epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Баль на крыві

Хвалюе сонечную даль

Вясны няўрымслівы прамень.

Але вясна нясе, на жаль,

Ў сваіх далонях вербны дзень.

 

На вербах — пчолак карагод,

Прачнуўся, рупіцца, гудзе.

Ды сумна вербам, бо штогод

Нядзеля вербная ідзе.

 

І ўшчэнт абломіцца галлё,

(Бывай, вясенні свет жывы!)

Хто упрыгожыць ім жыллё,

А хто — на продаж ля царквы.

 

І так штогод, не першы раз...

Ды тут бярозкі загулі:

— На Сёмуху ссякаюць нас

Пад самы корань, ля зямлі.

 

І упрыгожвае царкву

Забіты гай дзівосных сноў,

І сок, як кроў, цячэ ў траву —

Праз год другіх ссякаюць зноў.

 

— І ў нас жыццё смыліць, як кнот,

Ўздыхнулі елкі ў гушчары,—

Бо што казаць пра Новы год?

Нас безліч гіне без пары...

 

Вось так гамоняць з веку ў век

Ахвяры святаў і нажыў,

Ды цар прыроды — чалавек

He чуў. Ён святкаваў і жыў.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.