epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Барсучок Піма

Барсукі, як вядома жывуць у норах. Яны вялікія чысцюлі. Свае норы ўтрымліваюць у бездакорным парадку і чысціні. Больш таго, яны кожны год пашыраюць свае «апартаменты» — дакопваюць новыя норы, звязваюць іх між сабой хадамі. Свой «парадны» ўваход яны старанна маскіруюць, як і патаемны запасны выхад. Адным словам — майстры.

У адной з такіх «шматпакаёвак»-нор жыла сям’я барсукоў: бацькі і іх сынок — малады яшчэ барсучок Піма. Вось Піма і кажа аднойчы сваім бацькам:

— Мама, тата, я хачу жыць самастойна. Мне ўжо цэлых пяць месяцаў, і я шмат чаму навучыўся ў вас. Я выкапаю сваю ўласную нару.

— Што ты, сынок! — пляснула лапкамі маці.— Ці ж табе блага ў нас?

Затым звярнулася да бацькі-барсука:

— А ты што маўчыш? Скажы сваё бацькоўскае слова!

Барсук супакоіў жонку:

— Няхай ён сябе адчуе самастойным. Яго ж нара будзе побач. Па сутнасці, ён будзе жыць з намі, толькі ў сваім пакойчыку. Ён у нас разумненькі.

І пачаў барсучок Піма капаць сваю нару, злучаючы яе асобным ходам з бацькоўскімі пакоямі. Капаў ён капаў і натыкнуўся на штосьці незнаёмае. Гэта была жалезная скрыначка са шчыльнай накрыўкай.

— Мама, тата! — паклікаў ён бацькоў.— Я штосьці знайшоў!

Адкрылі скрыначку, а там... і самі не ведаюць, што там. Нейкая, цяпер ужо драўляная скрыначка з круглымі дзіркамі зверху. Над дзіркамі нацягнуты драцінкі. На драцінках-струнах ляжалі дзве палачкі. Дзіва! Барсучок Піма асцярожна пакратаў лапкай струны і яны неяк дзіўна загучалі.

У гэты час да Пімы завітаў яго лепшы сябар заяц Скок.

— Глянь, што я знайшоў! — пахваліўся Піма. Штосьці дзіўнае,— і ён зноў пакратаў лапкай струны, якія глуха загулі.

— Эх ты! — засмяяўся Скок.— Па струнах трэба не лапкай гладзіць, а біць па іх вось гэтымі палачкамі.

— Адкуль ты ведаеш? — здзівіліся барсукі.

— А я часцяком бегаю ў вёску на агароды то за морквай, то за капустай і, бывае, бачу там дзеда, які сядзіць на сваім ганку і іграе вось на такой жа штуковіне, толькі большай, дарослай. Зараз успомню, як яна называецца... Здаецца, цып... цык... цым...— успомніў! — завецца цымбалы. Вось і ты знайшоў таксама цымбалікі, відаць, дзіцячыя.

Барсучок Піма ўзяў пярэднімі лапкамі драўляныя палачкі і ціхенька ўдарыў па струнах. Якое ж было здзіўленне, калі струны мілагучна адгукнуліся.

— Вось гэта здорава! — усклікнуў шчаслівы Піма. Ён пачаў ад радасці трэнькаць па ўсіх струнах і нара напоўнілася беспарадачнымі гукамі.

— Стой, сынок, стой! — спыніў барсучка бацька.— Тут, відаць, тоіцца нейкі сакрэт. Вось ты Пімачка, і пастарайся авалодаць ім. Помніш нашу любімую песенку?

 

Утульна ў норцы нам,

Барсукам.

І мы заўсёды рады

Сябрам...

 

Паспрабуй падабраць на гэтых цымбаліках мелодыю нашай песні. А потым яшчэ што-небудзь.

І пачаў Піма настойліва авалодваць такімі чароўнымі і такімі непаслухмянымі гукамі. Ён цэлымі днямі не выпускаў з лапак цмбалікі і, нарэшце, не валодаючы нотнай адукацыяй, на слых, не толькі падабраў мелодыю любімай песенкі, але і ствараў штосьці сваё. Цяпер ён кожную раніцу перад сном,— а барсукі вядуць начны вобраз жыцця, а днём спяць у норках — дык вось, перад сном, раніцай, Піма садзіўся ля ўвахода ў нару і з асалодай іграў на цымбаліках.

