epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Баявая нічыя

Хто з мальцоў-удальцоў не любіць гуляць у футбол?! Хлопчыкі ўсіх узростаў з асалодай ганяюць мяч і мараць стаць знакамітымі футбалістамі. І гэта гульня, як ніякая іншая, даступная для ўсіх аматараў гульні ў футбол, бо ў любым горадзе, у любой вёсцы заўсёды знойдзецца нейкая пляцоўка, нейкі падворак ці выган для азартных і рухавых баталій.

Паклаў на зямлю партфель, паклаў другі — вось табе і вароты. А колькі спрэчак, колькі крыкаў і спартыўнага запалу чуюць ва ўсе часы такія імправізаваныя спартыўныя пляцоўкі.

— Пас! Сюды пасуй, мне! Бі! Лупі з лёту! Эх, мазіла! А гэта ж падножка, а не падкат! Трэба біць адзінаццаціметровы! Пендаль трэба біць!..

І шмат чаго іншага, спецыфічна футбольнага можна пачуць ад юных футбалістаў.

Для малечага вуха гэта не проста крык і лямант, а музыка.

Пэўна, праз такую школу праходзілі ў свой час і Яшын, і Пеле, і Малафеяў.

Хто хоць раз ударыў нагой па футбольным мячы і адчуў, як звонка і прыемна адгукаецца ён на кожны ўдар, той назаўсёды робіцца прыхільнікам самай масавай гульні.

Менавіта гэта адбылося са Стасікам пасля таго, як ён лупянуў нагой па тугой акругласці футбольнага мяча. Нічога, што першы блін камяком атрымаўся і хлопчык разам з мячом пырнуў чаравікам у зямлю, ён ўсё роўна патрапіў у палон футбольных чараў.

Школа, дзе ён вучыўся ў другім класе, знаходзілася ў раённым цэнтры. І хоць райцэнтр нядаўна набыў статус горада, шматлікія драўляныя дамы і сады вакол школы больш нагадвалі сельскі быт, хаця цэнтр упрыгожвалі шматпавярховыя дамы і адміністрацыйныя будынкі.

Яна, Стасікава школа, сябравала з другой школай, якая знаходзілася аж у Мінску. Вучні і настаўнікі сталічнай школы былі частымі гасцямі ў раёне: прывозілі розныя кніжкі для школьнай бібліятэкі, ладзілі разам усякія віктарыны і дыспуты. Карацей, лічылі Стасікаву школу падшэфнай.

Стасік з класам не раз бываў у сваіх сталічных шэфаў, дзе, між іншым, знаходзіцца на школьнай тэрыторыі сапраўдны стадыён з абцягнутымі сеткай варотамі, бегавымі дарожкамі і трыбунамі для балельшчыкаў.

Ну, на тое яны і сталічныя шэфы, каб адрознівацца ад правінцыі.

Падчас адной такой міжкласнай сустрэчы хтосьці са сталічных вучняў прапанаваў:

— А давайце згуляем у футбол! Клас на клас! Ваша каманда «Арляня» супраць нашага «Факела».

— А калі? А дзе? А на які прыз? — пасыпаліся пытанні.

— А на нашым стадыёне! — з гонарам адказалі шэфы.— А галоўны прыз — перамога!

Стасік неяк няўпэўнена выказаўся:

— У вас?.. Ого! Я на такім стадыёне ні разу не гуляў.

— Што, слабо? Збаяліся! — ухмыльнуўся хтосьці з шэфаў.— Можа, вам яшчэ анучны мяч патрэбен?

Другі сталічны вучань перапыніў аднакласніка:

— Прычым тут анучны мячык? Да нас прыехалі сябры, і паводзь сябе з імі па-сяброўску.

— Я ж пажартаваў...

І ўсё ж, адкінуўшы жарты і колкасці, дамовіліся правесці спаборніцтва праз дзесяць дзён.

Стасік і яго каманда рыхтаваліся з усёй адказнасцю на галоўным раённым стадыёне, які адпавядаў усім спартыўным стандартам.

Праўда, стадыён быў крыху завялікі для дзіцячай каманды, а з другога боку, тут мелася магчымасць па-іншаму планаваць атакуючыя камбінацыі і абарончыя магчымасці.

А галоўнае, хлопчыкі па-даросламу адчувалі сябе частачкай вялікай сям’і славутых футбалістаў.

Закрануўшы славутых футбалістаў, трэба ўдакладніць тое, што Стасік, наслухаўшыся ад дарослых пра легендарнага Льва Яшына, добраахвотна стаў у вароты.

