epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бяда-прычэпа

Слепа хліпала газоўка,

Праз парог ступіла маці:

— Ацялілася кароўка!..

І ад мацінага слоўка

Быццам прасвятлела ў хаце.

 

Дзеці — ў радасць!

Ў тлуме, ў грудзе,

Піску ў хату напусцілі:

— Мамка! Малачко ў нас будзе!

— Maмка! Масельца ў нас будзе!

— Будзе, дзеткі, адпасцілі.

 

Трэба грэць ваду — я хутка,

Бацька там саломку сцеліць,

Бо ляжыць наша Малютка —

Бог памог яе расцеліць.

 

Тут ускочыў бацька ў хату,

Ў самы тлум дзяцей-гарэзаў.

Дзеці абступілі тату,

Ён прамовіў вінавата:

— Ўсё... Ляжыць пластом... Дарэзаў...

 

Маці — ў жах. З раскрытым ротам,

Каля печы як абмёрла,

Выдыхнула: — Што ты? Што ты?

— Мусіў... Кроў пайшла праз горла.

 

Дзеці ў голас: — Татка! Татка!

Маці — ўперад галавою:

— А дзіцятка?! А цялятка?!

Што з ім? Як яно?

— Жывое.

 

О бяда... Бяда-прычэпа,

Й самых бедных не мінае...

Зноў смыліць газоўка слепа,

Ноч у вокны зазірае.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.