Адной такой раніцай, непадалёк ад барсуковай нары ішлі два бракан’еры — Хлыст і Хват. Пачуўшы чароўную музыку, яны ціхенька падыйшлі да Пімы і не паверылі сваім вачам і вушам.

Хват схапіў з плеч ружжо і прыцэліўся.

— Не страляй! — зашыкаў на яго Хлыст.

— Гэта ж барсук! Хоць якая здабыча будзе,— запырскаў слінай Хват.

— Ты глянь! — зноў зашыкаў на яго Хлыст.— Барсук іграе на цымбалах. Мы ж азалоцімся!

Бракан’еры падкраліся да Пімы ззаду, рыхтуючыся накрыць яго курткай. Барсучок настолькі захапіўся музыкай, што нічога не зразумеў: на яго навалілася штосьці чорнае, ён паспеў толькі крыкнуць: «Ма-а-ма!», як яго падхапілі і кудысьці панеслі.

Перапалоханыя бацькі-барсукі выбеглі з нары, але Пімы нідзе не было.

Прыскакаў усхваляваны заяц Скок.

— Я ўсё бачыў! Я не паспеў папярэдзіць Піму пра небяспеку! Эх, шкада...

— Што здарылася? Дзе наш сыночак? — загаласілі бацькі.

— Яго схапілі бракан’еры. Я іх ведаю, яны з той вёскі, дзе жыве дзед-цымбаліст.

— Пабеглі туды! — сказалі барсукі.

— Не! — запярэчыў Скок.— Там сабакі, ад іх вам не ўцячы. Вы заставайцеся тут, а я скокну ў вёску і, можа, што-небудзь выведаю.

Бракан’еры Хлыст і Хват прынеслі барсучка Піму ў вёску і пасадзілі яго ў клетку.

— Ну і як мы азалоцімся? — спытаў Хват.

— Ты падумай сваёй даўбешкай,— гарачыўся Хлыст.— дзе яшчэ ў свеце можна знайсці барсучка, які б так заліхвацкі іграў на цымбалах? Мы яго заўтра адвязём у Мінск і прададзім у Дзяржаўны цырк. Уяўляеш, колькі нам адваляць грошай?!

Так і зрабілі. На наступны дзень яны баязліва пагрукалі ў дзверы дырэктара цырка. Ён уважліва выслухаў незнаёмцаў і не хаваў свайго недаверу.

— Бачу, што гэта барсучок. Бачу ў клетцы дзіцячыя цымбалікі. Ну і што? Вы хочаце, каб я паверыў вам на словы і выклаў перад вамі кругленькую суму грошай?

— Гэта не проста словы! — гарачыліся сябры.— Мы яго дзень і ноч дрэсіравалі. Зараз паслухаеце.

Хлыст і Хват смаўжамі звіваліся вакол клеткі, прасілі барсучка, пагражалі яму, але напалоханы Піма зашыўся ў куток клеткі і нават не варухнуўся.

— Вось гэта і ўсё, на што здольны ваш барсучок? — усміхнуўся дырэктар.— Не густа...

— Ну, упартая псіна,— аскаліўся Хват, выходзячы з цырка,— здзярэм мы з цябе скуру.

У гэты ж дзень заяц Скок у чарговы раз прыскакаў у вёску, куды бракан’еры ўчора прынеслі палоннага Піму. Ён ніяк не мог даведацца пра лёс свайго сябра, і вымушаны быў наблізіцца да дзеда-цымбаліста, які сядзеў на ганку і смактаў люльку.

Справа ў тым, што дзед ужо не раз праганяў Скока са свайго агарода, таму заяц і асцярожнічаў. Каб звярнуць на сябе ўвагу, Скок ціхенька кашлянуў.

— Ну што, зладзюшка-доўгае вушка, зноў прыбег на мае грады па моркву? — сярдзіта спытаў дзед.— Вось злаўлю я цябе — пакаштуеш дубца!