Да Стасіка варатаром класнай каманды «Арляня» быў Толік, але ў яго не вельмі атрымлівалася роля вартаўніка варотаў. Таму Таляна жартаўліва абазвалі варатаром-дзіркай і паставілі ў нападзенне.

І вось дзень правядзення таварыскага матча паміж дзвюма камандамі настаў. І хоць планавалася спаборніцтва паміж класамі, вучні кожнага класа разумелі, што будуць адстойваць гонар сваіх школ.

Хлопчыкі ў спартыўных формах выстраіліся ў лінейку — каманда перад камандай для ўзаемнага вітання. На сталічных вучнях была сапраўдная футбольная форма з вялікімі нумарамі на спінах.

Тут трэба сказаць, што сёння так званая правінцыя ні ў чым не адстае ад буйных гарадоў. У сельскіх і раённых школах маюцца камп’ютарныя класы, вучні, пачынаючы з першага класа, свабодна адчуваюць сябе ў інтэрнэце, бо амаль у кожнай сям’і ёсць уласны камп’ютар. Што ўжо казаць пра спартыўныя школы і секцыі! Тут — і неабходны спартыўны інвентар, і кваліфікаваныя трэнеры, і адпаведная форма.

Таму лінейка раённых футбалістаў выглядала не менш прывабна, чым іх сталічныя сапернікі.

Пасля традыцыйнага ўзаемнага «Фізкульт — прывітанне!» каманды разбегліся па сваіх паловах поля — і матч пачаўся.

О, як прыгожа было назіраць за спаборніцтвам на стадыёне. Футбалісты сталічнай школы мелі чырвоную форму і гэткага ж колеру буцы, а іх гасцей упрыгожвала зялёная, з белым арнаментам на грудзях форма. Буцы ж былі белымі і падкрэслівалі спрытнасць ног футбалістаў.

А спрытнасці і спартыўнага запалу ў хлопчыкаў абедзвюх камандаў хапала, тым больш што вакол стадыёна было вялікае мноства балельшчыкаў, як з аднаго, так і з другога боку.

Камандам неабходна было правесці на полі два перыяды па трыццаць хвілін кожны.

Хлопчыкі выкладваліся з усіх сіл, паказвалі сваё майстэрства, не забываючыся спадцішка падставіць падножку свайму занадта жваваму саперніку. Але суддзя, вучань старэйшага класа гэтай жа школы, пільна сачыў за ходам барацьбы.

А накал гэтай барацьбы ўзмацняўся з кожнай хвілінай — і адна, і другая каманда хацелі як мага хутчэй адкрыць лік.

Магчыма, вельмі хутка зрабілі б гэта гаспадары стадыёна, але Стасік стаяў у варотах, як кажуць, «мёртва». Ён «выцягваў», здавалася б, самыя безнадзейныя мячы, ён разлікова выбягаў у штрафную пляцоўку і па-яшынску выбіваў кулаком мяч далей ад варотаў.

Адчуўшы надзейнасць свайго тылу, Стасікавы сябры кінуліся ў атаку, паслабіўшы абарону, за што і паквіталіся. Адразу два нападаючыя сапернікаў апынуліся перад Стасікам і — лік быў адкрыты.

Вось што значыць саманадзейнасць і безагляднасць у футболе.

Задача для арлянятаў ускладнілася.

А футбалісты каманды «Факел», адчуўшы псіхалагічную падаўленасць сапернікаў, наваліліся на вароты Стасіка.

У адной такой штурханіне-мітусне ён, ратуючы свае вароты, адчайна кінуўся ў ногі адразу тром факельцам, накрыў сабой мяч і адчуў рэзкі боль у баку. Зрабілася цяжка дыхаць, памутнела ў вачах. Ён з цяжкасцю падняўся і выбіў мяч у поле. На шчасце, прагучаў свісток суддзі, абвяшчаючы перапынак.

На перапынку трэнер, а гэта быў звычайны настаўнік фізкультуры, які да футбола меў малое дачыненне, падбадзёрваў хлопчыкаў, гаварыў штосьці пра гонар школы, раёна, пра барысаўскую каманду «БАТЭ», затым звярнуўся да Стасіка:

— А што ты так пазелянеў? Хворы ці стаміўся?

— Усё нармальна,— адказаў хлопчык, трымаючыся за бок.

— Ты не раскісай, Стасік, у нас запаснога варатара няма.

