epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бяда-нуда

Паэт знаёмы малады

Зрабіў заўвагу мне з ухмылкай:

— У вашых творах ёсць памылка —

Зашмат у іх нуды-бяды...

 

Што ж, кажуць, кожнаму сваё.

Я не агучваў праўду-матку:

«Ты пражыві хаця б з маё,

Перагаруй майго хоць частку».

 

Я сціпла прамаўчаў таму,

Не бараніў сваю «нуду» я,

Што ўласнае жыццё яму,

На жаль, нуды не пашкадуе.

 

Што назапашваюць гады

Для кожнага трагедый нізку —

І горкія пуды нуды,

І страту самых родных, блізкіх.

 

Няхай нуда яго міне

І праз гады, аж да магілы...

Пісалася калісьці й мне

Лірычна, светла, легкакрыла.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.