— Не, дзядуля, не... Я больш ніколі не буду красці ў вас моркву. Чэснае заячае!

— Так я табе і паверыў! — хітравата ўсміхнуўся дзед.— А чаго ты тут туляешся?

Заяц пасмялеў і крыху наблізіўся да дзеда.

— Здарылася бяда, дзядуля. Учора два бракан’еры з вашай вёскі злавілі майго сябра, барсучка Піму і куды яго адвезлі, я не ведаю. А той барсучок вельмі здольны: іграе на цымбалах, як і вы.

— Да ну? Няўжо іграе? — не паверыў дзед.— Ох і маніш ты, зладзюшка!

— Яшчэ як іграе! Не есці мне век морквы, калі я маню,— адказаў Скок.

— Цікава, цікава. А адкуль жа ў барсучка цымбалікі? — пацікавіўся дзед.

Скок патлумачыў:

— Ён капаў сабе норку і натыкнуўся на жалезную скрыначку, у якой ляжалі цымбалікі.

Дзед насцярожыўся:

— А нару барсучок капаў ці не ля Вапеннай Гары?

— Там, ля Вапеннай,— пацвердзіў заяц.

— Няўжо барсучок знайшоў мае дзіцячыя цымбалікі? — схамянуўся дзед.— Я ж іх адразу пазнаю, мне б толькі зірнуць на іх.

— А вы, дзядуля, што, там таксама нару капалі? Як вашы цымбалікі апынуліся аж ля Вапеннай Гары?

— Не! Разумееш, прабач, як цябе завуць?

— Скок.

— Разумееш, Скок,— ажывіўся стары і вочы яго загарэліся агеньчыкамі,— я калісьці з бацькамі жыў на хутары ля Вапеннай Гары і меў у маленстве вялікія здольнасці да музыкі. Вось бацькі і прыдбалі мне цымбалікі, як нацыянальны беларускі інструмент. І да таго я захапіўся гэтымі цымбалікамі, што адвярнуўся ад вучобы. Бацькі мне падручнікі, а я — цымбалікі ў рукі, яны мне — кніжкі, а я — цымбалю. Што бацька толькі не рабіў: і дзягай мяне частаваў, і хаваў цымбалікі, а я іх знаходзіў і барабаніў палачкамі па струнах. Нарэшце бацька ўпотай ад мяне, паклаў цымбалікі ў жалезную скрыначку і закапаў іх недзе ў лесе. Калі ж хутары пачалі звозіць у вёску, бацька спахапіўся, каб адкапаць тую скрыначку, але так яе і не знайшоў.

Дзед ажно свяціўся ад шчасця.

— Вось гэта навіну ты мне прынёс, Скок, дык навіну! Калі пацвердзіцца, што ў барсучка мае цымбалікі, можаш, Скок, не хаваючыся прыходзіць на мае грады і сілкавацца гароднінай.

Заяц смачна праглынуў слінкі.

А дзед працягваў разважаць:

— Цікава, цікава... А дзе ж ты чуў, як я іграю?

— Як вам сказаць, выпадкова,— зачырванеўся Скок.

— Ага,— усміхнуўся дзед.— лазіў у маю моркву і слухаў музыку. І за гэта дзякуй.

Скок наблізіўся да дзеда.

— Дапамажыце, дзядуля, знайсці і вызваліць майго сябра.

— Кажаш, бракан’еры з нашай вёскі? — задумаўся стары.— Не інакш як Хват і Хлыст. Дарэчы, яны сёння раніцай чагосьці паехалі ў Мінск. Баюся, што і твайго сябра павезлі туды ж. Галоўнае, каб гэтыя прайдзісветы не зрабілі чаго дрэннага з барсучком, і не знішчылі цымбалікі.

Дзед з цяжкасцю ўстаў і выпрастаў спіну.

— Вось што, Скок! Вырві ты сабе на дарогу морквы і вяртайся дадому, а я займуся пошукамі твайго сябра.