— Сам ведаю,— коратка адказаў ён.

Другі тайм пачаўся з узаемных атак. Стасік адчуваў, што боль у баку ўзмацняецца, кожны крок востра аддаецца ва ўсім целе. Але хлопчык мужна ўступаў у барацьбу, перахапляў мяч у паветры, здымаў яго з нагі нападаючага. Ён кідаўся ў гушчу барацьбы, адстойваў свае вароты, не дазваляючы ліку павялічыцца.

Нарэшце, падчас атакі ягонай каманды Талян, якога абазвалі дзіркай і, на шчасце, паставілі ў нападзенне, эфектна паслаў галавой мяч у ніжні вугал варот факельцаў.

— Ура-а-а! — закрычаў Стасік разам з іншымі прыхільнікамі каманды «Арляня».— Ура-а-а!..— Але ад напругі боль прарэзаў ўсё яго цела. Ён сеў і скурчыўся, не ў сілах разагнуцца. Зірнуў з надзеяй на гадзіннік побач з табло — заставалася гуляць яшчэ цэлых пяць хвілін.

Чарговая атака факельцаў кацілася да яго варотаў.

«Я павінен пратрымацца гэтыя хвіліны! Я абавязаны стаць у вароты... Стаць!» — ліхаманкава падумаў Стасік і выпрастаўся, займаючы сваё месца.

Адчувалася, што гаспадароў стадыёна не задавальняе нічыйны вынік. Яны карагодзілі ля яго варотаў, стваралі адну небяспечную сітуацыю за другой.

Стасік, перасільваючы боль, рабіў усё магчымае і немагчымае, каб не даць нападаючым змяніць лік на іх карысць.

І здавалася, што ён абароніць свае вароты, але на апошняй хвіліне гульні, па меркаванні суддзі (вучня гэтай жа школы), хтосьці з арлянят парушыў правілы ў сваёй штрафной пляцоўцы. Суддзя рашуча паказаў на адзінаццаціметровую адмеціну.

Арляняты кінуліся да суддзі, абступілі яго, штосьці даказваючы яму, але той быў няўмольны.

Хтосьці з балельшчыкаў крыкнуў: «Суддзю на мыла!», але і гэта не падзейнічала.

Стасіка ўжо хістала ад болю і слабасці, але ён стаў па цэнтры сваіх варотаў. Гэта быў апошні рубеж абароны гонару класа, школы і яго самога.

Хіба мае ён права пакінуць гэты апошні рубеж?

Да мячыка на адзінаццаціметровай кропцы разваліста падышоў футбаліст у чырвонай форме. Падправіў мяч, пры гэтым непрыкметна падсунуў яго бліжэй да варотаў. Адышоўшыся на некалькі крокаў, пераможна паглядзеў у бок трыбунаў. Адтуль пачулася ў адрас Стасіка:

— Трымай плюху! Віталікавы ўдары не бяруцца!

І Віталік ударыў...

Стасік чамусьці не да месца ўспомніў свой першы ўдар па мячы, калі пырнуўся ў зямлю. Як прыемна адгукнуўся тады мяч на той першы яго ўдар...

Сёння, пасля ўдару Віталіка па мячы, ён не адгукнуўся, а выбухнуў глуха і пагрозліва, пасля чаго маланкава паляцеў у самы вугал, упрытык са штангай.

Але Стасік не менш маланкава зрэагаваў і ў неверагодным кідку намертва перахапіў мяч.

«Я зрабіў гэта! Я не адступіў!» — мільганула шчаслівая думка, але кідок быў зроблены якраз на той балючы бок, павялічыўшы боль у разы.

Падняцца самастойна Стасік ужо не мог. Не мог ён стаяць і насупраць лінейкі факельцаў, выкрыкваючы: «Фізкульт — ура!»

Стасіка тэрмінова адвезлі ў бальніцу, дзе рэнтген высветліў, што ў яго зламаныя дзве рабрыны.

Нават дактары дзівіліся мужнасці хлопчыка, які з такой сур’ёзнай траўмай працягваў стаяць у варотах. І не толькі стаяць, а змагацца да апошняй хвіліны.

На наступны дзень у палату да Стасіка прыйшлі прадстаўнікі каманды «Факел», сярод якіх быў і Віталік.

Ён узяў Стасіка за руку і ціха сказаў:

— Ты прабач мне, дружа... Гэта я тады змарозіў пра анучны мяч. Ты, Стасік, сапраўдны футбаліст, і я схіляюся перад тваёй мужнасцю.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.