей не будзе зваць цябе прыблудай.

І яны бадзёра пайшлі — Анатоль дадому, а Багіра — насустрач новаму жыццю.

Багіра бегла наперадзе свайго, цяпер ужо гаспадара, і Анатоль хутчэй адчуваў яе прысутнасць па гарачаму дыханню сучкі, чым бачыў сваю спадарожніцу. І хоць балела сківіца і, пры ўдыханні паветра адчуваўся боль у баку, хлопец быў шчаслівы ўдвая — і за сябе, і за Багіру.

Праз нейкі час, Анатоль сустрэў у Шапялях Сілівончыка, рука якога была забінтаваная, побач з ім накульгоўваў на адну нагу яго сябар Шыдловіч. Абодва, як па камандзе, крутнулі ўбок, каб не сустракацца з Анатолем. Але хлопец і да гэтай сустрэчы здагадваўся, хто пераняў яго ў начным лесе.

Багіра ж цяпер кожны дзень, нібы штатны супрацоўнік, ішла з Анатолем на працу і кожную ноч вярталася побач з ім дамоў. Начныя пераходы з такой аховай, болей не палохалі Анатоля.

А як жа закончыўся раённы прагляд самадзейных калектываў?

Тут адказ можа быць толькі адзін — хто мае мэту і імкнецца да яе, у таго ўсё ў жыцці атрымаецца.

 

*

 

Анатоль Антонавіч доўга сядзеў нерухома, не жадаючы выходзіць з таго светлага і шчаслівага часу свайго юнацтва.

І не толькі ён не жадаў расставацца з тымі ўспамінамі, колькі яны, успаміны, трымалі яго ў сваіх абдымках.

Ён дастаў з шуфляды картачкі, і ўспаміны набылі зрокавую вартасць і вагу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.