— Не! — адмовіўся заяц.— Не хачу я морквы! Не пабягу я дамоў! Я буду чакаць вас тут. Мне, дзядуля, без Пімы вяртацца нельга. Там яго бацькі ўсе вочы выплакалі ад гора.

— Тады чакай,— і дзед паклыпаў да Хлыста і Хвата.

На яго шчасце шукацелі лёгкай спажывы былі дома. Яны вярнуліся з горада і вырашалі — забіць Піму ці садраць скуру з жывога?

— Табе чаго, дзед? — спыталі бракан’еры.— Мы табе барсучка не аддадзім. Ён нам падклаў такую свінню, што ў нас рукі свярбяць здзерці з яго скуру.

Дзед не адступаў:

— Я ж у вас не задарма хачу забраць звера. Хочаце — дам грошай... ці гарэлкі...

— Добра! — згадзіліся бракан’еры.— Давай і грошы і гарэлку. Па руках!

Узрадаваны дзед схапіў клетку з барсучком і пашыбаваў да сваёй хаты.

— Ура! — закрычаў Скок, убачыўшы свайго сябра жывым і здаровым.— Дзядулечка, дзякуй вам! Пімачка, як будуць рады твае бацькі! Ура!

Дзед таксама быў задаволены.

— Крычы, Скок, яшчэ раз «ура»! Гэта мае дзіцячыя цымбалікі. Я іх адразу пазнаў.

— Ура! — зноў закрычаў Скок.— Я буду кожны дзень ласавацца морквай!

— Цяпер,— папрасіў дзед,— няхай твой сябар Піма парадуе мой слых ігрой на цымбаліках.

Скок звярнуўся да барсучка:

— Пімачка, сыграй для дзядочка. Дзядок добры, ён цябе выратаваў.

Піма вылез з клеткі, узяў у лапкі цымбалікі і сабраўся ўдарыць па струнах, але дзед спыніў яго:

— Пачакай, дружа. Я вазьму свае цымбалы і мы разам агучым маё маленства і маю старасць.

О, як было цікава чуць і бачыць на ганку двух музыкаў — старэнькага дзядка і маладзенькага барсучка, якія нараджалі чароўныя мелодыі.

Раптам побач пачулася:

— Ага, псіна ты лясная! Дзе трэба было ты адмовіўся іграць, а тут вызвоньваеш! Цяпер мы здзярэм з цябе скуру — не адкруцішся! — крычаў Хват, а з ім побач стаяў і Хлыст.

Скок і Піма ад жаху сціснуліся ў камячкі, але дзед рашуча ўстаў перад бракан’ерамі.

— Барсучка я вам не дам! Прэч адсюль!

— Наш барсучок! — хрыпелі сябры.

— Я вам аддаў за яго грошы! — не здаваўся дзед.— Ці можна ж забіваць дзіця, тым больш такі талент! Халодныя вы сэрцы!

Раптам на ганак з хаты выйшла баба з чапялой у руках:

— Хто тут на майго дзеда горла дзярэ? — і яна замахнулася чапялой на бракан’ераў.

Хлыст і Хват імгненна зніклі.

— Ху-у-ух...— з палёгкай выдыхнуў Скок.— Як страшна было.

— Ну, ідзіце з мірам,— правёў сябраў за сядзібу дзед.— Усцешылі вы мяне.

А колькі было шчасця і радасці пры сустрэчы Пімы і бацькоў. Гэта трэба было бачыць, бо словамі апісаць немагчыма.

Галоўным героем быў усё ж заяц Скок, які і дапамог выратаваць Піму. Скок сказаў барсукам:

— На жаль, бракан’еры ведаюць, дзе ваша нара і абавязкова вернуцца сюды. Я пакажу вам адно патаемнае месца ў лесе, дзе вы можаце выкапываць сабе новыя норы і дзе вас ніхто, акрамя мяне, не знойдзе.

Барсукі рушылі за Скокам да свайго новага жытла.

З аднаго боку — гэта вельмі добра, бо барсукі будуць жыць у бяспечнасці, а з другога — шкада, бо мы таго патаемнага месца не ведаем і не маем магчымасці пачуць чароўную музыку таленавітага маленькага цымбаліста.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.